РУП “Полацкі цэнтр стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі” сёлета ў другім квартале праверыў у ААТ “Міёрскі мясакамбінат” стан сродкаў вымярэння пры кантролі сыравіны і гатовай прадукцыі, уліку вады, прыроднага газу, электрычнай энергіі. Выяўлена, што за 2009-2010 гады на прадпрыемстве не кантралявалася ўтрыманне дыаксінаў у мясе ў тушах і паўтушах; масавай доля тлушчу, бялку і фосфару ў крывяных каўбасах; тлушчу і кухоннай солі ў мясным фаршы “Апетытны”; тлушчу, бялку і кухоннай солі ў мясараслінным фаршы “Папулярны”, бялку—у фаршы “Віцебскі”, кальцыю—у вараных каўбасах, сасісках, сардэльках, абагачаных кальцыем і лактулозай.
Пры неабходнасці правядзення кантролю сыравіны і гатовай прадукцыі праз 10 дзён, праводзіўся ён ад 1 да 8 разоў за паўтара года каўбас крывяных па масавай долі нітрыту натрыю і крухмалу, каўбас ліверных—па масавай долі крухмалу, фаршаў “Апетытны” і “Папулярны”—па масавай долі вільгаці.
У журналах рэгістрацыі аналізаў каўбасных вырабаў і паўфабрыкатаў выяўлены выпадкі неадпаведнасці прадукцыі патрабаванням ТНПА. Так, у лівернай каўбасе “Дамашняя”, вырабленай 23.04.2009 года масавая доля фосфару склала 0,29% пры норме не больш 0,2%. Каўбаса крывяная “Дамашняя” 10 сакавіка сёлета ўтрымлівала масавую долю кухоннай солі 2,43% пры норме не больш 2,2%. У фаршы “Віцебскі” 5 і 14 красавіка солі выяўлена 1 і 1,14%, калі ў рэцэптуру гэты кампанент не ўваходзіць зусім.
На артэзіянскай свідравіне ўлік вады ажыццяўляўся непрыгодным да прымянення лічыльнікам СТВ-80 (пломба замалявана фарбай, дакументаў аб праходжанні паверкі няма).
Улік прыроднага газу ў кацельні вёўся з дапамогай комплексу СГ-ЭК-Вз, тэрмін дзяржаўнай паверкі якога закончыўся яшчэ 11 лютага.
За выяўленыя парушэнні пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні на інжынера па ахове працы накіраваны ў суд. Кіраўніцтву прадпрыемства прапанавана прыняць меры дысцыплінарнага спагнання да адказных асоб вытворчай лабараторыі, дзеянні і бяздеянні якіх прывялі да парушэнняў.
Н. БАРАВІКОВА,
начальнік аддзела дзяржкантролю.