У сувязі з сезонным пад’ёмам захворваемасці вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі, а таксама пагаршэннем эпідэміялагічнай абстаноўкі, выкліканай каронавірусам COVID-2019, нагадаем асноўныя правілы. Іх выкананне дазволіць істотна знізіць рызыку інфіцыравання.
Гігіена рук!
Чыстыя рукі – гарантыя таго, што не будзеце распаўсюджваць вірусы, інфіцыраваць сябе, калі датыкаецеся да рота і носа, і акружаючых – праз паверхні. Як мага часцей, асабліва вярнуўшыся з вуліцы і грамадскіх месц, перад і пасля прыёму ежы мыйце рукі з мылам ці выкарыстоўвайце сродкі для дэзынфекцыі. Іх ці сурвэткі насіце з сабой, каб своечасова выдаліць вірус са скуры.
Рэгулярная вільготная
ўборка!
Праводзьце рэгулярную вільготную ўборку памяшканняў, чыстку і дэзынфекцыю паверхні з выкарыстаннем бытавых мыючых сродкаў. Звярніце ўвагу на дзвярныя ручкі, парэнчы, сталы, крэслы, камп’ютарныя клавіятуру і мышку, тэлефонныя апараты, пульты кіравання, панэлі аргтэхнікі агульнага карыстання і іншыя прадметы, да якіх датыкаецеся ў быце і на рабоце. Падтрымліваць чысціню – адно з найпрасцейшых, але самых важных правіл.
Як мага часцей і рэгулярна праветрывайце памяшканне і ўвільгатняйце паветра любымі даступнымі спосабамі.
Пазбягайце шматлюдных месц!
Скараціце час знаходжання ў месцах вялікай колькасці людзей. Пазбягайце блізкага кантакту з тымі, хто здаецца нездаровым, з прыкметамі рэспіраторнай інфекцыі (напрыклад, кашаль, чханне). Пазбягайце прывітальных поціскаў рук і пацалункаў.
Памятайце, што рэспіраторныя вірусы перадаюцца ад хворага да здаровага паветрана-кропельным шляхам (пры размове, чханні, кашлі). Таму старайцеся трымаць дыстанцыю не менш за 1 – 1,5 метра ад асоб з сімптомамі хваробы.
Выконвайце
рэспіраторны этыкет!
Прыкрывайце рот і нос сурвэткай (насоўкай) пры чханні ці кашлі. Аднаразовыя папяровыя сродкі гігіены выкідвайце адразу пасля выкарыстання. Калі нічога няма пад рукой, кашляйце ці чхайце ў згін локця. Не датыкайцеся нямытымі рукамі да носа, рота і вачэй.
Вядзіце здаровы лад жыцця. Гэта павысіць натуральную супраціўляльнасць арганізма да інфекцыі. Часцей бывайце на свежым паветры, высыпайцеся і прытрымлівайцеся правіл рацыянальнага харчавання.
***
Пры з’яўленні сімптомаў рэспіраторнай інфекцыі, у тым ліку каронавіруснай і грыпу (павышэнне тэмпературы цела, дрыжыкі, слабасць, галаўны боль, закладзенасць носу, кан’юнктывіт, кашаль, абцяжаранае дыханне, болі ў мышцах і пачуццё ламоты ў целе):
заставайцеся дома і выклікайце ўрача;
калі да з’яўлення сімптомаў у папярэднія 14 дзён былі ў краінах, дзе рэгістраваліся выпадкі COVID-2019, выклікайце хуткую меддапамогу і праінфармуйце спецыяліста;
дзеці з прыкметамі вострай рэспіраторнай інфекцыі павінны заставацца дома і не наведваць дашкольныя ўстановы і школы;
строга выконвайце прызначэнні і рэкамендацыі ўрача (пасцельны рэжым, прыём лекаў);
максімальна абмяжуйце свае кантакты, асабліва з дзецьмі, пажылымі і асобамі, у якіх хранічныя захворванні, каб іх не заразіць;
выкарыстоўвайце медыцынскую маску, калі вымушаны кантактаваць з людзьмі.
Фота для ілюстрацыі.
Галіна ФЕДУКОВІЧ, галоўны санітарны ўрач раёна.