Бактэрыялагічная зброя, распрацаваная вучонымі дзеля ваенных мэт, ці вірус, які перадаўся ад малпы чалавеку? Дакладнага адказу наконт паходжання ВІЧ няма. Аднак добра вядома, як ад яго засцерагчыся.
Ніжэй рызыка – вышэй бяспека. Трэба адказна ставіцца да свайго жыцця, тады хвароба, якую называюць чумой ХХІ стагоддзя, пройдзе міма. Пра гэта нагадалі старшакласнікам СШ № 2 у раённай бібліятэцы падчас сустрэчы напярэдадні Сусветнага дня барацьбы са СНІДам.
Пад мікраскопам ВІЧ падобны на прыгожую экзатычную кветку. Для чалавека гэтая «кветка» азначае мяжу паміж жыццём і смерцю.
Бібліятэкар Святлана Матэленак нагадала падлеткам пра асноўныя шляхі заражэння ВІЧ, пазнаёміла са статыстычнымі дадзенымі. Падчас дыскусіі разважалі, ці актуальная праблема ВІЧ/СНІД для невялікіх гарадоў, ці можна заразіцца вірусам у цырульнях або тату-салонах. Што да мер прафілактыкі, тут усё проста: нас засцеражэ наша маральнасць. Менавіта выпадковыя палавыя сувязі – асноўная крыніца заражэння ВІЧ.
Школьнікам раздалі прафілактычныя памяткі. Завяршылася сустрэча фотафлэшмобам.
ДАРЭЧЫ
Некаторыя вучоныя лічаць, што ВІЧ перадаўся чалавеку ад малпы ў сярэдзіне 20-гадоў ХХ стагоддзя. Адбылося гэта ў Заходняй Афрыцы. Да 30-х гадоў вірус сябе не праяўляў. У 70-я імкліва распаўсюдзіўся ў ЗША. Першапачаткова хваробу прымалі за пнеўманію. Сусветны дзень барацьбы са СНІДам упершыню адзначылі 1 снежня 1988 года.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.