Разам з міграцыяй дзікіх пералётных птушак узнікае пагроза заражэння крылатых хваробай Ньюкасла, якую яшчэ называюць псеўдачумой. Яна вірусная, распаўсюджваецца і працякае хутка. Паражаюцца органы дыхання, страўнікава-кішэчны тракт і цэнтральная нервовая сістэма. Пры вострым цячэнні хваробы гіне 60-90 % птушкі. Успрымальныя да яе ўсе з атрада курыных: куры, індычкі, цацаркі, фазаны, паўліны і іншыя. Найбольш уразлівыя маладыя асобіны. Качкі і гусі ўстойлівыя, але могуць пераносіць інфекцыю латэнтна і быць вірусаносьбітамі. Крыніцай заражэння становіцца хворая птушка ў інкубацыйным перыядзе, а таксама грызуны і дзікія крылатыя.
Перадаваць хваробу могуць неабеззаражаныя птушкапрадукты і сыравіна: яйкі, мяса, подсціл, корм, пер’е і пух ад хворых асобін. А таксама кляшчы, забруджаны выдзяленнямі заражанай птушкі інвентар і іншыя рэчы, на якіх узбуджальнік здольны захоўвацца доўгі час. Вірус хваробы Ньюкасла можа знаходзіцца нават унутры яйка і выклікаць гібель эмбрыёнаў з рознымі септычнымі змяненнямі.
Інкубацыйны перыяд доўжыцца тры – сем дзён, зрэдку дзевяць – дванаццаць. Пры імгненным цячэнні апетыт у птушкі рэзка пагаршаецца, а затым знікае. Тэмпература цела можа павышацца да 44 градусаў, з’яўляюцца млявасць, маларухомасць, сімптомы паражэння нервовай і дыхальнай сістэм, развіваецца кан’юнктывіт, мутнее рагавіца. У ротавай і носавай поласцях назапашваецца шмат слізі. Птушка чхае, кашляе, «каркае» і дыхае адчыненай дзюбай. Частая прыкмета – вадкі стул, з выдзяленнем зялёнага памёту з крывёй. Пры паражэнні цэнтральнай нервовай сістэмы хада становіцца хісткай, птушка кружыць, з’яўляюцца паралічы шыі, крылаў, ног. Смерць наступае праз тры – дванаццаць дзён пасля пачатку хваробы пры моцным знясіленні. Пры падвострым і хранічным цячэнні назіраецца павышаная ўзбуджальнасць, сутаргі, парэзы і паралічы канечнасцяў, дрыгаценне галавы, перакручванне шыі.
Лячэння ад хваробы не вынайдзена, адзіны спосаб засцерагчыся – вакцынацыя. Птушка становіцца неўспрымальнай да інфекцыі праз 48-96 гадзін пасля прышчэпкі. Для гэтага неабходна даць ёй выпіць разведзеную ў вадзе вакцыну, папярэдне вытрымаўшы асобіну без вады на працягу чатырох – васьмі гадзін. Не рэкамендуецца вакцынаваць дарослых птушак у перыяд нясення яек.
!!! Разведзеную вакцыну жыхарам Міёршчыны будуць выдаваць бясплатна па сельскіх саветах: у Міёрскім і Туркоўскім – 18 красавіка, Завуццеўскім і Язненскім – 19 красавіка, Мікалаёўскім – 20 красавіка, Новапагосцкім і Узмёнскім – 21 красавіка, Перабродскім і Павяцкім – 22 красавіка. У Дзісне і Міёрах па вакцыну звяртайцеся ва ўчастковыя лячэбніцы 19 красавіка. Пры сабе неабходна мець чысты посуд. Папярэдне пра жаданне вакцынаваць птушку паведамляйце ў райветстанцыю на нумар 5 14 36.
Аляксандр КЕЗІК