Как получить право реализовывать рукотворный шедевр?

Как получить право реализовывать рукотворный шедевр?Паняцце рамесная дзейнасць рэгулюецца Указам Прэзідэнта ад 16.05.2005 г. №225 "Аб некаторых пытаннях ажыццяўлення фізічнымі асобамі рамеснай дзейнасці" (Указа №225), Грамадзянскім (ГК) і Падатковым кодэксамі (ПК). На 4 лютага бягучага года ў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Міёрскім раёне зарэгістраваны 44 рамеснікі.
 
Што можна вырабляць? 
Так п. 1 арт. 1 ГК прадугледжана, што рамесная дзейнасць не адносіцца да прадпрымальніцтва, а мае на ўвазе працу фізічных асоб па вырабе і рэалізацыі тавараў, выкананні работ, аказанні паслуг з прымяненнем ручной працы і інструмента без далучэння іншых асоб па працоўных грамадзянска-прававых дагаворах і накіраваная на задавальненне бытавых патрэб грамадзян.
Віды рамеснай дзейнасці, якія маюць права ажыццяўляць фізічныя асобы па заяўным прынцыпе, пералічаны ў падп. 1.2 п. 1 Указа №225. Вось некаторыя з іх: 

- выраб і рамонт: шчорна-седлавых вырабаў; гужавых калёс, саней і дзіцячых санак; прылад і прыстасаванняў для рыбалкі; 
-выраб прадметаў і іх частак для асабістых (бытавых) патрэб грамадзян:
- выраб, устаноўка і рамонт драўляных калодзежаў, лавак, павецяў, альтанак і іншае; 
-кавальская справа;
-вырабы ручнога вязання і іншае; 
-вырабы ручнога ткацтва; 
-карункапляценне, макрамэ; 
-вырабы ручной вышыўкі; 
-мастацкая апрацоўка (разьба, гравіроўка, выпальванне) дрэва, каменя, рога, косці, металу, бляхі і іншага; 
-выраб, завострыванне, рамонт сельскагаспадарчага і садова-агароднага інструмента і яго частак; 
-выраб мыла і іншае.

Каб стаць рамеснікам, трэба… 
у падатковы орган па месцы жыхарства падаць заяву аб пастаноўцы на ўлік, у якой указваюцца прозвiшча, iмя, iмя па бацьку, дата нараджэння, дадзеныя аб месцы жыхарства фізічнай асобы, звесткі аб пашпарце ці іншым дакуменце, які пацвярджае асобу, а таксама аб выплаце збору (заява пішацца на месцы). Пастаноўка на ўлік суправаджаецца прысваеннем уліковага нумару плацельшчыка. Асоба абавязана да пачатку рамеснай дзейнасці заплаціць збор. Незалежна ад таго, колькі відаў дзейнасці будзе ажыццяўляць грамадзянін, памер аплаты складае адну базавую велічыню ў год, якая вызначана на момант яго рэгістрацыі. Цяпер гэта 210 тысяч рублёў. За кожны наступны год збор выплачваецца не пазней за 28-га чысла апошняга месяца бягучага каляндарнага года, у якім ажыццяўляецца рамесная дзейнасць. Адпаведна заканадаўства рамеснікі вызваляюцца ад падаходнага падатку.
Такім чынам, рамесны збор унесены, уліковы нумар плацельшчыка прысвоены—з гэтага моманту грамадзянін прызнаецца рамеснікам і мае права рэалізоўваць свае вырабы з улікам норм дзеючага заканадаўства.

