На фоне пандэміі COVID-19 ЮНЭЙДС заклікае краіны не скарачаць намаганні па прафілактыцы ВІЧ, паклапаціцца, каб у людзей быў доступ да паслуг, якія дапамогуць ім абараніцца, пазбегнуць дыскрымінацыі і гвалту, а таксама захаваць іх правы.
Штогод у трэцюю нядзелю мая ва ўсім свеце ўзгадваюць памерлых ад СНІДу. Дзень памяці для таго, каб мабілізаваць грамадства, прымусіць задумацца, што праблема ВІЧ-інфекцыі можа закрануць кожнага з нас. Сёлета прафілактычная работа арганізавана пад дэвізам «Здароўе і дабрабыт для ўсіх людзей. Талерантныя адносіны да кожнага чалавека. Выкананне правоў».
Па статыстыцы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у свеце звыш 37,9 мільёна чалавек інфіцыраваны ВІЧ. Каля 35 тысяч памерлі ад СНІДу і спадарожных хвароб з пачатку эпідэміі. У той жа час дзякуючы дасягненням медыцыны ВІЧ – не смяротны прысуд. Своечасова пачаўшы лячэнне анцірэтравіруснымі прэпаратамі і падпарадкоўваючыся рэкамендацыям урача, можна доўга і паўнацэнна жыць.
У Беларусі захоўваюцца тэмпы прыросту колькасці выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, зарэгістравана каля 30 тысяч. Пераважае палавы шлях перадачы – звыш 82 працэнтаў. Часцей рэгіструецца сярод асоб ад 30 да 45 гадоў (60 працэнтаў усіх выпадкаў). З кожных дзесяці чалавек шэсць – мужчыны.
У Віцебскай вобласці на 1 красавіка 2020 года зарэгістравана 1 583 выпадкі ВІЧ-інфекцыі, з якіх 342 з лятальным зыходам. Таксама пераважае палавы шлях перадачы. Часцей за ўсё заражаюцца ва ўзросце ад 30 да 39 гадоў (43 працэнта). У Міёрскім раёне зарэгістравана 12 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі, сем жывуць з гэтай хваробай, пяць памерлі.
СНІД не будзе развівацца, калі ВІЧ-пазітыўны чалавек як мага раней даведаецца пра свой ВІЧ-статус; рэгулярна будзе наведваць урача-інфекцыяніста, праходзіць абследаванні, падпарадкоўвацца схеме прыёму лекаў.
Усё часцей гучыць заклік да тэсціравання і саматэсціравання на ВІЧ. Па выніках за І квартал 2020 года, ведаюць пра свой ВІЧ-пазітыўны статус 86,1 працэнта людзей ад іх ацэначнай колькасці – 26 тысяч чалавек, знаходзяцца на лячэнні 82 працэнты; невызначальная вірусная нагрузка дасягнута ў 77,7 працэнта.
У наш час прафілактыка ВІЧ-інфекцыі носіць комплексны характар і накіравана на змяненне рызыкоўных паводзін на бяспечныя, фарміраванне адказных адносін да свайго здароўя і схільнасць да здаровага ладу жыцця.
Фота для ілюстрацыі. Алена ТАНКАВІД, урач-эпідэміёлаг (загадчык аддзела).