Калі на змену калядным і навагоднім святам прыходзяць звычайныя зімовыя будні, многім яны здаюцца нават не шэрымі, а чорнымі. Як распазнаць постнавагоднюю дэпрэсію і дзе шукаць ад яе паратунак, расказвае псіхолаг ТЦСАН Зінаіда РАВЕЦКАЯ.
– Зімовай парой наша паўсядзённасць змяняецца. На вуліцы холадна, светлавы дзень кароткі, на працу і дадому ідзём у цемры. Пасля святочнай мітусні складана вярнуцца да звычайнага рытму, – гаворыць Зінаіда Феафанаўна. – У гэты час і каравуліць нас постнавагодняя дэпрэсія. Распазнаць яе можна па наступных прыкметах: рэзкія змены настрою, агульны стан прыгнечанасці, упадак сіл (энергія не аднаўляецца нават пасля добрага якаснага адпачынку), парушэнні апетыту, у тым ліку поліфагія – схільнасць да пераядання, заядання стрэсу.
У чым прычыны такога стану?
– Іх некалькі. Па-першае, напрыканцы года шмат спраў на рабоце, трэба падвесці вынікі, ацаніць зробленае і нерэалізаванае. Па-другое, бярэ сваё фінансавы складнік: патраціўшы грошы на падарункі і прадукты да навагодняга стала, застаёмся са сціплымі запасамі. Па-трэцяе, наводзяць сум няспраўджаныя мары пра цуд. Тут не самую лепшую ролю адыгрываюць казкі і фільмы навагодняй тэматыкі. Хэпі-энд на экране часам стварае ілюзію не толькі ў дзяцей, але і ў дарослых. Параўнанне рэальнасці з казачнымі сюжэтамі схіляе да перажыванняў пра няскладнае жыццё. Па-чацвёртае, пагаршае сітуацыю алкаголь, без якога ў многіх не абыходзяцца святочныя дні. Спіртное толькі ўзмацняе негатыўныя перажыванні. Па-пятае, забірае сілы лішак зносін з людзьмі, асабліва не самымі блізкімі, напрыклад, падчас карпаратываў.
Ці ёсць універсальны рэцэпт прафілактыкі і лячэння постнавагодняй дэпрэсіі?
– Кожны выпадак патрабуе індывідуальнага падыходу. Аднак ёсць агульныя правілы, якіх можа прытрымлівацца кожны:
- змены ў жыцці не залежаць ад дат календара. Жадаеце добрых перамен – складзіце план дзеянняў і выконвайце пункт за пунктам;
- рыхтуючыся да святаў, дзяліце абавязкі паміж блізкімі і сябрамі. Узровень стрэсу будзе меншы, а часу на адпачынак больш;
- падтрымлівайце зносіны з роднымі і блізкімі не толькі па святах, тады пасля ўсіх урачыстасцей не ўзнікне адчуванне адзіноты і спустошанасці. Будзьце ініцыятарам сустрэч, хаця б раз на тыдзень праводзьце час разам;
- займайцеся дабрачыннасцю, не адмаўляйце ў дапамозе блізкім, нават у дробязях;
- хваліце сябе за поспехі. Не варта канцэнтравацца на тым, чаго не паспелі дасягнуць;
- уключыце ў рацыён прадукты, што садзейнічаюць выпрацоўцы гармонаў радасці – сератаніну і эндарфінаў. Гэта бананы, інжыр, мёд, горкі шакалад, чырвоны перац;
- у складаных выпадках не саромцеся звяртацца па псіхалагічную дапамогу.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фота для ілюстрацыі.