Шок, страх, адчай… Цяжкія эмоцыі адольваюць нас, калі даведваемся, што не стала блізкага чалавека. Раптоўным быў яго сыход ці верагодным, не мае значэння. Горыч незаменнай страты перажываем аднолькава балюча. Як справіцца з сабой і сваімі пачуццямі ў няпросты перыяд, раскажа псіхолаг ТЦСАН Зінаіда РАВЕЦКАЯ.
- Засабістага вопыту адзначу, што ў выпадку страты сваяка ці блізкага сябра паняцце «чаканае гора» не да месца. Нават калі ў чалавека невылечная хвароба і на гэтым свеце ў яго засталіся лічаныя дні, маральна падрыхтавацца немагчыма. Колькі ні прадумвай сітуацыю, яна ў любым выпадку стане шокам і нечаканасцю. Прычына ў тым, што падсвядома мы ўсё роўна пераконваем сябе, што ўсё абыдзецца, – гаворыць Зінаіда Феафанаўна. – Звестка, што блізкага чалавека больш няма, «заглушае» тую частку розуму, якая адказвае за рацыянальную ацэнку сітуацыі, з-за чаго ўзнікаюць праблемы ў зносінах, вы адчуваеце сябе бездапаможным, разбураецца сістэма прыярытэтаў.
Развітанне з блізкім чалавекам назаўсёды – цяжкае, журботнае. У такіх выпадках кажуць, што боль вылечыць час. Як дапамагчы сабе і тым, хто побач, у самы складаны перыяд?
– Пераадолець яго без сур’ёзных наступстваў дапаможа веданне тэорыі пяці стадый, праз якія праходзіць кожны, хто сутыкнуўся з цяжкай стратай. Першая стадыя – адмаўленне. Пагаршаецца фізічнае і духоўнае здароўе. Як вынік – зніжаецца апетыт, парушаецца сон, затарможваюцца рэакцыі. Узнікаюць апатыя, абыякавасць да падзей. У большасці людзей стадыя адмаўлення доўжыцца каля двух тыдняў. Калі шокавы стан змяняецца рэзкім усплескам эмоцый, які суправаджаецца слязамі, – гэта сведчыць пра надыход стадыі гневу.
Колькі яна доўжыцца і як уплывае на стан і паводзіны?
– Працягласць стадыі гневу – каля месяца. Гэта перыяд самых моцных перажыванняў і стрэсаў. Усе думкі пра таго, каго не стала. Чалавек адчувае сябе пастаянна стомленым і слабым, яго адольвае пачуццё віны, асабліва, калі пайшоў з жыцця блізкі, пра якога клапаціўся ў яго апошнія дні. Адчуванне сябе вінаватым, хоць гэта зусім не так, прыводзіць да эмацыянальных зрываў на акружэнні і на самім сабе.
Стадыя гневу мінула. Як далей будзе адчуваць сябе чалавек, які страціў блізкага?
– Трэцяя стадыя – торг. Наступае перыяд, калі дрэнныя дні змяняюцца добрымі і наадварот. Чалавек пачынае задумвацца пра сваю будучыню. Час ад часу адчувае сябе лепш, аднак станоўчыя эмоцыі вельмі хутка змяняюцца адчаем, і зноў узнікаюць злосць і агрэсія. З-за пастаянных і рэзкіх перамен у настроі можа аслабіцца імунітэт, узнікае рызыка віруснай інфекцыі, хутка страчваецца вага.
З якімі іспытамі давядзецца сутыкнуцца далей?
– Самая небяспечная стадыя – дэпрэсія. Чалавек знаходзіцца ў стане поўнай дэзарыентацыі і неразумення таго, што адбываецца. Адчувае сум і журботу, часам агрэсію, хутка стамляецца. Па сутнасці, усе ранейшыя эмоцыі і пачуцці праяўляюцца максімальна. Гэта прыводзіць да замкнёнасці, пазбягання зносін. У такі перыяд прыходзіць поўнае ўсведамленне, што блізкага не вернеш. Узнікаюць думкі пра далейшае жыццё, аднак дэпрэсія скіроўвае іх у негатыўнае рэчышча. Доўжыцца гэты перыяд некалькі тыдняў, можа расцягнуцца на гады.
Калі становіцца лягчэй?
– Пятая, заключная стадыя – змірэнне. Нельга сказаць, што боль змяншаецца, аднак чалавек пачынае глядзець на сітуацыю пад іншым вуглом, усведамляе, што трэба рухацца далей. Кульмінацыя – станоўчыя думкі і эмоцыі пры ўспамінах пра блізкага, якога ўжо няма; праяўленне цікавасці да жыцця і сваёй будучыні.
Перажываючы страту, кожны чалавек праходзіць праз гэтыя пяць стадый?
– У прынцыпе так. Канешне, у кожнага з нас індывідуальная псіхіка і прадказаць чыюсьці рэакцыю на сумную падзею практычна немагчыма. Да падобных абставін мы ставімся па-рознаму. Хтосьці перажыве вышэйпералічаныя этапы за некалькі месяцаў, у кагосьці яны доўжацца гадамі. У некаторых пераадоленне стадый праходзіць у іншым парадку. Важна памятаць, што дэпрэсія і апатычны стан – самыя складаныя бар’еры на шляху да нармальнай жыццядзейнасці. Яны становяцца прычынай пакут не толькі для самаго чалавека, але і для тых, хто яго акружае.
Дзе шукаць суцяшэнне і выйсце з палону пакут?
– Для вернікаў будзе апорай рэлігія. Пастаўце свечку ў царкве, пагутарыце са святаром. Важна прыняць рашэнне вярнуцца да поўнага жыцця, у якім абавязкова знайсці месца для надзеі. Паступова адыходзьце ад мінулага і будзьце ў цяперашнім. Не трэба саромецца сваіх пачуццяў і хаваць іх ад блізкіх. Нельга замыкаць гора ў сабе. Дзяліцеся перажываннямі з сябрамі. Пагутарыце з людзьмі, якія таксама перажылі страту. Гэта дапаможа разабрацца ў сабе. Падтрымлівайце іншых. Старайцеся ўраўнаважыць работу і адпачынак. Кідацца ў працу з галавой – не выйсце. Арганізм і так слабее. Усвядомце, што жыццё працягваецца. Вы патрэбныя сваім родным і сябрам. Трэба жыць. Дзеля сябе і тых, хто побач, прыносячы ім радасць.
Гутарыла Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота для ілюстрацыі.