Авторизация
 

На Міёрскім льнозаводзе ёсць імкненне да перамен

+
На Миорском льнозаводе есть стремление к переменамНашы кліматычна-глебавыя ўмовы спрыяльныя для вырошчвання лёну. Калісьці ў асобных калгасах дасягалі рэкордных ураджаяў і займалі перадавыя пазіцыі не толькі ў раёне, але і рэспубліцы. Гэтая культура ў структуры пасеваў не мела вялікай долі, але з'яўлялася прыярытэтнай. Аднак з часам ільнаводы гаспадарак перадалі свае абавязкі  Міёрскаму льнозаводу. З ліку сельгасарганізацый лён вырошчваюць цяпер толькі ААТ "Мерыца" і "Гвардзейскі"—па 50 гектараў. На плошчах  перапрацоўчага прадпрыемства летась даўгунец займаў 820 гектараў. 
 
— Трасты атрымалі малавата—1387 тон. Агульная нарыхтоўка з улікам паступленняў з сельгаставарыстваў склала 1533 тоны,—адзначаў на справаздачным сходзе акцыянераў ААТ "Міёрскі льнозавод" дырэктар Аляксандр Іванавіч Міхайлаў,  які ўзначаліў калектыў мінулай восенню. Найперш акцэнтаваў увагу на задачах, што трэба вырашыць сёлета. У ліку першых—арганізаваць работу так, каб палепшыць крытычнае эканамічнае становішча.  

—Доўгатэрміновая крэдыторская запазычанасць складае 3 мільярды 481 мільён рублёў. Кароткатэрміновая—31 мільярд 249 млн, у тым ліку па бюджэтнай пазыцы на выплату заробку—1070,5 млн., па плацяжах у бюджэт—345 млн, па адлічэннях у фонд сацыяльнай  абароны насельніцтва—3 609 млн, па плацяжах пастаўшчыкам і падрадчыкам—10 439 млн, па лізінгавых выплатах за тэхніку—6 487 млн. Чыстыя страты па выніках за мінулы год склалі больш за 7 мільярдаў,  у тым ліку  ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ і аказання паслуг—3 530 млн.,—аналізуе гадавы баланс бухгалтар  Наталля Вікенцьеўна Януковіч. 

Адзначае, што асноўнай прычынай стратнай работы прадпрыемства па вытворчасці і рэалізацыі лёну з'яўляецца цэнавы фактар і высокі сабекошт прадукцыі. Сярэдняя рэалізацыйная цана адной тоны валакна ўмоўнага №10 склала ў мінулым годзе 32 мільёны 175 тысяч рублёў, а сабекошт—56 мільёнаў 984 тысячы.

Каэфіцыет цякучай ліквіднасці, які характарызуе забяспечанасць ільнозавода ўласнымі сродкамі для вядзення гаспадарчай дзейнасці  і своечасовага пагашэння тэрміновых абавязацельстваў, летась склаў 0,17 пры нарматыве 1,5 (паказчык 2014 года—0,22). Каэфіцыент забяспечанасці ўласнымі абаротнымі сродкамі знізіўся за год на 5,05 і склаў 3,34 пры нарматыве 0,2. Гэтыя паказчыкі сведчаць, што структура баланса нездавальняючая, а прадпрыемства ўстойліва неплацежаздольнае.

Сітуацыя ўскладняецца тым, што мільярдныя страты павялічваюцца з-за росту працэнтаў па пазыках і займах, з-за пераацэнкі крэдыторскай запазычанасці, выражанай у замежнай валюце. Нарастае пеня за несвоечасовыя выплаты ў ФСАН.  З-за складанага фінансавага становішча прадпрыемства не можа разлічыцца за спажытую электраэнергію, а яшчэ больш "прыгнятае" эканоміку і нарастаючая індэксацыя запазычанасці, якая склала 1 млрд. 742 тысячы рублёў.

