У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва псіхолаг Зінаіда Равецкая правяла заняткі «Тваё жыццё – твой выбар!», прысвечаныя Сусветнаму дню папярэджання наркаманіі. Разам вучні школ і маладыя інваліды разбіраліся ў матывах, узнікненні і сутнасці нарказалежнасці, развейвалі міфы пра бясшкоднае спажыванне наркатычных сродкаў. Відэафільм «Бездань» вучыў падлеткаў своечасова і цвёрда казаць дозе «НЕ» .
Фельчар-валеёлаг РЦГЭ Алеся Любезных прысвяціла выступленне медыцынскім аспектам хваробы. Яна пачынацца з першай дозы, якая можа стаць апошняй. Ва ўсялякім выпадку, наркаманы доўга не жывуць, іх суправаджае мноства хвароб, амаральнасць, злачыннасць і іншы негатыў.
У выніку прынятых дзяржавай заканадаўчых мер небяспечная праява апошнім часам нібы не пашыраецца. Але яна побач і здольна захапіць новых ахвяр. Пад антынаркатычным кантролем на Віцебшчыне больш за тысячу чалавек.
Супрацоўнік РАУС Андрэй Люцкі дапоўніў статыстыку: у вобласці летась выяўлены дзясяткі кілаграмаў наркатычных срокаў, ад іх ужывання памерлі пяць чалавек, ужо сёлета трапілі на бальнічны ложак тры. Звярнуў асабліву ўвагу на меры супрацьдзеяння наркаманіі, папярэджання распаўсюджання і спажывання наркотыкаў. На асабістую адказнасць кожнага за ўласны лёс, за дабрабыт і шчасце ў сям’і. Перш чым паспытаць наркотык, трэба задумацца аб выніках. Гэта не толькі адміністрацыйнае ці крымінальнае пакаранне, але і сапраўднае рабства.
Калі ж небяспека наблізілася, не варта ўтойваць яе ад бацькоў, настаўнікаў, старэйшых таварышаў. Разам з імі трэба шукаць шляхі рэабілітацыі, уратавання. Што такое рэальна, гаварыла загадчык аддзела дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і суправаджальнага пражывання Ганна Ліскова. Самы эфектыўны сродак – пярвічная прафілактыка.
Заняткі закончыліся разборам канкрэтных сітуацый.
Фота аўтара.
Леанід МАТЭЛЕНАК.