Галоўная > Эканоміка і права > У зоне аховы

У зоне аховы


31-05-2012, 14:26. размясціў: gazeta

Кіраўнікі арганізацый, дзе не забяспечана ахова аб’ектаў, што падпадаюць пад дзеянне Указа №534 ад 25 кастрычніка 2007 г. і размяшчаюцца на тэрыторыі раёна, абавязаны перадаць іх пад ахову Міёрскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС. Нагадаю, што для ахоўнай дзейнасці  — ахова юрыдычнай асобай сваіх работнікаў і аб’ектаў (маёмасці); праектаванне, мантаж, наладка і тэхнічнае абслугоўванне сродкаў і сістэм аховы — трэба мець адпаведную ліцэнзію Міністэрства ўнутраных спраў. Рэгламентуецца такая дзейнасць Законам №175-3 ад 08.11. 2006 г. Вычарпальны пералік ліцэнзуемых яе відаў вызначаны Указам №450 ад 01. 09 2010 г. Ігнараванне ўмоў і правілаў ахоўнай дзейнасці караецца штрафам ад 10 — 100 базавых велічынь з канфіскацыяй (або без яе) прадметаў і спецыяльных сродкаў ахоўнай дзейнасці.

 

Звяртаю ўвагу, што работнікамі аховы ў арганізацыях могуць быць толькі паўналетнія грамадзяне нашай краіны, якія  па стане здароўя, прафесійных навыках і маральных якасцях годныя да выканання адпаведных абавязкаў. Яны павінны мець службовае пасведчанне, жэтон (інфармацыя аб іх узорах утрымліваецца ў Пастанове МУС ад 08.12.2010 г. №404), адпавядаць патрабаванням Закона “Аб ахоўнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь” і праходзіць медыцынскі агляд (раз у два гады).

 

Работнікамі аховы не могуць быць грамадзяне пры наяўнасці пэўных захворванняў і фізічных недахопаў (па заключэнні арганізацый аховы здароўя), што перашкаджаюць  выконваць ім належным чынам службовыя абавязкі, а таксама асобы, што стаяць на ўліку ў сувязі з алкагалізмам, таксікаманіяй, псіхічнымі растройствамі, сіндромам залежнасці ад наркотыкаў ці псіхатропных рэчываў. Не дапускаюцца і іншыя асобы, якія мелі судзімасць ці стаяць на ўліку ў органах унутраных спраў у сувязі з супрацьпраўнымі паводзінамі; звольненыя з судовых, падатковых, мытных органаў, пракуратуры, воінскіх фарміраванняў і ваенізаваных арганізацый у сувязі з учыненнем імі злачынстваў ці дыскрэдытуючых учынкаў, парушэнняў дысцыпліны.

Па пытаннях арганізацыі ахоўнай дзейнасці і яе ліцэнзавання звяртайцеся ў Міёрскае аддзяленне Дэпартамента аховы (вул. Гагарына, 43).

 

Я. СІПОВІЧ,

старшы інспектар

аддзялення Дэпартамента аховы.

 

 

 

 

 

 

 

 

 


Вярнуцца назад