Поможем, поддержим

Упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ажыццяўляе дзяржаўную палітыку ў сферы занятасці, павышэння ўзроўню даходаў працоўных, пенсіянераў і інвалідаў, а таксама аказвае дапамогу асобам, якія маюць патрэбу ў дадатковых мерах сацыяльнай абароны. Вось некаторыя вынікі гэтай работы.

 

Сітуацыя на рынку працы ў раёне застаецца стабільнай. А колькасць вакансій перабольшвае колькасць зваротаў аб працаўладкаванні (узровень беспрацоўя знізіўся з 0,6% да 0,4%). За мінулы год суб'ектам гаспадарання ўсіх форм уласнасці патрэбна было 910 работнікаў, пераважна ў будаўніцтве, сельскай гаспадарцы і гандлі. За гэты ж час жадалі працаўладкавацца 556 чалавек, з іх 331 беспрацоўны. Садзеянне ў забеспячэнні пастаяннай работай аказана 470 грамадзянам, у тым ліку 256 беспрацоўным. 5 беспрацоўных пачалі прадпрымальніцкую дзейнасць, ім для гэтага прадастаўлена грашовая субсідыя ў 37,9 млн. рублёў. У аплачваемых грамадскіх работах прыняў удзел 101 чалавек, у вольны ад вучобы час працавала 88 школьнікаў.

 

На нашым уліку знаходзяцца 7752 атрымальнікі пенсій, якім штомесяц выплачваецца 14,3 млрд. рублёў. На 1 студзеня гэтага года сярэдняя велічыня пенсіі складала 1740 тыс. рублёў. Штогод яна павялічваецца, своечасовую выплату забяспечваюць аддзяленні паштовай сувязі і банкаў.

 

Развіваюцца формы і метады работы з асобнымі катэгорыямі грамадзян, якія маюць патрэбу ў дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі. Аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму абслугоўвае 440 чалавек. За мінулы год іх колькасць павялічылася на 113. Сацыяльным абслугоўваннем ахоплена 95 населеных пунктаў ці 23% агульнай колькасці. Гэта самая даступная форма і эканамічна выгадная. Яна дазваляе непрацаздольным максімальна доўга знаходзіцца ў прывычным для іх асяродку. Для састарэлых і інвалідаў адкрыта аддзяленне кругласутачнага знаходжання на 30 месц.

 

Малазабяспечаным прадастаўляецца адрасная сацыяльная дапамога. Летась яна аказана 2135 чалавекам на 1860,4 млн. рублёў, у гэтым ліку штомесячная сацыяльная дапамога для 873 чалавек склала 1003,9 млн. рублёў; аднаразовую сацыяльную дапамогу атрымала 1167 жыхароў раёна на 269,4 млн. рублёў; падтрымка на набыццё падгузнікаў запатрабавалася 30 чалавекам на 64,8 мільёна; аплочаны тэхнічныя сродкі сацыяльнай рэабілітацыі 19 грамадзянам на 10 млн. рублёў; 160 дзетак першых двух гадоў жыцця забяспечаны прадуктамі харчавання, на што выдаткавана 512,3 мільёна.

 

Асноўнымі атрымальнікамі дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі з'яўляюцца сем'і, якія выхоўваюць непаўналетніх.

Уменне працаваць з людзьмі, кампетэнтнасць і адказнасць — вось галоўныя крытэрыі ацэнкі дзейнасці нашага ўпраўлення. Важнейшая яе частка—звароты насельніцтва і юрыдычных асоб. А іх за год паступіла 60 — вусных і пісьмовых. Нашы спецыялісты правялі 271 кансультацыю, разгледзелі 2516 заяў аб ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур па заяўленчаму прынцыпу "адно акно", прызначаны 592 пенсіі і дапамогі, зроблена 48 пераразлікаў. Ва ўпраўленне насельніцтва звяртаецца па пытаннях пенсійнага забеспячэння, прызначэння і выплаты дапамог на дзяцей, працаўладкавання, аказання дапамогі і надомнага абслугоўвання. У большасці выпадкаў патрабуюцца тлумачэнні.

 

З прыняццем Указа ад 25 кастрычніка 2007 г. №489 "Аб дадатковых мерах па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб" упершыню атрымаў заканадаўчае замацаванне адказ на пытанне аб тым, у якую інстанцыю неабходна спачатку накіроўвацца. У адпаведнасці з падпунктам 1.1 пункта 1 гэтага дакумента ўстаноўлена, што ўсе прапановы, заявы і скаргі, незалежна ад таго, у які дзяржаўны орган ці іншую арганізацыю яны накіраваны, першапачаткова належаць разгляду па сутнасці ў адпаведнасці з кампетэнцыяй у мясцовых выканаўчых і распарадчых органах ці падпарадкаваных (падсправаздачных) ім арганізацыях, тэрытарыяльных падраздзяленнях (органах) і арганізацыях. Такім чынам, па ўсіх пытаннях працы, заработнай платы, занятасці, пенсійнага забеспячэння і сацыяльнай падтрымкі неабходна звяртацца непасрэдна ў наша ўпраўленне. Калі аўтар акажацца незадаволеным вынікамі разгляду, ён можа абскардзіць адказ у вышэйстаячым дзяржаўным органе, а потым — у судзе.

 

Т. РЫМША,

начальнік упраўлення

па працы, занятасці і

сацыяльнай абароне.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.