Шукаем лёгкія шляхі да добрага самаадчування разам з доктарам Таццянай БАНДАРЭВІЧ.
Чорныя бясформенныя пакрытыя трэшчынамі нарасты на ствалах дрэў. Так выглядае грыб чага. Унутраная яго частка дравяністая жаўтавата-карычневая з мноствам светлых пражылак. Грыб можа дасягаць вялікіх памераў і важыць тры – пяць кілаграмаў. З даўніх часоў яго прымяняюць у народнай медыцыне.
- Чага ўтрымлівае біялагічна актыўныя рэчывы, якія валода- юць агульнаўмацавальным, танізуючым, супрацьзапаленчым і абязбольвальным уздзеяннем. Гэтым абумоўлены лекавыя ўласцівасці грыба-шматлетніка. Таксама ён з’яўляецца выдатным антымікробным і антысептычным сродкам, – распавядае Таццяна Філіпаўна.
Расце чага на ствалах бярозы, алешыны, рабіны, клёна, вяза. З кожнага дрэва можна здымаць грыб для лекавых мэт?
– Выразнымі лекавымі ўласцівасцямі валодае толькі чага, што расце на бярозах. З даўніх часоў грыб прымянялі для лячэння хвароб страўніка, нырак, расціралі адварам хворыя суставы. У нашы дні ў афіцыйнай і народнай медыцыне чагу выкарыстоўваюць для лячэння органаў дыхання, страўніка (язвы, гастрыты), у комплексным лячэнні псарыязу, захворванняў печані. У некаторых мясцовасцях, напрыклад, на Далёкім Усходзе, настой і адвар чагі п’юць замест чаю. Як сведчаць медыкі, жыхары гэтых раёнаў менш хварэюць на рак.
Бярозавы грыб з’яўляецца сродкам прафілактыкі анкалогіі? У чым яшчэ яго адметнасці?
– Супрацьпухлінны эфект чагі тлумачыцца наяўнасцю ў яго саставе птэрыну, які складана знайсці ў звычайных прадуктах харчавання. Экстракт чагі стрымлівае рост пухлін, развіццё метастазаў, здымае болі на позніх стадыях пухліннага працэсу. Прымяняюць чагу ў дамашніх рэцэптах супраць выпадзення і для ўмацавання валасоў, змяншэння тлустасці скуры галавы, прафілактыкі перхаці.Прэпараты з чагі выкарыстоўваюць для ўмацавання імунітэту, стымуляцыі цэнтральнай нервовай сістэмы, як агульнаўмацавальны сродак.
У які час выпраўляцца ў бярозавы гай за натуральным лекавым сродкам?
– Нарыхтоўваць чагу можна круглы год, аднак найбольш спрыяльнымі сезонамі лічацца вясна і восень. Не трэба збіраць грыб з мёртвых дрэў, бо яго біялагічная актыўнасць вельмі зніжаецца. Важна не пераблытаць чагу з трутавіком. Нарасты здымаюць сякерай ці пілой. Затым ад грыба аддзяляюць унутраную светлую частку, яе не выкарыстоўваюць.
Грыб сабралі, прынеслі дадому. Што далей?
– Чагу можна выкарыстоўваць у свежым і сушаным выглядзе. Пасля сушкі грыб становіцца цвёрдым, таму лепш наразаць яго невялікімі кавалачкамі. Сушаць у памяшканні, якое добра праветрываецца, у печы ці ў сушылцы пры тэмпературы ў 50 – 60 градусаў. Захоўваюць у палатняных мяшочках.
Як ужываюць чагу?
– Гатуюць настоі. Самы просты: заліць здробненую чагу кіпенем у прапорцыі 1 : 5, настойваць не менш за паўтары – дзве гадзіны. Піць за 30 хвілін да прыёму ежы. Настой трэба развесці вадой, можна дабавіць мёд.
Яшчэ адзін рэцэпт. Чагу вымыць і замачыць у гатаванай вадзе на ноч. Размяклы грыб пацерці на тарцы. Заліць гарачай вадой, у якой вымачвалі, у прапорцыі 1 : 5, настойваць двое сутак. Пасля працадзіць і захоўваць у халаднаватым месцы не больш за чацвёра сутак. Піць настой па палове шклянкі тры разы на дзень да прыёму ежы. Пры злаякасных утварэннях – па шклянцы тры разы на суткі.
Нарыхтоўка чагі і прыгатаванне настояў патрабуюць часу. Ці можна знайсці альтэрнатыву ў аптэцы?
– Ёсць такі прэпарат. Гэта «Бефунгин» – паўгусты экстракт чагі. Яго рэкамендуюць пры язвавых хваробах страўніка і дванаццаціперснай кішкі, хранічных гастрытах, анеміі, дыскінезіях страўнікава-кішэчнага тракту. Тры чайныя лыжкі разводзяць у 150 мл вады і прымаюць па сталовай лыжцы тры разы на дзень за 30 хвілін да прыёму ежы. Курс тры – пяць месяцаў з перапынкамі па сем дзён штомесяц.
Ці ўсім падыходзіць чага ў якасці лекавага сродку?
– Бярозавы грыб практычна не мае супрацьпаказанняў за некалькімі выключэннямі. Прымяняць яго нельга цяжарным і пры індывідуальнай непераноснасці. Нельга сумяшчаць з прыёмам антыбіётыкаў пеніцылінавага раду.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фота з архіва рэдакцыі і з адкрытых інтэрнэт-сродкаў.