—З-за недахопу сыравіны выхад валакна летась толькі 425 тон—65,5% да папярэдняга года. Вытворчы цэх працаваў у адну змену. Скарацілі 14 работнікаў,—падкрэслівае кіраўнік прадпрыемства.—Цяпер запас трасты менш за 350 тон, а таму праз паўтара месяца перапрацоўка завершыцца і рабочыя накіруюцца ў водпуск да збору новага ўраджаю.  
Сёлета на льнозаводзе плануецца маштабны рамонт адной вытворчай лініі. Спатрэбяцца немалыя выдаткі, але без абнаўлення абсталявання не абысціся, бо надта зношанае. Напрыклад, адзін з катлоў у кацельні выкарыстоўваецца 43-ці сезон, а прадугледжаны тэрмін  эксплуатацыі—34 гады. З-за невыпрацоўкі патрэбнай магутнасці  цеплагенеруючым абсталяваннем траста на лініі не дасушваецца, горш перапрацоўваецца, страчваецца якасць валакна. 
Немалыя планы і па вырошчванні лёну. На першым этапе—падрыхтоўка глебаапрацоўчай і пасяўной тэхнікі. Трэба выдаткаваць яшчэ каля 250 мільёнаў, з іх 118—на набыццё шын. З рамонтам энерганасычанай тэхнікі праблем няма, а вось ля некаторых "МТЗ-82" давядзецца пашчыраваць, бо з-за паломак на прыколе ўжо не першы сезон. Каб ва ўсіх трактараў з'явіўся гаспадар, неабходна папоўніць калектыў механізатараў. 
Хутка "Беларусы" накіруюцца на палеткі з плугамі, бо з восені вялікія плошчы не ўзараны. Аднак сяўба лёну на гэтых участках істотна знізіць яго ўраджайнасць. Таму  дырэкцыя льнозавода спадзяецца на падтрымку сельгасарганізацый, якія прадставяць прадпрыемству апрацаваныя восенню надзелы зямлі. Пад даўгунец сёлета льнозаводу вы-дзелены плошчы ў ААТ "Наўгароды", "Пад'ельцы", "Чэрасы", "Любінова", "Дрыгучы", "Гвардзейскі", "Узмёнскі край", "Міёрскі райаграсэрвіс", СУП "Павяцце" і ВУПКУ "Міёрскі". Дарэчы, пасевы павялічацца на  900 га. У сельгасарганізацыях лён зойме, як і ў папярэдні год, 100 гектараў. Неабходна ўдвая павялічыць ураджайнасць, перадавыя сельгасарганізацыі вобласці гэтага дабіваюцца. У планах —атрымаць не менш за 2800 тон трасты. Для забеспячэння высокіх паказчыкаў трэба строга захоўваць тэхналогію вырошчвання культуры. Спатрэбяцца мінеральныя ўгнаенні.

Каб павялічыць ураджай, закупілі 5 тон матачнай эліты насення сорту "Грант", які вызначаецца добрым выхадам валакна. Лягуць у глебу і элітныя "Васілёк" і "Пралеска"—6 тон. Выкарыстаюць і ўласнавырашчанае, што адпавядае першай і другой рэпрадукцыі. На льнозаводзе ўжо прыступілі да пратручвання пасяўнога матэрыялу.

Асаблівую ўвагу льнаводы звернуць на тэрміны ўборкі: накіруюць на поле камбайны ў сярэдзіне ліпеня і пакладуць значную частку лёну на сцелішчы зелянцом. Арганізуюць работу так, каб сабраць ураджай да наступлення сырога восеньскага надвор'я.  На палеткі выедуць не толькі самаходныя льноўборачныя камбайны, але і прычапныя агрэгаты, каб да мінімуму скараціць тэрміны ўборкі. Для паскарэння вылежвання і высушвання лёну на сцелішчах выкарыстаюць пераварочвальнікі.

На сходзе сабралася няшмат людзей, бо на прадпрыемстве з улікам жанчын, якія цяпер у дэкрэтным водпуску, працуюць каля 60 чалавек. Усе сядзелі моўчкі і толькі зрэдку ківалі галовамі—уражвалі шматмільярдныя даўгі. Кожны разумеў, што сітуацыя няпростая і трэба працаваць так, каб атрымаць аддачу.

Эліза БЛАЖЭВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА. 


рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 10 мая 2021
Георгий, Иван, Иларион, Николай, Павел, Петр, Сергей, Степан, Анастасия, Мария, Семен

Именины 9 мая 2021
Василий, Иван, Николай, Петр, Степан, Глафира

Госці краін

free counters
Партнеры сайта