Праводзіць за камп’ютарам дарослым больш 8 гадзін — шкодна: прыкладна столькі часу знаходзяцца за маніторамі яны на рабочых месцах. Школьнікам жа неабходна ўразаць гэты тэрмін да 5 гадзін.
Зразумела, калі дзяцей не абмяжоўваць, то яны ўвесь вольны час будуць так праводзіць. Не спрабуйце малых застрашыць шкодным уплывам аргтэхнікі на здароўе, бо дзеці ў малалетнім узросце многага не разумеюць і на ўсё глядзяць “сваімі вачыма”. Метад забароны абавязкова дасць адмоўны эфект, і яны пачнуць падманваць бацькоў. Зусім “адвадзіць” іх ад віртуальных “заманух” не ўдасца. Неабходна ўвесці разумнае правіла. Напачатку ўрокі, заняткі фізкультурай, агульныя карысныя справы і адпачынак на свежым паветры, а затым — камп’ютарныя гульні. Калі тата возьме малога на рыбалку ці ўся сям’я вечарам адправіцца на дачу, у лес за грыбамі, то карысць будзе двайная: і ад манітора ўдасца адарваць, і свежым паветрам падыхаць. Ёсць і шмат іншых цікавых спраў, да ўдзелу ў якіх трэба заахвочваць дзяцей.
Цяпер нават вучні малодшых класаў не абыходзяцца без інтэрнэта. У сучасных школах на старонках сайтаў могуць размяшчаць расклад заняткаў, слоўнікі, пазнавальную інфармацыю, кароткі змест твораў, якія зададзены для чытання, і шмат іншага. Аднак ёсць у сусветнай “павуціне” парнаграфія і забароненыя для прагляду дзецьмі жорсткія фільмы, агрэсіўныя крымінальныя навіны… — ад гэтага трэба засцерагаць. Можна выкарыстаць спецыяльныя праграмы, якія “не пускаюць” дзяцей на неправераныя сайты. Аднак перш за ўсё неабходна паставіць “фільтры” ў іх галовах.
Вялікую шкоду наносіць маладому пакаленню тэлебачанне, дзе асабліва многа цяпер негатыву. Між тым, з тэлевізійных СМІ можна атрымаць і нямала карыснай інфармацыі. Неабходна навучыць школьнікаў не шчоўкаць без разбору па каналах, а засяродзіць увагу на карысных праграмах. Калі не ўдаецца забараніць прагляд баевікоў і некаторых іншых фільмаў, якія адмоўна ўплываюць на псіхіку, паспрабуйце чаргаваць іх з пазнавальнымі перадачамі.
Важна з першых гадоў жыцця прывіць хлопчыкам і дзяўчынкам “імунітэт” да дрэннага, навучыць распазнаваць яго да таго часу, пакуль пойдзе ў школу, завядзе сяброў, бо за межамі дома яны непазбежна сутыкнуцца з многімі адмоўнымі праяўленнямі нашага жыцця і трэба ўмець “трымаць абарону”.
В. КУДРАЎЦАВА,
урач-бактэрыёлаг.