У Беларусі пад назіраннем псіхіятраў-нарколагаў знаходзяцца больш за 15 тысяч пацыентаў, якія спажываюць наркатычныя сродкі. Па выніках мінулага года, сярод іх з наркаманіяй да 18 гадоў — 5,2%, ад 19 да 25 гадоў — 27,1, старэй за 30 — 44,3%.
Я заўсёды лічыў, што наркаманія — доля заможных людзей, бо гераін, какаін, экстазі каштуюць вялікіх грошай, — з гэтага пачаў свой невясёлы аповяд Генадзь. — А ў мяне грошы вадзіліся. Да часу. Трымаў некалькі невялікіх магазінаў у горадзе, быў жанаты на добрай жанчыне, любіў яе, мы сына гадавалі. Але ўсё загубіў азарт. Я ў казіно часта гуляў. Прайграваў вялікія сумы, але праварочваў пару здзелак — і зарабляў яшчэ больш.
Але аднойчы… Гульня ішла па-буйнаму, з сур'ёзнымі людзьмі. Мне ў той вечар шанцавала неймаверна. І я паставіў усё — кватэру, бізнес. І прайграў. Памятаю, сядзеў у бары, разважаў, што будзе далей, як пачынаць з нуля. І тут знаёмы працягвае мне нейкі паўпразрысты крыстал, маўляў, прымі, братэла, адразу лягчэй стане. Разумеў, што прапануюць наркотык, але падумаў: «Гэта ж толькі адзін раз, каб перажыць гэту дзікую ноч!» Запіў віскі, спачатку нічога не адчуў. А пасля стала так лёгка на душы. Адкуль тая энергія з'явілася і вера, што ўсё наладзіцца. Упэўніваў сябе, што адгуляюся, калі не — вазьму крэдыт, адкрыю сваю справу. Пад раніцу прыехаў дадому, прызнаўся жонцы, тая — у істэрыку, а я яе абдымаю, падбадзёрваю, жартую. Мне сапраўды тады здавалася, што мора па калена.
Аднак адгуляцца не атрымалася. А вось перапісаць усе дакументы па бізнесе і кватэру давялося на наступны дзень. Далей — цемра. У рабоце не ладзілася, прыйшлося закласці дачу і пераехаць жыць да бацькоў жонкі. У сям'і пачаліся скандалы. Я страціў сябе. І ў нейкі дзень проста зразумеў: мне зноў патрэбна тая цудадзейная таблетка. Хацелася тых эмоцый, калі я гатоў быў звярнуць горы. Патэлефанаваў знаёмаму, той адразу папярэдзіў: цяпер паслуга платная. Але ў мяне яшчэ былі заначкі…
Так і ўцягнуўся. Напэўна, пераспрабаваў усё, што ёсць на нашым чорным рынку. Пачаў з соляў, трамадола, марфіна, перайшоў на какаін, гераін. Пакуль быў пад кайфам, не заўважыў, як страціў сям'ю: жонка з сынам здалі мяне ў клініку, а калі я адтуль вярнуўся, не змог трапіць у дом цешчы і цесця — там змянілі замкі. Прыйшлося перабірацца на здымнае жыллё, пасля наогул атабарыўся ў наркапрытоне — з уладальнікам разам «затарваліся», ён і прапанаваў начаваць у яго. У час другой «ходкі» на бальнічны ложак мяне пазбавілі бацькоўскіх правоў, жонка дабілася скасавання шлюбу. Мяне нічога не хвалявала, акрамя таго, як і дзе дастаць дозу. Калі скончыліся грошы, пачаў здаваць у ламбард нейкія пабракушкі, прадаваў адзенне. На «чыстыя наркотыкі» ўжо не хапала, перайшоў на сінтэтыку.
Часам наступала прасвятленне — пасля лячэння некалькі месяцаў не датыкаўся да «дуры». Уладкоўваўся на працу — добра, што захаваліся яшчэ карысныя знаёмствы. Здымаў пакой. Спрабаваў наладзіць адносіны з сынам, але ён, бачна, па парадзе матулі і бабулі з дзядулем проста выкрэсліў мяне са свайго жыцця. Пры сустрэчы рабіў выгляд, што не пазнае, адводзіў позірк… Пасля такіх сустрэч я зрываўся і тэлефанаваў сваім ранейшым «сябрам». Грошай не было, адпрацоўваў дозу, прыбіраючы кватэру, дзе жыў пастаўшчык, гатаваў яму ежу…
У мае няпоўныя сорак я не выходжу з бальніцы. Гепатыт, эпілепсія, ВІЧ. Ведаю, што выглядаю гадоў на дваццаць старэй. Гэта яшчэ добра, што валасы адраслі — пасля спажывання соляў яны выпадалі пачкамі. А на нагах шматкамі адслойвалася скура.
Не будзьце цвёрда ўпэўненымі, што занадта мудрыя, каб устаяць перад спакусай. Нават калі вам даўно не 18. У мяне ў жыцці было ўсё. І хапіла аднаго вечара, каб назаўсёды перакрэсліць шчаслівую маладосць і забяспечаную старасць, зрабіць сіратой дзіця пры жывым яшчэ бацьку…
Фота для ілюстрацыі.
Па матэрыялах друку.