Прафкамітэтам даручана на сваіх пасяджэннях разгледзець увесь комплекс арганізацыйных пытанняў у гэтым напрамку. А яны пачынаюцца з распрацоўкі ўмоў па аплаце працы і стымулявання лепшых работнікаў, умоў працоўнага саперніцтва. Пра гэтыя пытанні трэба праінфармаваць усіх удзельнікаў веснавой сяўбы, звярнуць іх увагу на цесную залежнасць будучага заробку ад захавання тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны.
Вынікі работы на веснавых палях будуць падводзіцца штодзённа. Узнагароджанне лепшых працаўнікоў плануем праводзіць непасрэдна на рабочых месцах. Як і раней, для гэтага выкарыстаем выпрабаваны арсенал—граматы, пісьмы-падзякі, прэміі і падарункі, уздым сцягоў.
Прафкамы і іх старшыні абавязаны строга сачыць за захаваннем патрабаванняў па ахове працы, за своечасовым правядзеннем інструктажоў па ТБ з механізатарамі і іншымі работнікамі на пасяўной, за наяўнасцю сродкаў індывідуальнай абароны, аптэчак, стварэннем санітарна-бытавых умоў, захаваннем мер бяспекі пры рабоце з хімікатамі. Адказная роля ва ўсім гэтым належыць грамадскім інспектарам па ахове працы.
Няспраўнай тэхніцы і нецвярозым работнікам—не месца на полі.
Ва ўсіх гаспадарках ужо вылучаны ключавыя пытанні арганізацыі харчавання ўдзельнікаў сяўбы: выдзелены для дастаўкі страў на поле транспарт, замацаваны за ім вадзіцелі, вызначаны месцы прыгатавання ежы і падабраны повары.
Ацэнку намаганням прафсаюзнага актыву дасць веснавое поле.
Леанід ХАХЕЛЬ,
старшыня РК прафсаюза
работнікаў АПК.