Самастойнасць пры рэалізацыі і ўмовы
Асаблівых умоў рэалізацыі рамесных вырабаў няма. Але самастойнасць пры вырабе і продажы—галоўная ўмова, прадугледжаная Указам №225.
У адпаведнасці з растлумачэннем Міністэрства гандлю, выкладзенаму ў лісце ад 18 красавіка 2013 года №07-68-7/147, дапускаецца продаж вырабленых рамеснікам тавараў з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт. Аднак паняцце "інтэрнэт-вітрына" дзеючым заканадаўствам не вызначана, і, як правіла, яна з'яўляецца інтэрнэт-крамай у выпадку, калі на сайце размяшчаецца інфармацыя аб тавары, яго кошце і магчымасці ажыццяўляць заказ і набыць.

Фізічныя асобы, у тым ліку рамеснікі, не маюць права рэалізоўваць свой тавар праз інтэрнэт-крамы. Не ўстаноўлены якія-небудзь асаблівасці пры рэалізацыі рамесных вырабаў праз гандлёвыя аб'екты, на гандлёвых месцах на рынках. 
Пры жаданні грамадзян рэалізоўваць сувеніры, якія не з'яўляюцца рамеснымі вырабамі, варта ўлічваць наступнае: у адпаведнасці з Грамадзянскім кодэксам фізічныя асобы маюць права рэалізоўваць такія сувеніры, а таксама вырабленыя, перапрацаваныя альбо набытыя для продажу на працягу не больш за пяць дзён у кожным каляндарным месяцы на гандлёвых месцах на рынках,  пры гэтым неабходна заплаціць адзіны падатак па месцы пастаноўкі на ўлік у падатковым органе або па месцы продажу тавараў да пачатку рэалізацыі. Памер адзінага падатку вызначаецца падатковымі органамі, зыходзячы з месца і колькасці дзён гандлю. Пры рэалізацыі сувеніраў больш за пяць дзён у месяцы ў месцах, якія не з'яўляюцца гандлёвымі на рынку, грамадзянін абавязаны зарэгістравацца індывідуальным прадпрымальнікам і заплаціць адзіны падатак да пачатку ажыццяўлення гандлю.

Заканадаўства не забараняе фізічным асобам займацца адначасова прадпрымальніцкай і рамеснай дзейнасцю. Значыць, можна ажыццяўляць рамесную дзейнасць, заплаціўшы рамесны збор, прадпрымальніцкую дзейнасць,—выплочваючы падаткі адпаведна падатковаму заканадаўству.
Ажыццяўленне рамеснай дзейнасці без выплаты збору і падачы заявы ў падатковы орган аб пастаноўцы на ўлік, а таксама далучэнне да дзейнасці іншых грамадзян па працоўных і грамадзянска-прававых дагаворах пагражае штрафам у пяць базавых велічынь.

Важная дэталь 
Рамеснікі абавязаны выконваць законныя патрабаванні кантралюючых і правяраючых органаў, уключаючы патрабаванне прад'явіць кнігу ўліку праверак. Яна афармляецца не пазней месяца з дня пастаноўкі рамесніка на падатковы ўлік і павінна быць пранумаравана, прашнуравана і замацавана подпісам асобы, якая ажыццяўляе рамесную дзейнасць.
У дзень звароту і прадстаўлення кнігі ўліку праверак у падатковую інспекцыю на першым лісце ставіцца дата рэгістрацыі і звесткі аб ёй, якія ўносяцца ў электронны банк дадзеных. Гэта адміністрацыйная працэдура бясплатная. Набыць кнігу можна ў пунктах рэалізацыі УП "Інфармацыйна-выдавецкі цэнтр па падатках і зборах", выдавецтва "Белбланкавыд", аддзяленнях паштовай сувязі.
Рамеснікі не абавязаны выкарыстоўваць касавае абсталяванне і пацвярджаць прыём наяўных грашовых сродкаў іншым, прадугледжаным заканадаўствам, спосабам, мець кнігу заўваг і прапаноў.

	Крысціна ГАРАВЕЦ, 
	старшы дзяржаўны
	інспектар аддзела кантролю за юрыдычнымі 
	і фізічнымі асобамі МПЗ 
	па Міёрскім раёне.
	
			

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.