Авторизация
 

Урач Алена ПУРВЕЛЬ з Міёр: "Медыцына – тая сфера, якая ніколі не адпускае тых, хто з ёй звязаны"

 Нават калі ў вас насмарк, лепш пракансультавацца ў доктара, чым займацца самалячэннем, раіць урач – отарыналарынголаг Алена ПУРВЕЛЬ. На прыёме ў Алены Юр’еўны штодня 30 – 40 чалавек, а то і больш. Адны кабінет урача отарыналарынголага наведваюць у рамках медагляду, іншых непакояць аціты, гаймарыты, фарынгіты і іншыя захворванні вуха, горла, носа. Кожнаму доктар стараецца дапамагчы.

 

Быць отарыналарынголагам Алена Пурвель не планавала. Скончыла ў 2017 годзе Віцебскі медуніверсітэт і з дыпломам урача агульнай практыкі прыехала праходзіць інтэрнатуру ў Міёры. Тут маладому спецыялісту прапанавалі прайсці перападрыхтоўку, і ўжо ў снежні 2018-га яна прыступіла да новых абавязкаў.

 
– У першай палове дня людзей шмат. Пасля абеду наведвальнікаў менее. Акрамя прыёму ў паліклініцы кансультую хворых у стацыянары, – расказвае пра свае звычайныя будні доктар. – Разам з іншымі калегамі выязджаем на медагляды ў школы раёна, перыядычна вяду прыём у сельскіх медустановах, бо не ва ўсіх ёсць магчымасць прыехаць у райцэнтр.

 
Звяртаюцца да ўрача па розных прычынах. У кагосьці серныя пробкі ў вушах, іншых турбуе аціт. Са слоў доктара, пробкі сур’ёзнай небяспекі здароўю не ўяўляюць. Выкліканыя імі закладзенасць у вушах і пагаршэнне слыху выпраўляе троххвілінная працэдура прамывання. Кожнаму, хто прыходзіць з такой праблемай, урач нагадвае правілы прафілактыкі. Раіць не карыстацца ватнымі палачкамі, бо яны яшчэ больш утрамбоўваюць серу, чым спрыяюць утварэнню пробак. Мыць вушы трэба мізінцам, але без глыбокага пранікнення ў ракавіну. Вуха самаачышчаецца ад серы, гэты механізм закладзены прыродай, і не варта ўмешвацца.

 
Калі серныя пробкі можна назваць дробнай непрыемнасцю, то, напрыклад, гнойны аціт часам прыводзіць да сур’ёзных праблем. Нават можа даць ускладненні на галаўны мозг.
– Пры запаленчых захворваннях вуха абавязкова трэба звяртацца да ўрача і толькі па яго рэкамендацыях карыстацца тымі ці іншымі лекамі. Самалячэнне можа ўскладніць сітуацыю, – адзначае Алена Юр’еўна. – Нават пры насмарку лепш прыйсці на кансультацыю. Асабліва калі праблема стала хранічнай.

 
У прыклад доктар прывяла пацыента, які на працягу некалькіх гадоў штодня карыстаўся кроплямі ад насмарку, бо без іх не мог свабодна дыхаць. Сітуацыю можна вырашыць. Трэба прайсці пэўныя працэдуры і прыкласці асабістыя намаганні, бо гэтая залежнасць мае і псіхалагічны складнік.

 
Згодна з нарматывамі, на прыём аднаго чалавека ўрачу адводзіцца восем хвілін. Секундамер на рабочы стол Алена Пурвель не ставіць, аднак заўважае, што працаваць даводзіцца ў тэмпе. Прымае па талонах, таму важна прытрымлівацца часавых рамак, каб не стваралася чарга.

 
Пасля насычанага зносінамі рабочага дня хочацца цішыні і фізічнай актыўнасці. Рэлаксацыя для доктара – работа на зямлі. Прыемна прапалоць кветкі, узрыхліць градкі. Утульнасць у доме і прыгажосць у двары ствараюць разам з мужам Дзянісам. Дадаюць пазітыву любімыя гадаванцы – той – тэр’ер Джэсі і нямецкая аўчарка Блэк.

 
– Нездарма кажуць, што найлепшы адпачынак – змена дзейнасці, чаргаванне разумовай і фізічнай нагрузкі. Гэта сапраўды так, – усміхаецца ўрач.

 
Пераключацца з работы на вольны час доктару нескладана. Умее адпускаць думкі пра службовыя клопаты. А вось памяняць медыцынскую практыку на іншы занятак наўрад ці атрымалася б.
– У медуніверсітэт я паступала з сяброўкай. Мы разам вучыліся ў Дзісненскай школе, разам жылі ў інтэрнаце. Цяпер яна выкладае ў медкалежды, час ад часу сумуе па практыцы. Часта расказваю ёй пра розныя выпадкі на рабоце, слухае з цікавасцю, – гаворыць Алена. – Напэўна, медыцына – тая сфера, якая ніколі не адпускае тых, хто з ёй звязаны.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 24 июля 2021
Аркадий, Лев, Елена, Ольга

Именины 23 июля 2021
Александр, Антон, Георгий, Даниил, Леонтий, Петр

Госці краін

free counters
Партнеры сайта