Как бороться со СПИДом, миорским школьникам рассказали в территориальном центре

 Вірусы – нашы нябачныя ворагі. Супраць адных маем дзейсную зброю, уздзеянне іншых можна аслабіць, але не перамагчы. ВІЧ застаецца з чалавекам назаўсёды.

У пачатку зімы актыўней сочым за прагнозамі надвор’я і часцей сустракаем інфармацыю пра ВІЧ і СНІД. Сусветны дзень барацьбы са СНІДам штогод адзначаюць 1 снежня. Каб нагадаць пра небяспеку ВІЧ-інфекцыі, навучыць засцерагацца ад яе. На актуальную тэму гутарылі з міёрскімі школьнікамі ў тэрытарыяльным цэнтры.

ВІЧ і СНІД – гэта адно і тое ж? Ці можна заразіцца ВІЧ праз посуд? Існуе прышчэпка ад гэтага вірусу? Хвароба паддаецца лячэнню? Здавалася б, простыя пытанні задавала вядучая Валянціна Пундзіс падчас гульні-віктарыны. Удзельнікі часам сумняваліся ў адказах.


Пра небяспечную хваробу напісаны артыкулы і кнігі, зняты невялікія ролікі і дакументальныя фільмы. Інфармацыі шмат. Каб не заблытацца ў фактах і гісторыях, трэба акцэнтаваць увагу на галоўным. Як расказала ўрач-эпідэміёлаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Танкавід, ВІЧ жыве ў арганізме чалавека і няўстойлівы ў знешнім асяродку. Перадаецца толькі праз кроў, падчас палавога кантакту і ад маці да дзіцяці ў перыяд цяжарнасці, родаў і кармлення грудзямі. Не застрахаваны ад ВІЧ ні мегаполісы, ні правінцыя. 12 выпадкаў ВІЧ-інфіцыравання зарэгістраваны ў Міёрскім раёне з 1988 года, у тым ліку сёлета ў лістападзе – два.


Любая сітуацыя нясе ў сабе ўрок. Чаму вучыць ВІЧ/СНІД? Па меркаванні псіхолага ТЦСАН Зінаіды Равецкай, распаўсюджванне хваробы папярэджвае пра адказныя адносіны да сябе і свайго жыцця. Школьнікам параілі напаўняць свае дні канструктыўнымі зносінамі і карыснымі заняткамі, весці здаровы лад жыцця і вучыцца годна пераадольваць складанасці.


 ВІЧ/СНІД – маштабная сусветная праблема, адзначыла старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Ганна Ліскова і азнаёміла з правілам «90-90-90». Гэта азначае, што 90 % людзей павінны ведаць свой ВІЧ-статус, 90 % ВІЧ-інфіцыраваным трэба праводзіць неабходную тэрапію, у 90 % выпадкаў яна павінна быць эфектыўнай. На думку сусветнай грамадскасці, выкананне правіла знізіць вастрыню праблемы.


У пластыкавай упакоўцы з-пад «кіндара» – сюрпрыз. Што там? Яркія салодкія дражэ. Падлеткі частуюцца.
– Будзьце пільнымі, – папярэджвае вядучая. – Пад выглядам пачастункаў могуць прапанаваць штосьці шкоднае і небяспечнае.


На сустрэчы падвялі вынікі конкурсу на найлепшы матэрыял на тэму прафілактыкі наркаманіі, што праводзіў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі сумесна з раённай газетай «Міёрскія навіны». Дыплом пераможцы і падарунак атрымала вучаніца СШ № 3 імя Я. Томкі Вікторыя Конах.


У якасці постскрыптума – відэапрытча пра пустую шклянку. Спачатку ў яе паклалі некалькі шарыкаў, затым насыпалі каменьчыкаў, пасля – пясок. Калі зрабіць наадварот, то пясок зойме ўсё месца. Шклянка азначала жыццё, шарыкі – каханне, сям’ю, сяброў, шчасце, каменьчыкі – грошы, забавы, матэрыяльныя каштоўнасці, а пясок – усялякія дробязі.
А чым вы ў першую чаргу запаўняеце сваё жыццё?

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.