Авторизация
 

Маякоўскі: "Пляўкі забіваюць па нашай віне народу больш, чым на вайне."

 Вылечыць хваробу дапамагаюць лекі, а папярэдзіць яе — веды. На сустрэчы ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, прымеркаванай да Сусветнага дня барацьбы з туберкулёзам, гаварылі пра захворванне, ад якога ў ХІХ стагоддзі паміраў кожны чацвёрты.

Харчуйцеся збалансавана, спіце 7-8 гадзін, сябруйце з фізкультурай, ігнаруйце цыгарэты, выцірайце пыл вільготнай анучай, праветрывайце памяшканне, часцей мыйце рукі і раз на год праходзьце флюараграфію. Якія з гэтых мер прафілактыкі туберкулёзу невыканальныя? 

УДЗЕЛЬНІКАМ прапанавалі пісьмовы міні-тэст. Які мікраарганізм выклікае туберкулёз? Як узбуджальнік трапляе ў арганізм чалавека? Хто найбольш рызыкуе захварэць? Першыя сімптомы? Выбраць правільныя варыянты аказалася не так проста.


Удакладнялі і запаўнялі прабелы ў ведах разам са спецыялістам ТЦСАН Алай Федарэц, урачом-фтызіятрам Мікалаем Голубам і старшынёй раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Ганнай Лісковай.


Да месца падчас прафілактычнай гутаркі быў верш Маякоўскага:
Плевки убивают
по нашей вине
народу
больше,
чем на войне.
Товарищи люди!
Будьте культурны!
На пол не плюйте,
а плюйте
в урны.


 ТУБЕРКУЛЁЗ перадаецца паветрана-кропельным шляхам. Узбуджальнік хваробы — палачка Коха — устойлівая да знешніх умоў. У вулічным пыле захоўваецца ад двух тыдняў да месяца. У цёмным вільготным месцы — да трох гадоў. Не баіцца марозу. Вораг мікабактэрый туберкулёзу — прамыя сонечныя промні.


У арганізме чалавека палачка Коха можа жыць некалькі год, не прыносячы шкоды. Толькі пры спрыяльных для яе ўмовах пачынае паражаць органы. 


Гаворачы пра туберкулёз, маем на ўвазе лёгкія. Аднак захворванне развіваецца ў суставах, нырках, мазгавых абалонках, на скуры і вачах. Напрыклад, пра туберкулёз вачэй сведчаць іх запаленне, імклівае падзенне зроку, неэфектыўнасць прызначанага акулістам лячэння. Па словах урача-фтызіятра Мікалая Голуба, такія выпадкі рэдкія. Першыя сімптомы туберкулёзу лёгкіх — частыя стомленасць і прастуды, страта апетыту, кашаль больш за тры тыдні, часам з крывёй у макроце, боль у грудзях. У групе рызыкі — наркаманы, асобы без месца жыхарства, заўзятыя аматары алкаголю, судзімыя, што адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі. Ад туберкулёзу памірае кожны трэці хворы на СНІД.

  
У МІНУЛЫМ годзе ў Міёрскім раёне выяўлены адзін выпадак захворвання і два рэцыдывы. Лічба па краіне — 1858. Як заўважыў доктар, пры правільным лячэнні хворы на туберкулёз праз два-тры тыдні перастае быць пагрозай для іншых. Перашкодай на шляху да выздараўлення можа стаць устойлівасць да супрацьтуберкулёзных прэпаратаў. З такой праблемай медыкі знаёмы.

  
Старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Ганна Ліскова нагадала пра падпраграму “Туберкулёз”. Яна ўключана ў дзяржпраграму “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады”. Прадстаўнікі Чырвонага Крыжа ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, інфармуюць насельніцтва пра захворванне і меры перасцярогі. Пасля сустрэчы ў ТЦСАН маладыя інваліды, што наведваюць установу, раздавалі міярчанам інфармацыйныя буклеты. А перш чым адправіцца на вуліцу, аформілі на стэндзе пажаданні-парады ў выглядзе рамонка. Гэтую кветку выбралі эмблемай барацьбы з туберкулёзам як сімвал здароўя і чыстага дыхання.

ДАРЭЧЫ
Туберкулёз забраў жыццё многіх вядомых людзей. Ад яго памерлі нямецкі паэт Фрыдрых Шылер, венесуэльскі палітык Сімон Балівар, польскі кампазітар Фрэдэрык Шапэн, рускі пісьменнік Антон Чэхаў, беларускі паэт Максім Багдановіч.  

Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.   

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 апреля 2021
Алексей, Георгий, Марк, Николай, Платон, Семен

Именины 17 апреля 2021
Адриан, Вениамин, Георгий, Иван, Иосиф, Никита, Николай, Федор, Мария

Госці краін

free counters
Партнеры сайта