У верасні ў раёне аб'яўлены месячнік па зборы другаснай сыравіны. Амаль кожны безнадзейна выкінуты адход можа быць скарыстаны ў другі раз. Але пра гэта мы мала задумваемся, маючы намер найхутчэй пазбавіцца ад смецця. Тым часам можна прынесці карысць не толькі вытворчасці, але сабе. Здайце макулатуру, шклабой, ПЭТ-бутэлькі ў прыёмны пункт жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў кошт аплаты камунальных паслуг. 1 кг другаснай сыравіны каштуе 1000 рублёў у старым і 10 капеек у новым эквіваленце.
Майстар па добраўпарадкаванні ЖКГ Аляксандр Федуковіч, які непасрэдна адказвае за гэты ўчастак работы, паведамляе, што бонус камунальных паслуг практыкуецца першы год. Адразу жыхары шмат тэлефанавалі, цікавіліся ўмовамі, потым попыт істотна зменшыўся. А чаму? Кошт прыёму даволі высокі, пры тым, што на перапрацоўвальнае прадпрыемства ў Чашнікі камунгасаўцы сыравіну рэалізуюць ўсяго за 7 капеек.
На 1 верасня арганізацыі і прыватнікі здалі 47, 8 тон макулатуры, 35 тон шклабою. Найбольш заўзятыя ахвотнікі—аддзел адукацыі, спорту і турызму, бальніца. Школы, напрыклад, здалі сёлета больш за 12 тон.
—Для нас важны кожны кілаграм,—заўважае Аляксандр Федуковіч.—З прыватнікаў найбольш актыўны індывідуальны прадпрымальнік Іван Булгак, сам дастаўляе, спраўны ў афармленні дакументацыі.
Цяпер занадта актуальны паасобны збор смецця. Ля шматпавярховак стаяць кантэйнеры, але мала хто такой прапановай карыстаецца. Звычайна ўтыль жыхары не размяжоўваюць, і сарціроўшчыкі жыллёва-камунальнай гаспадаркі выбіраюць сваю "партыю" ў канвееры з усіх адходаў. Аднак празрыстыя кантэйнеры з ПЭТ-бутэлькамі змесцівам напаўняюцца. Камунгасаўцы толькі адкручваюць пробкі ці пратыкаюць дзірку, каб выпусціць паветра. З макулатурай працуе прэсоўшчык.
У высокаразвітых краінах даўно сталі завядзёнкай тры сметніцы ў кватэры. Давайце і мы задумаемся: можа, лепш скарыстаць, чым выкінуць?