Адзінай крыніцай афіцыйнага апублікавання прававых актаў з 1 ліпеня стане Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь. Электронная форма абнародвання нарматыўных прававых актаў стала неад’емнай часткай нашага жыцця. 24 лютага былі падпісаны Дэкрэт №3 “Аб некаторых пытаннях апублікавання і ўступлення ў сілу прававых актаў Рэспублікі Беларусь” і Указ №106 “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”. Гэтыя дакументы прадугледжваюць размяшчэнне прававых актаў на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале www.pravo.by. Датай афіцыйнага апублікавання і будзе лічыцца дзень яго размяшчэння.
Акрамя таго, прававыя акты будуць друкавацца ў зборніку “Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь”, газетах “Советская Белоруссия”, “Звязда”, “Народная газета”, “Рэспубліка” і выданнях, якія вызначаюць мясцовыя Саветы, выканаўчыя і распарадчыя органы. Але гэта размяшчэнне будзе з’яўляцца неафіцыйным.
Афіцыйнае апублікаванне прававых актаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўню будзе ажыццяўляцца шляхам іх размяшчэння ў афіцыйных перыядычных друкаваных выданнях.