По правовым актам

24 лютага падпісаны Дэкрэт №3 “Аб некаторых пытаннях апублікавання і ўступлення ў сілу прававых актаў Рэспублікі Беларусь” і Указ №106 “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, якія ўступяць у сілу 1 ліпеня 2012 года.

 

У адпаведнасці з Дэкрэтам афіцыйным апублікаваннем прававых актаў, якія ўключаюцца ў Нацыянальны рэестр, з’яўляецца давядзенне гэтых прававых актаў да ўсеагульнага ведама шляхам размяшчэння іх тэкстаў на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь (www.pravo.by). Датай афіцыйнага апублікавання будзе лічыцца дата яго размяшчэння на партале, які становіцца адзінай крыніцай афіцыйнага апублікавання прававых актаў.

 

Прававыя акты будуць публікавацца ў зборніку “Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь”, выпуск якога ўскладзены на Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі. Прававыя акты таксама будуць абнародавацца ў афіцыйных перыядычных выданнях — газетах “Советская Белоруссия”, “Звязда”, “Народная газета”, “Рэспубліка” і выданнях, якія вызначаюць мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы. Але такое апублікаванне будзе з’яўляцца неафіцыйным.

 

Таксама вызначаецца парадак афіцыйнага апублікавання прававых актаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўню. Яно будзе ажыццяўляцца шляхам узнаўлення тэкстаў прававых актаў у афіцыйных перыядычных друкаваных выданнях, вызначаемых у адпаведнасці з заканадаўствам, на афіцыйных сайтах гэтых дзяржаўных органаў або на адпаведных старонках афіцыйных сайтаў вышэйстаячых дзяржаўных органаў.

 

У развіццё палажэнняў Дэкрэта, Указам афіцыйнае апублікаванне прававых актаў на партале ўскладваецца на Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі РБ. Падрыхтаваныя  ў зручным для карыстальніка  фармаце тэксты штодзённа будуць размяшчацца на партале, што дазволіць забяспечыць да іх свабодны кругласутачны доступ.

 

Вынік такой навацыі відавочны — аператыўнасць, даступнасць. Мы імкнёмся ў электронную будучыню. Чарговы крок зроблены.

 

Алег КРАЎЦОЎ,

дырэктар Нацыянальнага

цэнтра прававой інфармацыі РБ.

 

 

 

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.