В прокуратуре

Першая ластаўка
У снежні мінулага года на выязным пасяджэнні суда разглядалася крымінальная справа ў адносінах да маладога мужчыны, які кіраваў аўтамабілем у нецвярозым стане.
Супрацоўнікі ДАІ спынілі яго раніцай 26 кастрычніка. За два дні да гэтага — 24 кастрычніка 2013 года — у сілу ўступіў Закон, які прадугледжвае больш жорсткае пакаранне для п'яных вадзіцеляў і канфіскацыю транспартных сродкаў, за якімі былі затрыманы злачынцы.

Аднак ні новае ўзмацненне мер адказнасці, ні ранейшыя адміністрацыйныя штрафы і дзве судзімасці за кіраванне ў нецвярозым стане, ні адсутнасць права садзіцца за руль не паўплывалі на рашэнне адправіцца ў дарогу на ўласным аўтамабілі. Напярэдадні дваццаціпяцігадовы гаспадар сям'і і бацька маленькага дзіцяці да раніцы ўжываў спіртное, крыху паспаўшы, каля 9-ці гадзін паехаў на працу. Як патлумачыў вінаваты, раней да месца працы яго адвозіла жонка, але ў той дзень у яе не атрымлівалася паехаць.
Прызнанне сваёй віны, раскаянне ва ўчыненым злачынстве і наяўнасць малалетняга дзіця сталі змякчальнымі абставінамі пры вынясенні прыгавору. У выніку вадзіцель-рэцыдывіст атрымаў два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, штраф у 110 базавых велічынь, пазбаўленне права кіраваць транспартнымі сродкамі на 5 год. Да гэтых пяці год дадалі яшчэ 3 гады і 7 месяцаў пазбаўлення права быць вадзіцелем, што засталіся ад папярэдняй судзімасці. Аўтамабіль вінаватага ў адпаведнасці з артыкулам 61 Крымінальга кодэкса Рэспублікі Беларусь канфіскаваны ў даход дзяржавы.

 

Паляванне  на "Добрага кума"
Летнім вечарам двое міярчан сабраліся наведацца ў госці да свайго знаёмага, што жыве ў вёсцы непадалёку. У якасці гасцінца купілі 4 бутэлькі віна "Добры кум". Дарэчы, самі былі ўжо, як кажуць, на весяле. Яны стаялі на прыступках будынка аўтастанцыі і размаўлялі. Белы пакет, у якім добра відаліся бутэлькі са спіртным, паставілі побач.
У гэты час міма праходзілі трое хлопцаў. Убачылі пакет і тое, што ў ім знаходзілася, і вырашылі яго прысвоіць. Хто пойдзе за здабычай, выкінулі на пальцах. У выніку адзін павінен быў адцягнуць увагу мужчын, ён папрасіў у тых закурыць, а другі ў гэты час схапіў пакет. Трэці хлопец чакаў убаку, і калі справа была зроблена, усе разам кінуліся ўцякаць. Крыху прабегшы за юнымі злодзеямі, уладальнік пакета зразумеў, што дагнаць іх не зможа. Пра ўчыненае злачынства паведамілі ў РАУС.
Выпіць незаконна здабытае віно хлопцам так і не давялося. Праз 20 хвілін іх адшукала міліцыя.
Двое шаснаццацігадовых падлеткаў за ўчынены крадзеж адказвалі перад судом. Яны разумелі, што ўчыняюць злачынства, віну сваю прызналі і папрасілі прабачэння ў пацярпелага, нанесены яму ўрон кампенсавалі.
Улічваючы непаўналетні ўзрост, прызнанне віны, характар і ступень грамадскай небяспекі ўчыненага злачынства, характарыстыкі вінаватых прыгавор вынесены наступны— 1 год і 6 месяцаў пазбаўлення волі. Пакаранне ўмоўнае. Аднак калі хлопцы не захочуць сябраваць з законам, то сваю першую судзімасць давядзецца адбываць у адпаведным месцы.


Удалыя заходы
Калі б грамадзяне Расійскай Федэрацыі, якія летам адпачывалі на "Актаме", ведалі, што могуць стаць ахвярамі злодзея, то свае кашалькі, сумачкі і партманэ насілі б з сабой, а не пакідалі ў незачыненых пакоях без нагляду.
У той час на базе адпачынку электрыкам і сантэхнікам працаваў дваццацічатырохгадовы мужчына. Уладкаваўся туды не так даўно. Малады чалавек меў схільнасць да спіртнога і судзімасць за крадзеж.
Неяк зазірнуў ён у адзін з пакояў — і скраў з кашалька 800 тысяч беларускіх рублёў. На лёгка здабытыя грошы купіў прадукты харчавання, спіртное і мабільны тэлефон. Праз некалькі дзён зноў вырашыў паспытаць удачу. У выніку ў яго з'явіліся 1900 расійскіх рублёў, на наступны дзень даход папоўніўся на 3000 расійскіх рублёў, яшчэ праз дзень — на 9000. Апошнія некалькі крадзяжоў былі ўчынены ў стане алкагольнага ап'янення.
За ўчыненыя злачынствы злодзей-рэцыдывіст на адзін год накіраваны ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.


Святлана РАМАНОЎСКАЯ, намеснік пракурора.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.