У апошні час паболела пытанняў у натарыяльную кантору ад грамадзян, якія з’яўляюцца саўладальнікамі жылых памяшканняў. Іх цікавіць, ці трэба пры продажы сваёй долі жыллёвай плошчы згода суседзяў і што трэба рабіць, калі такой згоды няма?
Грамадзянскі кодэкс прадугледжвае, што ў выпадку продажу долі ў праве агульнай уласнасці іншай асобе астатнія ўдзельнікі долевай уласнасці маюць пераважнае права пакупкі прадаваемай долі па цане, за якую яна прадаецца. Прадавец абавязаны пісьмова паведаміць астатнім удзельнікам долевай уласнасці аб намеры прадаць сваю долю іншай асобе з указаннем цаны і іншых умоў. Калі нехта з саўладальнікаў выкажа жаданне купіць прадаваемую долю, то ён абавязаны зрабіць гэта на працягу месяца з моманту атрымання пісьмовага паведамлення. І толькі ў выпадку адмовы ад пакупкі ўсіх саўладальнікаў можна прадаць сваю долю іншай асобе.
Калі склаліся добрасуседскія адносіны, то адмова саўладальніка ад права пераважнай пакупкі можа быць засведчана натарыусам ці непасрэдна пры афармленні дагавора куплі-продажу іншай асобе або загадзя. Калі ж зрабіць належнае афармленне адмовы аб пакупцы нельга, то варта падумаць аб магчымых доказах пасылкі своечасовага пісьмовага апавяшчэння. А гэта можа быць перадача натарыусам заявы ўдзельніка долевай уласнасці аб намеры прадаць сваю долю ў праве агульнай уласнасці іншай асобе з указаннем цаны і іншых умоў; накіраванне па пошце заказнога пісьма з паведамленнем і адзнакай “Уручыць асабіста”. Калі на працягу месяца з моманту атрымання такой заявы саўладальнік не набывае прадаваемую долю, то ён фактычна адмовіўся ад яе, яна можа быць прададзена іншаму. Калі ж удзельнік долевай уласнасці адмовіўся ад атрымання такога паштовага адпраўлення, натарыус можа засведчыць дагавор.