Не нарушайте

Сёлета былі выпадкі прыцягнення грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці за вывазку драўніны па квітанцыі-накладной на водпуск лесапрадукцыі за наяўны разлік формы КН-1 без подпісу лесніка (майстра) ці іншай матэрыяльна адказнай асобы. У гэтай сувязі Браслаўская міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету просіць насельніцтва перад вывазкай набытай і нарыхтаванай драўніны патрабаваць ад работнікаў дзяржаўнай лясной аховы належнага афармлення дакументаў.

 

Квітанцыя-накладная КН-1 запаўняецца адправіцелем у чатырох экземплярах. Першы экземпляр з’яўляецца суправаджальным дакументам для грузаатрымальніка, другі служыць падставай для водпуску лесапрадукцыі і застаецца ў матэрыяльна адказнай асобы, трэці здаецца са справаздачай структурнага падраздзялення арганізацыі лясной гаспадаркі, а чацвёрты пакідаецца лясніцтву. У гэтым дакуменце ўказваюцца найменне арганізацыі лясной гаспадаркі, яе структурнага падраздзялення (лясніцтва, дрэваапрацоўчага цэха), атрымальнік прадукцыі, падстава яе водпуску, месца знаходжання матэрыялаў (нумар абходу лесніка, нумар квартала ляснога масіву), прозвішча і ініцыялы лесніка, майстра дрэваапрацоўчага цэха, найменне прадукцыі, яе памеры, пародны склад, гатунак, адзінка вымярэння, а таксама колькасць, цана, кошт.

 

Квітанцыя-накладная выпісваецца фізічнай ці юрыдычнай асобе ў выпадку водпуску ім лесапрадукцыі за наяўны разлік з прадастаўленнем упаўнаважанай асобай даверанасці на атрыманне.

У квітанцыі-накладной КН-1 указваецца тэрмін вывазкі лесапрадукцыі. Дакумент засведчваецца подпісам дырэктара (ляснічага, начальніка цэха) і бухгалтара, замацоўваецца пячаткай. Атрымальнік распісваецца ў атрыманні дакумента.

Пры водпуску лесапрадукцыі на другім баку другога экземпляра пакупнік распісваецца ў яе атрыманні з указаннем даты, наймення прадукцыі і яе колькасці. Адначасова ляснік (майстар) ці іншая матэрыяльна адказная асоба робяць запіс аб водпуску лесапрадукцыі на першым экземпляры квітанцыі-накладной. Калі водпуск лесапрадукцыі робіцца часткова, запісы робяцца па кожнаму выпадку.

Бланкі ярлыка на вывазку лесапрадукцыі формы П-6 могуць выкарыстоўвацца толькі арганізацыямі, якія падпарадкаваны Міністрэрству лясной гаспадаркі.

 

В. БУДА,

намеснік начальніка

Браслаўскай міжрайінспекцыі.

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.