Авторизация
 

Як міярчанін перамог рак і што яму гэта дапамагло зрабіць

 Аляксандр РЫНКЕВІЧ упэўнены: нічога не бывае проста так. Хвароба — гэта шанц пераасэнсаваць сваё жыццё, зразумець, што робіш няправільна.

Тыя, хто перанёс анкалагічнае захворванне, лічаць за лепшае пра гэта маўчаць. Часта праўду ведаюць толькі родныя і сябры. Чалавек, якому даводзіцца змагацца са страшнай хваробай, выпадае з грамадства. Ад яго адмаўляюцца людзі, якія нядаўна лічыліся неад’емнай часткай жыцця. Аляксандр сцвярджае, што рак перавярнуў яго свет. І дзеліцца сваім вопытам з тымі, каму неабходна падтрымка і вера ў сябе.  

Сашу было 13, калі трапіў у бальніцу. Раптам стала цяжка дыхаць. Дыягназ “лімфома” не напалохаў: нельга баяцца таго, чаго не ведаеш. Вось толькі чамусьці бацькі хадзілі задуменныя і сумныя. Што значыць рак, даведаўся пазней. Але не адчайваўся і не шкадаваў сябе — наперадзе чакалі доўгія лячэнне і рэабілітацыя. Пужала толькі невядомасць.


Кажа, хвароба адсеяла многіх сяброў. Проста ў адзін момант перасталі тэлефанаваць і цікавіцца яго справамі. Некаторыя адразу прыпісалі хлопцу смяротны дыягназ і забыліся... Саша не крыўдуе і нават апраўдвае іх, у юным узросце хочацца гуляць і радавацца жыццю, а не кантактаваць з хворым.


Напачатку бянтэжыла, што людзі памянялі свае адносіны і ледзь не паказваюць пальцам. Хтосьці шчыра шкадаваў, іншыя сустрэч пазбягалі. Было непрыемна, адчуваў сябе няёмка пад пільнымі позіркамі, калі хадзіў без валасоў пасля хіміятэрапіі. З часам да такой “увагі” прывык.
Саша па натуры — баец. Любіць спрабаваць новае, а калі нешта не атрымліваецца — паўтарае яшчэ і яшчэ. Пакуль ляжаў у бальніцы, пісаў карціны і вершы, плёў з бісеру.


 — Заўважыў, што тыя, хто трымаўся на пазітыве, пераносілі хваробу лягчэй. Ставілі перад сабой мэты, марылі. Хтосьці паралельна з лячэннем атрымліваў адукацыю. У мяне таксама была мара, вельмі хацеў сабаку. Нямецкую аўчарку мне падарыў сябар.


У бальніцы — свой маленькі свет, асобнае вымярэнне. Тут час ідзе марудна, разважаеш пра сутнасць жыцця. Асабліва востра адчуваецца сувязь са сваімі каранямі, і вельмі хочацца дадому. Усё тое, што здавалася важным і патрэбным, адыходзіць на другі план.


— Вярнуўшыся, не разумеў сваіх сяброў, аднакласнікаў. Іх праблемы і інтарэсы здаваліся дробязнымі і нязначнымі. Яны змяніліся? Не, хутчэй я стаў іншым. Напэўна, заўчасна пасталеў. Хацелася жыць. Разумеў, што павінен дапамагчы сабе сам. Ратавала вера ў Бога.
Духоўны свет вабіў Сашу з дзяцінства, разам з маці хадзіў у царкву і маліўся. Калі захварэў, патрэба ў веры ўзрасла. Наогул, лічыць, што ў такой сітуацыі ўсе рознымі шляхамі прыходзяць да Усявышняга. Цяпер служыць панамаром у храме Палажэння Рызы Прасвятой Багародзіцы ва Улахерне.


— Служба ў царкве стала новай старонкай у маім жыцці. Паломніцкія паездкі і святыні надаюць энергіі і натхняюць, тут няма мірской мітусні. Вярнуўшыся дадому, адчуваеш лёгкасць і супакаенне.


Ад маладога чалавека вее цеплынёй і спакоем. На ўсё рэагуе ўдумліва і памяркоўна. Хвароба загартавала цела, жыццёвыя цяжкасці — характар, а вера — душу. Саша раіць: старайцеся бачыць навокал дабрыню, і гэты пазітыў абавязкова вернецца.


— Для хворага важная ўвага. Не шкадаванне, а менавіта стасункі і падтрымка. Хаця бываюць моманты, калі нікога не хочацца бачыць. Аднак нельга апускаць рукі, трэба змагацца за жыццё. Аналізуючы свае ранейшыя паводзіны, разумею — рак памяняў мяне. Лічу, што Бог паслаў хваробу дзеля выратавання. Я нават рады, што так здарылася. Але многае яшчэ хачу змяніць у сабе. Асаблівых планаў не маю—усё пойдзе так, як павінна быць.


Веру ў цуды, у маім жыцці іх хапае. Многія шукаюць дзіўнае дзесьці далёка, а я заўважаю ў звычайных рэчах. Пасля зімы абуджаецца зямля, на дрэвах набрыняюць пупышкі, прырода ажывае. Цуд! Я жыву — гэта таксама шчасце і Божая ласка, — разважае субяседнік.
Цяпер Аляксандру Рынкевічу 26 год, палову з іх ён змагаўся з немаччу. Хвароба то адступала, то падкрадалася зноў. Хлопец мае ўласную сям’ю, займаецца грамадскай дзейнасцю. Усяляе надзею ў тых, хто страціў яе: гутарыць з пацыентамі аддзялення, дзе калісьці лячыўся сам.

Ён адміністратар груп “Укантакце” “Праваслаўная моладзь Міёршчыны” і “Адпачынак. Прырода. Рыбалка”, валанцёр тэрытарыяльнага цэнтра, ініцыятар конкурсаў рыбаловаў і суботнікаў у райцэнтры. Працуе ў раённым музеі, па ўласнай ініцыятыве арганізуе выставы. Цікавіцца падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, у прыватнасці, акопнай творчасцю. Плануе рэканструяваць ваенную форму савецкага салдата. Любіць адпачынак у вёсцы, ходзіць на рыбалку і па грыбы. Уласным прыкладам Саша паказвае, што хваробу можна і трэба перамагчы. Важна не падаць духам, займацца справай па душы. І абавязкова верыць у свае сілы. 

ДАРЭЧЫ
— Хворым анкалогіяй карысна раніцай і вечарам чытаць 26, 50 і 90 Псалом (старац Іаан Апцінскі). Наогул, малітва — самы моцны шчыт. Падумайце: што раблю не так, дзеля чаго мне дадзены выпрабаванні.

Фота з альбома А. РЫНКЕВІЧА.

Алена ВАРОНІНА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 5 декабря 2021
Алексей, Архип, Борис, Василий, Владимир, Герасим, Иван, Илья, Максим, Марк, Михаил, Павел, Петр, Фаддей, Федор, Прасковья, Афанасий, Яков

Именины 4 декабря 2021


Госці краін

free counters
Партнеры сайта