Рэкамендацый па прафілактыцы каронавіруснай інфекцыі шмат. Галоўныя: трымаць дыстанцыю ў грамадскіх месцах, пазбягаць блізкіх кантактаў з людзьмі, насіць сродкі індывідуальнай аховы, не датыкацца да твару, часцей мыць рукі, выкарыстоўваць санітайзеры.
Важная роля і добра ўмацаванага імунітэту. Цяпер актыўна даследуецца патэнцыяльная карысць у прафілактыцы пяці кампанентаў. Іх вызначылі эксперты, якія вывучалі практыку і пратаколы, распрацаваныя вядомым амерыканскім спецыялістам, прафесарам, загадчыкам аддзялення пульманалогіі і інтэнсіўнай тэрапіі Медыцынскай школы Усходняй Вірджыніі Полам Марыкам. Па меркаваннях урачоў дапамагчы супрацьстаяць COVID-19 могуць:
ВІТАМІН С
У развіцці інфекцыйных хвароб дыхальных шляхоў вядучая роля акісляльнага стрэсу. Ён зніжае імунітэт, правакуе пашко- джанне тканак лёгкіх і развіццё запалення. Менавіта лёгкія паражае новы каронавірус. Вітамін С, які мае антыаксідантныя і супрацьзапаленчыя ўласцівасці, садзейнічае нейтралізацыі шкодных свабодных радыкалаў і абароне клетак лёгкіх ад іх агрэсіўнага ўздзеяння. Яшчэ гэта прызнаны імунастымулятар. Узмацняе выпрацоўку бялкоў інтэрферонаў, якія ўступаюць у барацьбу з вірусамі аднымі з першых.
ВІТАМІН Д3
Гэта комплексны рэгулятар імунітэту. Пры дастатковым паступленні ў арганізм узмацняецца супрацьвірусная абарона. А ў замежных навуковых аглядах паказана яго роля ў зніжэнні рызыкі інфекцый дыхальных шляхоў. Такі «бэкграунд» дазваляе меркаваць, што вітамін Д можа быць карысным у прафілактыцы каронавіруснай інфекцыі.
Вучоныя з Вялікабрытаніі паспрабавалі выявіць залежнасць паміж сярэднімі паказчыкамі ўзроўню вітаміну Д у насельнікаў той ці іншай краіны і колькасцю выпадкаў COVID-19. Мала яго ў арганізме жыхароў Італіі, Іспаніі і Швейцарыі, асабліва сярод пажылых. Менавіта тут адзначана высокая смяротнасць ад новай інфекцыі. Нягледзячы на тое, што методыка даследавання і вывады крытыкавалі, у вялікім значэнні «сонечнага» вітаміну для нашага здароўя сумненняў няма.
Пры дэфіцыце ўльтрафіялетавых промняў парушаецца выпрацоўка вітаміну Д. Яго недахоп не мае ярка выражаных сімптомаў у дарослых. Могуць быць болі ў касцях і мышцах, слабасць, зніжэнне настрою і імунітэту, санлівасць і хранічная стомленасць. Аднак толькі па самаадчуванні вызначыць, чаго не хапае арганізму, немагчыма, неабходны аналіз крыві на кальцый і вітамін Д.
ЦЫНК
У перыяд пандэміі ва ўсіх краінах свету заўважылі высокі попыт на прэпараты цынку, што невыпадкова. Яго недахоп зніжае актыўнасць імуннай сістэмы. Цяпер вывучаецца здольнасць цынку блакіраваць актыўнасць ферменту РНК-полімеразы каронавіруса і перашкаджаць яго размнажэнню. Таксама мяркуецца, што гэты мікраэлемент можа знізіць актыўнасць другога важнага ферменту – АПФ2, за кошт узаемадзення з якім вірус пранікае ў клетку. Хто ведае, можа новыя прэпараты для абароны ад каронавіруснай інфекцыі будуць утрымліваць у тым ліку цынк. Для гэтага ёсць перадумовы.
ДЫГІДРАКВЕРЦЭТЫН
У амерыканскіх пратаколах выкарыстоўваецца кверцэтын. У нашым выпадку гэта падобнае па малекулярнай будове і функцыях рэчыва са складанай назвай дыгідракверцэтын – біяфлаваноід лістоўніцы сібірскай, які добра вядомы не толькі ў Расіі, таксама ў Амерыцы і Еўропе пад назвай «Таксіфалін».
Дыгідракверцэтын – унікальны прыродны біярэгулятар з шырокім спектрам дзеяння. Гэта эталонны антыаксідант, які перашкаджае разбурэнню клетачных мембран свабоднымі радыкаламі і развіццю запалення. Адначасова з гэтым ён садзейнічае павышэнню кіслароднага і энергетычнага забеспячэння клетак.
Яшчэ дыгідракверцэтын умацоўвае сценкі сасудаў і паляпшае мікрацыркуляцыю, валодае імунамадулюючымі, супрацьвіруснымі і цэлым шэрагам іншых уласцівасцей, якія дапамагаюць падтрымліваць функцыянальную актыўнасць лёгкіх. Дадзеныя даследавання з Кітая паказваюць, што дыгідракверцэтын вельмі перспектыўны супраць каронавіруса.
МЕЛАТАНІН
Якую карысць у абароне ад інфекцый можа аказаць «укалыхвальны гармон»? Так, ён вядомы як рэгулятар цыклу бадзёрасці і сну. Але гэта не адзіная ўласцівасць. Мелатанін – унікальная малекула, якая аказвае рэгулюючае ўздзеянне на многія фізіялагічныя функцыі і працэсы ў арганізме, валодае антыаксідантным, супрацьзапаленчым і імунамадулюючым эфектамі. Снатворнае яму ў дадзенай сітуацыі толькі ў плюс. Добра вядома, што хранічныя парушэнні сну павышаюць рызыку інфекцыйных захворванняў. Яшчэ мелатанін мае супрацьтрывожныя і антыдэпрэсіўныя ўласцівасці, дапамагаючы тым самым не панікаваць і не баяцца хваробы.
Для падтрымкі імунітэту ў перыяд вірусных атак пералічаныя прэпараты рэкамендуюць прымаць комплексна. Распрацавана і схема, але ўсё індывідуальна, таму трэба кансультавацца з урачом.
Па матэрыялах друку
падрыхтавала Наталія СТАНКЕВІЧ.
Фота для ілюстрацыі.