Риск заражения коронавирусом сведем к минимуму

 Міністэрства аховы здароўя зацвердзіла рэкамендацыі па прафілактыцы каронавіруса для арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў. Яны накіраваны на зніжэнне рызыкі распаўсюджання інфекцыі і захаванне здароўя насельніцтва ва ўмовах пандэміі.

 

Перш за ўсё ўстаноўленыя правілы маюць дачыненне да работнікаў і наведвальнікаў камерцыйных і некамерцыйных арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, індывідуальных прадпрымальнікаў, але іх могуць узяць на заметку суб’екты гаспадарання ўсіх форм уласнасці. У прыватнасці, наймальнікі пры магчымасці і з пісьмовай згоды супрацоўнікаў павінны перавесці як мага больш людзей на дыстанцыйную работу ці прадугледзець гнуткі графік. На ўдалёнку першай справай накіроўваюцца асобы з груп рызыкі. У працоўных калектывах належыць абмежаваць правядзенне сходаў, семінараў, канферэнцый з колькасным складам звыш пяці чалавек. Лепш аддаваць перавагу відэа- і тэлеканферэнцыям, электроннай пошце, тэлефоннай і факсімільнай сувязі. Варта пачакаць з камандзіроўкамі, асабліва ў краіны з небяспечнай эпідабстаноўкай па каронавірусу. Рэкамендавана забараніць візіты чужых асоб без неабходнасці на прадпрыемствы і ў арганізацыі.

 
Працоўныя калектывы павінны быць забяспечаны месячным запасам сродкаў індывідуальнай абароны, дэзынфектантамі і антысептыкамі з абавязковым своечасовым папаўненнем запасу і кантролем за правільным іх выкарыстаннем. Перад пачаткам працоўнага дня кожнаму супрацоўніку належыць прайсці праз так званы ўваходны фільтр, што мае на ўвазе тэрмаметрыю і ацэнку стану здароўя на наяўнасць прыкмет рэспіраторнай інфекцыі.

 
Пры ўборцы памяшканняў трэба апрацоўваць дзвярныя ручкі, парэнчы, камп’ютарныя клавіятуры і мышкі, тэлефоны, іншыя кантактныя паверхні, рэгулярна праводзіць дэзынфекцыйныя мерапрыемствы ў месцах агульнага карыстання і праветрываць памяшканні.
У рамках сацыяльнага дыстанцавання неабходна на чвэрць скараціць кантакты на рабоце. Для гэтага па магчымасці варта мінімізаваць прамое ўзаемадзеянне паміж структурнымі падраздзяленнямі, арганізаваць работу ў некалькі змен, размясціць супрацоўнікаў па асобных кабінетах.

 
У аб’ектах грамадскага харчавання столікі павінны расстаўляцца з дыстанцыяй не менш за паўтара метра, пераважна выкарыстоўваць аднаразовыя посуд і прыборы. Абслугоўваючы персанал павінен працаваць у масках ці ахоўных шчытках і пальчатках. Аказанне паслуг па курэнні кальянаў у кафэ і рэстаранах пакуль спыняецца.

 
У магазінах і на рынках прадукты павінны рэалізоўвацца ўпакаванымі. У залах самаабслугоўвання пакупнікам дазваляецца самастойная фасоўка толькі тавараў ва ўпакоўцы вытворцы (напрыклад, цукерак), свежых фруктаў і агародніны, якія можна памыць перад ужываннем.
Пры дастаўцы тавараў на дом варта прадугледзець анлайн-аплату за заказ і дастаўку да дзвярэй, каб пазбегнуць кантакту кур’ера са спажывальнікам.

 
У цырульнях, салярыях, пральнях і іншых прадпрыемствах бытавога абслугоўвання, а таксама ў спартыўных установах, банках, на пошце аказваць паслугі насельніцтву павінны пераважна па папярэднім запісе з інтэрвалам паміж кліентамі не менш за 5 – 10 хвілін. Пры наяўнасці яўных сімптомаў ВРІ наведвальніку маюць права адмовіць у паслузе.

 
Шэраг правіл абазначаны для саун, басейнаў, аквапаркаў, аэрапортаў, кінатэатраў і іншых аб’ектаў з масавым знаходжаннем людзей.
Рэкамендацыі не распаўсюджваюцца на ўстановы аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, выпраўленчыя, воінскія часці, ваенныя навучальныя ўстановы і арганізацыі Узброеных Сіл, падраздзяленні МНС, МУС, КДБ, дзе дзейнічаюць асобныя патрабаванні да санэпідрэжыму. З поўным пералікам рэкамендацый можна азнаёміцца на сайце Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

 
Па матэрыялах друку.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.