Галоўная > Эканоміка і права / Наш гонар > Работнікі службы інспекцыі МПЗ па Полацкім раёне адзначылі прафесійнае свята

Работнікі службы інспекцыі МПЗ па Полацкім раёне адзначылі прафесійнае свята


12-07-2021, 11:18. размясціў: gazeta

 Зручныя электронныя сервісы, асабісты кабінет. Плаціць падаткі ў наш час і юрыдычным асобам, і звычайным людзям лёгка і хутка. Гэта пацвярджаюць падатковыя работнікі. Заўтра яны адзначаюць прафесійнае свята. Службе, якая папаўняе дзяржаўную казну, сёлета спаўняецца 31 год.

 

Без падаткаў дзяржава не змагла б паўнацэнна функцыянаваць. За іх кошт развіваюцца адукацыя і ахова здароўя, паляпшаецца інфраструктура, выплачваюцца пенсіі і дапамогі. На Міёршчыне каля 13 тысяч падаткаплацельшчыкаў. Больш за ўсё фізічных асоб, 288 юрыдычных. 300 індывідуальных прадпрымальнікаў, а яшчэ плацельшчыкі падатку на зямлю і нерухомасць, адзінага збору ў рамеснай дзейнасці, сферы аграэкатурызму. Усе своечасова папаўняюць раённую казну. Сёлета за шэсць месяцаў паступіла 11 тысяч рублёў. За ўвесь леташні год – 20 тысяч.

 
– Падатковая служба перацярпела значныя змяненні, аднак прынцыпы работы тыя ж. Мы імкнёмся забяспечыць поўнае паступленне падаткаў і кантраляваць выкананне заканадаўства. Стараемся зрабіць так, каб плацельшчыкам было камфортна выконваць гэтыя ўмовы і развіваўся паўнацэнны асяродак для дзелавой актыўнасці і прадпрымальніцкай ініцыятывы, – падкрэслівае намеснік начальніка інспекцыі – начальнік аддзела па рабоце з плацельшчыкамі па Міёрскім раёне інспекцыі МПЗ па Полацкім раёне Валянціна Маляўка.

 

Падатковая служба актыўна развівала электронныя сервісы. Як яны спрасцілі жыццё падаткаплацельшчыкаў?
– На афіцыйным сайце Міністэрства па падатках і зборах маецца 20 электронных сервісаў. Яны дазваляюць плацельшчыкам атрымаць шмат рознай інфармацыі, а таксама без надведвання падатковага органа запоўніць і адправіць неабходныя дакументы. Колькасць жадаючых выкарыстоўваюць электронны фармат узаемадзеяння расце. У Міёрскім раёне 377 юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў маюць асабістыя кабінеты, дзе можна ажыццяўляць любыя адміністрацыйныя працэдуры, падаць дэкларацыю. Гэта хутка і зручна.

 

Як паўплываў на малы бізнес Міёршчыны Указ № 337, які фактычна легалізаваў працу дома?
– Гэты дакумент пашырыў пералік відаў дзейнасці, якія не належаць да прадпрымальніцкай, і прадаставіў магчымасць фізічным асобам лягальна зарабляць. Чалавек проста заяўляе пра свой намер працаваць і штомесяц плаціць адзіны падатак. У раёне 120 чалавек заняты па такім прынцыпе. Большасць з іх аказваюць цырульніцкія паслугі, па манікюры і педыкюры, многія рэалізуюць прадукцыю кветка- і раслінаводства. Радзей аказваюць паслугі па домагаспадарцы, займаюцца рэпецітарствам.

 
Калектыў аддзела сёння…
– Нас чацвёра. Акрамя начальніка, гэта яшчэ намеснік Тэрэса Рачыцкая, галоўны дзяржаўны падатковы інспектар Алена Рагімава і вядучы рэферэнт Ганна Муха. Калектыў згуртаваны, адказны. Работа ў нас няпростая, але цікавая. Трэба быць добрым псіхолагам, умець знаходзіць агульную мову з людзьмі, гаварыць проста пра складанае, асабліва, калі адбываюцца змяненні і новаўвядзенні ў сістэме падаткаабкладання. Шмат часу даводзіцца надаваць самаадукацыі, вывучаць нарматыўныя дакументы, каб заставацца кампетэнтнымі па ўсіх пытаннях.

 
За дапамогу і падтрымку, важкі ўклад у нашу агульную справу ўдзячны старэйшым калегам, ветэранам падатковай службы: Тамары Сямёнаўне Верынай, Галіне Міхайлаўне Конах, Анэлі Пятроўне Латыш, Тэрэсе Пятроўне Валеўка. З цеплынёй узгадваем былога начальніка Мікалая Лакотку, які кіраваў інспекцыяй з 1998-га да 2016 года. За самаадданую працу Мікалай Вячаслававіч мае пачэснае званне «Выдатнік падатковай службы» і адпаведны нагрудны знак.

 
Жадаем нашым ветэранам, падаткаплацельшчыкам моцнага здароўя. Няхай на жыццёвым шляху заўсёды спадарожнічае ўдача.

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фота з архіва рэдакцыі.


Вярнуцца назад