Праект «Я бачу!» у нашым раёне пачаўся з Узмёнскай яслі-сад – базавай школы. За работай медыкаў назірала карэспандэнт раённай газеты.
Мабільная брыгада дабрачыннага праекта працуе ў Міёрскім раёне з 3 па 16 верасня. Правераць зрок у 619 школьнікаў.
Радкі табліцы
Класны кабінет. За партамі другакласнікі. Ля дошкі – медыцынская сястра Полацкай дзіцячай паліклінікі Галіна Казанцава. Па чарзе правярае зрок у школьнікаў.
– «Б», «М», «Ш», «К»… – называюць дзеці літары, на якія ўказвае медработнік.
Адны без праблем чытаюць ніжнія радкі табліцы, у некаторых узнікаюць цяжкасці.
– Як правіла, у пачаткоўцаў зрок лепшы, чым у вучняў сярэдніх і старэйшых класаў, – заўважае Галіна.
Словы медыка пацвярджаюць вынікі агляду. З чатырох другакласнікаў толькі ў адной вучаніцы горш стала бачыць левае вока. Дзяўчынцы падарылі памятку з практыкаваннямі для вачэй.
На парце – чамадан з мноствам лінзаў. Яны патрэбны, каб правільна падабраць акуляры для дзіцяці. Пры неабходнасці доктар выпісвае рэцэпт.
Некаторыя ўзмёнскія вучні яго атрымалі.
Глядзім на носік чабурашкі
і… удалячынь
Дзіцячы ўрач-афтальмолаг з Полацка Валянціна Хамякова прымае ў школьным музеі. У памяшканні цёмна, гарыць толькі лямпачка на стале.
Доктар бярэ ў рукі невялікі прыбор, становіцца на адлегласці метра ў паўтара ад пацыента і просіць глядзець на носік чабурашкі. Так называе малюнак на экране апарата. Націскае на кнопку, раздаецца нямоцны гук.
– Прыбор называецца аўтарэфрактометр. З яго дапамогай вызначаем, патрэбны акуляры або не. Якаснае сучаснае абсталяванне прадастаўлена Беларускім дзіцячым фондам на дабрачыннай аснове, – тлумачыць урач. – Ліст з нашымі рэкамендацыямі занясуць у медыцынскія карты школьнікаў.
Парады ўрача індывідуальныя. Адным дастаткова практыкаванняў для вачэй, іншым трэба насіць акуляры. Некаторым праз паўгода варта зноў праверыцца.
– Цяпер шмат школьнікаў з дрэнным зрокам. Галоўная прычына – гаджаты, – канстатуе Валянціна Хамякова. – Вока дзіцяці фарміруецца, і калі на яго падае празмерная нагрузка ад манітораў, пачынаюцца праблемы. Для добрага зроку трэба шмат глядзець удалячынь. Карысныя гульні на свежым паветры. Аднак дзеці куды больш часу бавяць у тэлефонах і за камп’ютарамі.
Па словах урача-афтальмолага, вучням-пачаткоўцам можна праводзіць за гаджатамі не больш за 15 хвілін у дзень. У сярэдніх класах – 20 – 25 хвілін, старшакласнікам – гадзіну з перапынкамі. Наўрад ці хто прытрымліваецца гэтых часавых рамак.
На прыёме шасцікласніца. У дзяўчынкі пачынае развівацца блізарукасць.
– Палепшыць ужо нельга, але можна зберагчы, што ёсць, – заўважае доктар і рэкамендуе рабіць урокі з перапынкамі і старацца абыходзіцца без камп’ютара.
ДЛЯ ДАВЕДКІ
Дабрачынны праект «Я бачу!» рэалізуецца Беларускім дзіцячым фондам і кампаніяй А1 пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя з 2016 года. Яго мэта – дыягнаставаць стан зроку і дапамагчы дзецям з сельскай мясцовасці. Віцебская вобласць – чацвёрты ахоплены праектам рэгіён. Раней прайшлі агляды школьнікі з Магілёўскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцей.
У ТЭМУ
Разам з рэкамендацыямі па доглядзе за вачыма школьнікі атрымалі сувенірную прадукцыю праекта «Я бачу!» – каляндарыкі, магніцікі і наклейкі.
Фотаматэрыял аўтара.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.