12 мая — Міжнародны дзень медыцынскай сястры
Якасць медыцынскага абслугоўвання вымяраецца дасведчанасцю ўрачоў, эфектыўнасцю лекаў і арганізацыяй работы медперсаналу. За апошняе ў паліклінічным аддзяленні Міёрскай цэнтральнай раённай бальніцы адказвае старшая медсястра Алена ЯНУКОВІЧ.
РАБОЧЫ дзень Алены Іванаўны пачынаецца з абходу. Трэба прабегчыся па кабінетах, праверыць, ці ўсё ў парадку з медабсталяваннем, ці ўсе медсёстры і санітаркі на месцах. Калі хтосьці нечакана захварэў або вымушаны адлучыцца па тэрміновых справах, аператыўна знайсці замену. Сочыць старшая медсястра за наяўнасцю медыкаментаў і перавязачнага матэрыялу. Кантралюе, як вядуць дакументацыю калегі. Арганізоўвае сярэдні і малодшы медперсанал на тэматычныя заняткі, якія праходзяць кожную сераду.
У падначаленні Алены Януковіч 66 супрацоўнікаў. У тым ліку медсёстры, якія працуюць у дзіцячых садках і школах. Да ўсіх трэба знайсці падыход.
– Ведаю свой калектыў. Камусьці трэба зрабіць заўвагу жартам, з іншым пагаварыць сур’ёзна, – кажа субяседніца. – Для мяне важна будаваць канструктыўныя зносіны з калегамі. Рада, што паміж намі ёсць узаемаразуменне.
ШТОДНЯ ў кабінет старшай медсястры заходзяць на кансультацыі калегі. Пытанні розныя: афармленне дакументацыі, заказ медыкаментаў, удакладненне рабочых графікаў. Падчас нашай размовы, якая доўжылася паўга- дзіны, тры разы стукаліся ў дзверы. Вось практыканткі з Полацкага медвучылішча Вера Ліманоўская і Кацярына Струкава зазірнулі ўдакладніць, як будуць працаваць на майскіх выхадных.
– Зараз дзяўчаты практыкуюцца ў дзіцячай кансультацыі. Летам абедзвюх чакаем на працу. Вера – міярчанка, Каця родам з Полацкага раёна, – расказвае старшая медсястра.
ПРАЦОЎНАЯ біяграфія Алены Януковіч бярэ адлік з 1994 года. Выпускніца Аршанскага медвучылішча прыехала па накіраванні ў Міёры. Пачынала працэдурнай медсястрой у тэрапеўтычным аддзяленні, затым рабіла перавязкі ў траўматалогіі. З водпуску па доглядзе дзіцяці выйшла ў 2003-м на пасаду старшай медсястры ў паліклініку. Асноўная ўвага кантролю і дакументацыі. Аднак практычная навыкі страчваць нельга. Каб навучыць маладых медсясцёр праводзіць працэдуры, трэба самой дасканала ведаць парадак дзеянняў. Набываць медыцынскую практыку Алена Іванаўна пачала з дзяцінства.
– Родам я з Язна, а мая цёця працавала правізарам у аптэцы ў Глыбокім. Калі прыязджала да яе на канікулы, брала мяне з сабой на працу. Я з цікавасцю разглядала каробачкі і цюбікі з лекамі, дапамагала расстаўляць іх на паліцах. Маімі першымі пацыентамі былі лялькі, праводзіла ім розныя працэдуры, – з усмешкай прыгадвае старшая медсястра. – Крыві ніколі не баялася. Адзінае, што дагэтуль пераношу з цяжкасцю, – калі ў мяне з пальца кроў бяруць. Нішто чалавечае медыкам не чужое.
РУХАВАЯ і энергічная на працы, дома Алена Іванаўна выбірае цішыню. Любуецца возерам, на беразе якога стаіць яе дом і куды часта падплываюць лебедзі. Атрымлівае асалоду ад клопатаў на агародзе. Цікава прымяняць на практыцы парады з любімага часопіса “Садовод и огородник”. Чытае мастацкія творы і медыцынскую літаратуру. Стараецца праводзіць вольны час з карысцю. Тады і сум не дакучае, хоць дома адна.
Муж Юрый Пятровіч, з якім пазнаёмілася, калі працаваў вадзіцелем у бальніцы, цяпер кіруе фурай і прыязджае на адпачынак раз у два месяцы. Дачка Вольга – студэнтка другога курса віцебскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта “МИТСО”. Вучыцца на юрыста. Адлегласць не перашкаджае зносінам. Муж дасылае на вайбер паведамленні і фотаздымкі мясцін, праз якія пралягаюць маршруты. Дачка па мабільным расказвае пра поспехі ў вучобе. Віншуюць маці з усімі святамі календара. І пра дзень медыцынскай сястры не забываюць.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота аўтара.