Сдай кровь - спаси жизнь!

 Сёлета Сусветны дзень донара крыві праходзіць пад дэвізам «Здавайце кроў, няхай у свеце пульсуе жыццё». Гэтая дата – як сімвал удзячнасці людзям, якія шляхам данацыі даюць надзею і ратуюць іншых.

 

Каб мець пастаянны запас крыві і яе кампанентаў для ўсіх, хто мае ў гэтым патрэбу, краіна павінна мець донараў, гатовых добраахвотна і бязвыплатна здаваць кроў на рэгулярнай аснове. У Беларусі іх каля 100 тысяч, у Міёрскім раёне – больш за 100 чалавек. З іх 67 тысяч і 11 адпаведна ўзнагароджаны знакам адрознення «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь».

 
Па словах медсястры старшай аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Міёрскай ЦРБ Валянціны Аўсяннікавай, сёння кампаненты крыві (эрытрацыты, плазму і іншыя) выкарыстоўваюць не толькі пры аператыўных умяшальніцтвах, але і пры лячэнні розных захворванняў, таму паслуга вельмі запатрабаваная. Важна, што нават падчас пандэміі не ўзнікае цяжкасцей з забеспячэннем.

 
– Сёлета на базе цэнтральнай раённай бальніцы зрабілі тры заборы крыві, апошні – трэцяга чэрвеня. Дзякуючы адказнасці і актыўнай грамадзянскай пазіцыі нашых донараў нарыхтавалі 270 доз крыві, – расказвае Валянціна Антонаўна. – Вядзём работу па арганізацыі бязвыплатнага донарства. Таксама будзем рады папаўненню: донарам можа стаць грамадзянін Рэспублікі Беларусь ад 18 да 60 гадоў, які не мае супрацьпаказанняў, у іх ліку некаторыя інфекцыйныя і паразітарныя хваробы, новаўтварэнні, праблемы з эндакрыннай сістэмай і парушэнні абмену рэчываў, псіхічныя захворванні і г. д. Калі жадаеце падзяліцца сваёй крывёй, звяртайцеся ў Міёрскую ЦРБ ў рабочыя дні з 8.00 да 17.00 па нумары 5 18 20.

 

10 чэрвеня ў Палату прадстаўнікоў унесены законапраект «Аб змяненні законаў па пытанні донарства крыві і яе кампанентаў». Галоўнае новаўвядзенне – донарства будзе бязвыплатным, гэта міжнародная практыка. Тым, хто здае кроў бясплатна, кампенсуюць выдаткі на харчаванне для аднаўлення пасля працэдуры. Іншымі словамі, донары не атрымліваюць выгады, але і не нясуць фінансавых затрат. Між тым, па словах першага намесніка міністра аховы здароўя Алены Богдан, неабходна прапрацаваць розныя праграмы лаяльнасці для тых, хто дзеліцца сваёй крывёй бязвыплатна, зыходзячы з вопыту іншых краін.

 

Алена ВАРОНІНА

Фота для ілюстрацыі.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.