Авторизация
 

Што значыць - быць адказным за сваё здароўе? Спыталі ў жыхароў Міёршчыны

 Дрэннае самаадчуванне – нагода прыслухацца да свайго арганізма. Задумацца, чым шкодзім яму. Аднак наракаем на дрэнную экалогію, спадчыннасць, да апошняга адцягваем візіт да ўрача. Вынікі не прымушваюць сябе чакаць. Што значыць быць адказным за сваё здароўе, спыталі ў жыхароў Міёршчыны.

 

Ірына КУЛЕШ, медработнік, шматдзетная маці:
– Кожны з нас нясе адказнасць за стан свайго здароўя, і перш за ўсё – перад самім сабой. Нямногія задумваюцца над тым, чаму хварэюць, губляюць сілы, дае збоі імунітэт, адкуль бяруцца лішнія кілаграмы. Мы прывыклі лічыць гэта непазбежным нават у актыўным узросце, а ў старасці – тым больш. Між тым стан арганізма – гэта вынік нашага ладу жыцця. І я як маці траіх дзяцей нясу больш адказнасці. Дарослыя павінны быць прыкладам, бо звычкі фарміруюцца з маленства. Мы ў сям’і імкнёмся прытрымлівацца раскладу дня, правільна харчавацца, шмат рухацца, мець хобі, выказваем свае меркаванні і слухаем адзін аднаго. Сёлета спрабуем загартоўвацца – бегаем басанож па снегу пасля парылкі.

 

Аксана ДЗЕМІДЗЁНАК, страхавы агент:
– Добра ўмацоўваюць імунітэт прагулкі на свежым паветры. Мне па рабоце нярэдка даводзіцца хадзіць пешшу. Калі дзеці былі маленькія, мы ўсёй сям’ёй часта адпачывалі на прыродзе. У выхадныя шмат гулялі, нягледзячы на надвор’е. Нядаўна прыязджалі дзеці, яны ўжо дарослыя, а традыцыя засталася – каталіся з горкі на санках. Стараюся правільна харчавацца, не маю шкодных звычак. Разлічваю толькі на свой арганізм і, як магу, падтрымліваю яго. Усёй сям’ёй п’ём вітаміны, ужываем сезонныя фрукты і агародніну. Аддаём перавагу дамашнім, а вось магазінныя – на выгляд прыгожыя, але ці ёсць карысць? Яшчэ страхую сваіх блізкіх ад няшчасных выпадкаў, бо не заўсёды наша бяспека залежыць толькі ад нас.

 

Вітольд ЕРМАЛЁНАК, гісторык, краязнаўца, актыўны турыст:
– Пра сваё здароўе неабходна клапаціцца самому. Ні адзін урач не дапаможа, калі ўспамінаць пра гэта час ад часу. Для мяне перш за ўсё быць здаровым – гэта не мець шкодных звычак, па-другое – весці здаровы лад жыцця. Па-трэцяе, сцерагчыся рызыкоўных учынкаў, напрыклад, акуратна ездзіць на машыне, не лезці на тонкі лёд.

 

Ларыса ЛАПКОЎСКАЯ, педагог:
– Я з дзяцінства не вызначалася моцным здароўем, таму даводзіцца ўсё жыццё пра яго клапаціцца. У школе перанесла цяжкае захворванне, таму заўсёды памятаю, што мне можна, а што нельга. Не ўжываю спіртное, займаюся спортам на фізкультурна-аздараўленчым комплексе, летам хаджу на ёгу, шмат плаваю. Калі адчуваю недамаганне, імкнуся наведаць урача. Са школы вырвацца не заўсёды проста, але ёсць канікулы, ды і намеснік дырэктара ставіцца з разуменнем: мяняе расклад заняткаў, каб мы паспявалі на працэдуры. Нашы медыкі – добрыя і чулыя людзі. У прынцыпе, здаровым чалавекам быць не так складана: прыслухоўвайся да сябе, не парушай правілы, выконвай прадпісанні, своечасова звяртайся да ўрача, рабі прышчэпкі. А яшчэ пазітыўна стаўся да ўсяго. Жыць – гэта вялікае шчасце, у якім, на жаль, на нашай зямлі па розных прычынах многім адмоўлена. Таму да кожнага свайго дня трэба адносіцца з вялікай радасцю і ўдзячнасцю, каб падаўжаць, а не скарачаць жыццё. Правядзіце яго паўнавартасна і прыгожа, у поўным здароўі і пры ясным розуме.

 
Алена ВАРОНІНА.

Фота для ілюстрацыі.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 1 марта 2021
Даниил, Илья, Макар, Павел, Памфил, Порфирий, Самуил, Юлиан

Именины 28 февраля 2021
Алексей, Арсений, Иван, Михаил, Николай, Павел, Петр, Софья, Афанасий, Семен

Госці краін

free counters
Партнеры сайта