Закупка вторсырья Миорским райпо

 
Нядаўна з'явіліся новыя цэны на другасную сыравіну, па якіх з 1 снежня вядуць іх закуп прадпрыемствы Міёрскага райспажыўтаварыства.

Нагадаю, што самымі таннымі цяпер з'яўляюцца белыя ПЭТ-бутэлькі з-пад малака з наклейкай—1 капейка за кілаграм, усе астатнія, нават флаконы з-пад мыючых і іншых парфюмерна-касметычных сродкаў—па 10 капеек, як і макулатура. Шклабой ацэнены ў 6 капеек (толькі гэта рэшткі бутэлек і слоікаў, а не аконнага ці нейкага іншага шкла), адходы плёнкі —па 7 капеек за кілаграм. Значна даражэйшы металалом—ад 13 капеек за бытавы да 3 рублёў 6 капеек за каляровы.

Ці можна пры такіх закупачных цэнах зарабіць, разбіраўся наш карэспандэнт. Гідам для яго стала кладаўшчык склада другаснай сыравіны райспажыўтаварыства на вул. Вакзальнай, 3 у райцэнтры Ірына Шпакава.

—Цяпер не самы актыўны перыяд закупу другаснай сыравіны ў насельніцтва,—адзначыла Ірына Вітальеўна,—сама больш здатчыкаў прымаем летам, аднак і зараз да нас наведваецца да 16 чалавек штодзень, менавіта столькі было, напрыклад, 29 лістапада. Метал, чорны і каляровы, макулатуру і іншыя матэрыялы ўзважваем і разгружаем тут, пры невялікай колькасці другаснай сыравіны з квітамі для аплаты людзей накіроўваем у нарыхтоўчы ларок на рынку, калі лому, адходаў 600 кілаграмаў і больш—у касу райпа. Дарэчы, ва ўсіх выпадках здатчыкі атрымліваюць толькі наяўныя грошы.

Нагадаю, што рабочы дзень у нас з 8 да 17 гадзін з перапынкам на абед з 12.00 да 13.00, аднак здатчыкаў мы прымаем з 9 да 11 і з 13 да 16 гадзін.
Наколькі задаволенымі сумамі ад рэалізацыі другаснай сыравіны застаюцца здатчыкі?
—У снежні вялікіх паступленняў яшчэ не было, а вось 8 лістапада аднаразовы прывоз бытавога металалому жыхаром раёна склаў 2390 кілаграмаў, за яго было заплочана 310 рублёў 50 капеек. 16.11 з аднаго прывозу выгружана нават 4050 кг лому чорнага металу на 526 рублёў 50 капеек.

Здараецца, некаторыя здатчыкі дастаўляюць металалом невялікімі прычэпамі на легкавых машынах. Вось за лістапад адзін чалавек наведваў нас чатыры разы, агульны вынік—2850 кілаграмаў і 370 рублёў 50 капеек.
Зразумела, што паказчыкі па макулатуры больш сціплыя. Найбольшыя разавыя прывозы ад фізічных асоб у лістападзе былі 250 і 370 кілаграмаў, адпаведна за іх людзі атрымалі 25 і 37 рублёў. Выключным можна назваць шас-ціразовае наведванне нашага склада з агульным вынікам 1162 кілаграмы на 116 рублёў 20 капеек. Але гэта ўжо дасягненне індывідуальнага прадпрымальніка.
Яшчэ меншыя разавыя паказчыкі па поліэтыленавай плёнцы. У мінулым месяцы можна адзначыць толькі дастаўку 375 кілаграмаў на 26 рублёў 25 капеек.

Увогуле ў лістападзе толькі наш склад наведала з другаснай сыравінай 214 чалавек— прыватных здатчыкаў.

Прадстаўнікі арганізацый не забываюцца да вас дарогу?
—Не, актыўна пастаўляюць макулатуру работнікі ўстаноў культуры, калектывы дзіцячага санаторыя "Расінка", СШ №3, хлебазавода, мясакамбіната і некаторых іншых. Вынікі іх намаганняў будуць падведзены па заканчэнні года.

Фота для ілюстрацыі.
Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.