Галоўная > Эканоміка і права / Грамадства > Намеснік начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Кіра РУНДО распавяла аб марах і рэальнасці ў сваёй працы

Намеснік начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Кіра РУНДО распавяла аб марах і рэальнасці ў сваёй працы


17-02-2021, 11:13. размясціў: gazeta

 Тое, што мы жадаем, не заўсёды тое, што нам сапраўды патрэбна. Намеснік начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Кіра РУНДО ў школьныя гады марыла пра медыцыну. Пры паступленні ў медінстытут залатая медалістка здала фізіку на «4»-ку і забрала дакументы. Пасля не шкадавала. Знайшла сябе ў сферы фінансаў, куды прывялі абставіны і выпадак.

 

На словах – проста, на справе – грунтоўна

Ёсць у мове фінансістаў выраз «бюджэтны роспіс». Выклікае асацыяцыі з мастацтвам, дзе шырокі прастор для фантазіі. Аднак работа з фінансамі падпарадкоўваецца іншым законам. Тут акцэнты на дакладнасці і строгасці.

 
– Настольная кніга на рабочым месцы – Бюджэтны кодэкс. Трэба арыентавацца ў мностве іншай нарматыўнай дакументацыі. Інфармацыя, з якой маем справу, закадзіравана з дапамогай бюджэтнай класіфікацыі, што трэба ведаць на памяць, – уводзіць у прафесію Кіра Германаўна. – Дзень пачынаецца з фінансавых пытанняў. Разглядаю плацежныя дакументы з казначэйства, вывучаю інфармацыю бухгалтэрыі пра сродкі на рахунку. Першачарговае пытанне – выплата зарплаты ў арганізацыях бюджэтнай сферы. Штодня прыходзяць пісьмы, запыты з вышэйшых служб, на якія трэба адказаць.

 
Асноўная задача фінансавай службы – скласці бюджэт раёна на наступны год і адсочваць яго выкананне ў бягучым. Кантраляваць, наколькі мэтазгодна, эканомна і граматна распараджаюцца сродкамі бюджэтныя арганізацыі. На словах гучыць проста, на справе патрабуе штодзённай грунтоўнай работы.

 
– Складаць бюджэт на новы год пачынаем у маі, – заўважае намеснік начальніка аддзела. – Гэтаму папярэднічае збор дадзеных з арганізацый: каму і колькі сродкаў неабходна. Інфармацыю апрацоўваем і перадаём у Галоўнае ўпраўленне. Там яе аналізуюць і затым даводзяць нам разліковыя паказчыкі, з якіх і пачынаецца бюджэт. На аснове бюджэтнага роспісу – гэта інфармацыя па расходах кожнай арганізацыі – складаецца каштарыс, пасля, згодна з ім, ідзе фінансаванне. Таксама фінаддзел удзельнічае ў распрацоўцы нарматыўных дакументаў – рашэнняў раённых выканаўчага камітэта і Савета дэпутатаў.

 

На сесію – па чарзе з мужам

Паўтара года ў фінансавым аддзеле райвыканкама вакантнае месца начальніка, і Кіра Рундо працуе за дваіх. Спраўляцца з аб’ёмам работы дапамагаюць адказнае стаўленне і глыбокае веданне справы, якой займаецца больш за трыццаць гадоў.

 
– Уладкавалася сюды ў 1987-м, маючы слабае ўяўленне пра гэтую сферу дзейнасці, – усміхаецца яна. – Па першай адукацыі я інжынер-тэхнолаг, скончыла Беларускі тэхналагічны інстытут імя С. Кірава. Некалькі месяцаў папрацавала на Гомельскім шклозаводзе. Можа быць, там бы і засталася, але муж не захацеў пераязджаць у Гомель з нашай Міёршчыны. Пра месца ў фінаддзеле райвыканкама падказала сваячка, тут якраз спецыяліст на пенсію выходзіў.

 
Прымаючы на работу маладую супрацоўніцу, ёй паставілі ўмову атрымаць вышэйшую профільную адукацыю. Кіра Германаўна паступіла на завочнае аддзяленне ў сталічны інстытут народнай гаспадаркі (цяпер Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт). Работа і вучоба, сямейныя клопаты і выхаванне маленькага сына сталі яе паўсядзённасцю. Муж Іван Пятровіч таксама сумяшчаў службу ў аддзеле ўнутраных спраў з завочным навучаннем у школе міліцыі.

 
– Па чарзе на сесію ездзілі, – прыгадвае з усмешкай. – На той час усё гэта не здавалася складаным і непасільным. Звычайнай справай было пісаць кантрольныя да дзвюх – трох гадзін ночы. Спраўляліся з бытавымі клопатамі. Маці мая дапамагала.

 

З лічыльнікамі не пасябравала

Сын Аляксей ажыццявіў юнацкую мару сваёй маці. Працуе хірургам у Віцебскай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі і выкладае ў медуніверсітэце, дзе сам вучыўся. З хірургічнай справай звязала сваё жыццё нявестка Вольга.

 
– Пра свой выбар прафесіі сын не шкадуе, – гаворыць Кіра Германаўна. – А я пасля зразумела, што гэта не мая справа. У рабоце ўрача абавязковы складнік – зносіны з людзьмі, якіх трэба лячыць не толькі таблеткамі, але і словамі, да кожнага важна знайсці падыход. Для мяне прасцей аказалася знаходзіць агульную мову з лічбамі і разлікамі.

 
Больш чым за тры дзясяткі гадоў у фінаддзеле Кіра Рундо прайшла шлях ад складання бюджэту «ўручную» да зручных камп’ютарных праграм, без якіх цяпер не абысціся. Адзінае, чаму так і не навучылася – працаваць на драўляных лічыльніках, якія раней стаялі на сталах у калег.

 

Добра быць дома

– Я люблю сваю работу. Так, часам даводзіцца затрымлівацца на працы, займацца рабочымі справамі дома. Праблемы ў гэтым не бачу, – гаворыць субяседніца. – Думаю, змагла б рэалізаваць сябе ў якасці інжынера-тэхнолага. Склалася па-іншаму, і гэта таксама добра. Увогуле я па жыцці аптыміст.

 
Нават ад любімай справы трэба адпачываць. Гэта натуральна і важна. Для адпачынку ў Кіры Германаўны некалькі варыянтаў. Чытае фантастыку і фэнтэзі, вяжа шкарпэткі ў падарунак для родных і сяброў, сочыць у «Інстаграме» за салодкай творчасцю нявесткі, якая захапляецца вырабам тортаў. Чакае ў госці дзесяцігадовага ўнука Дзіму, з якім любяць разам гуляць па міёрскіх вуліцах, набярэжнай і паўвостраве.

 
– Мне падабаюцца нашы Міёры, прыгожы і ўтульны гарадок, – гаворыць Кіра Германаўна. – Цяпер не змагла б змяніць месца жыхарства. Тут усё роднае і добра знаёмае. Тут – мой дом.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.


Вярнуцца назад