Складана выправіць памылку, якую зрабіў урач. Але не менш цяжкія наступствы можа мець промах юрыста. Страшна, калі лячыць і даваць юрыдычныя кансультацыі бяруцца не прафесіяналы. На пытанні адказвае натарыус С. А. Паўлоўская.
Я пажылы чалавек, вырашыў падарыць дачцэ жылы дом. Пасля дагавора дарэння застаўся ў ім жыць. Нядаўна захацеў узяць кватарантаў, але дачка не дазваляе. Узнік канфлікт. Няўжо я не гаспадар у сваёй хаце?
— Часта бацькі імкнуцца яшчэ пры жыцці перадаць дзецям нерухомую маёмасць (жылы дом, кватэру, зямельны ўчастак), каб потым у тых не было праблем з афармленнем. Для гэтага ў натарыяльнай канторы складаюць завяшчанне або засведчваюць дагавор дарэння маёмасці. Прытым мала хто задумваецца, што яны маюць розныя прававыя наступствы.
Завяшчанне ўяўляе сабой аднабаковую здзелку па распараджэнні маёмасцю на выпадак смерці. Толькі пасля яе адбываецца ўспадкоўванне. Але яшчэ пры жыцці ўласнік маёмасці можа ёй распараджацца па сваім меркаванні: дабудоўваць і перабудоўваць, адчужаць (дарыць або прадаваць), здаваць у арэнду. Галоўнае, што згода спадчанніка, які ўказаны ў завяшчанні, не патрэбна.
Дагавор дарэння — двухбаковая здзелка па бязвыплатнай перадачы маёмасці. Пасля яе даруючы можа толькі карыстацца жылым домам на правах члена сям’і новага ўласніка, але распараджацца ім не будзе.
Год назад у мяне памёр тата. Застаўся дом, у якім я жыў разам з бацькамі. Завяшчання няма. Натарыус растлумачыў, што мы з маці з’яўляемся спадчаннікамі ў роўных долях, аднак у выніку яна атрымала 3/4 дома, а я — толькі 1/4. Чаму так?
— Пры выдачы пасведчання аб праве на спадчыну натарыус зыходзіў з таго, што памерламу належаў не цэлы дом, а толькі яго палова. Вашы бацькі набылі яго ў шлюбе (купілі або пабудавалі). А маёмасць, нажытая за гэты час, — іх агульная ўласнасць, і няважна, на каго зарэгістравана і за чые грошы куплена. Муж і жонка маюць роўныя правы ўладання, карыстання і распараджэння маёмасцю. Значыць, іх долі складалі па 1/2 дома. Таму спачатку натарыус выдаў жанчыне пасведчанне аб праве ўладання на 1/2 частку дома, а потым падзяліў долю памерлага на вас пароўну.