Создавать и экономить

Ствараць і эканоміць

 

Старшыня райвыканкама І. В. Кузняцоў 21 снежня правёў нараду з дырэктарамі, бухгалтарамі і эканамістамі сельгасарганізацый раёна па пытаннях вытворчай і эканамічнай дзейнасці, паставіўшы перад аграрыямі няпростую задачу: з аднаго боку трэба ўмацаваць фінансавае становішча, увесці максімальны рэжым эканоміі, а з другога — забяспечыць рост вытворчасці, павышэнне зарплаты. Для станоўчага руху наперад неабходна выйсці на рэнтабельнасць вытворчасці і шукаць для гэтага любыя шляхі:  прымяненне інтэнсіўных тэхналогій, скарачэнне энерга- і рэсурсазатрат, рост прадукцыйнасці працы, павелічэнне аб’ёмаў рэалізацыі прадукцыі, павышэнне яе якасці.

 

На першым плане павінна быць і дысцыпліна. Больш строгія меры спагнання варта прымяняць і да радавых работнікаў за невыкананне працоўных абавязкаў, і да галоўных спецыялістаў, якія закрываюць вочы на ўпушчэнні, безгаспадарчасць.

Эканамічным службам сумесна з дырэкцыяй неабходна ўважліва прааналізаваць дзе губляюцца грошы, як скараціць затраты на атрыманне прадукцыі.

 

Намеснік начальніка райсельгасхарчу па эканоміцы Л. Э. Болтач указала на пралікі ў рабоце эканамістаў і бухгалтараў. Некаторыя з іх не аналізуюць стан спраў, не займаюцца прагназаваннем, нават дапускаюць памылкі пры складанні справаздач. Яна абгрунтавала неабходнасць павышэння рэнтабельнасці вытворчасці малака і мяса праз змяншэнне расходу кармоў, а ў мясцовых гаспадарках траціцца іх на атрыманне прадукцыі значна больш, чым у іншых раёнах вобласці.

 

Л. Э. Болтач гаварыла пра стварэнне новых рабочых месц, рэгістрацыю падведамных сельгаставарыствам жылых дамоў, разлік за электраэнергію.

Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання В. А. Бялько адзначыў важнасць далейшага павышэння прадукцыйнасці статка, акцэнтаваў увагу на кармленні жывёлы. У многіх сельгаставарыствах рацыёны не збалансаваны па пажыўных рэчывах. Нізкаякасныя сянаж і сілас не могуць забяспечыць высокіх надояў і прываг, таму абавязкова трэба карміць статак камбікормам, а яго купляюць не ўсе.

 

Дырэктар ААТ “Міёрскі камбікормавы завод” В. А. Паляк адзначыў, што прадпрыемства заўсёды ідзе насустрач сваім партнёрам па АПК, але папрасіў разлічвацца за атрымліваемую прадукцыю.

 

Галоўны ветурач раёна М. П. Масал занепакоены нізкай якасцю кармоў у гаспадарках, паморкам маладняку. Каб зменшыць захворваемасць статка, трэба абавязкова праводзіць вакцынацыю і вітамінізацыю жывёлы. Да гэтага часу не завершаны ў шэрагу гаспадарак рамонт памяшканняў (плёначнікаў, прафілакторыяў) для нованароджаных цялят. Пастаўлена задача завяршыць работу ў бліжэйшыя дні.

На вытворчай нарадзе адзначана, што ў шэрагу гаспадарак (ААТ “Сіцькова”, “Мікалаёўскі”, “Чэрасы”, “Любінова”, УП “Міёрскі”) не хопіць кармоў на зімоўку. Трэба прыняць меры па папаўненні іх запасаў, больш выкарыстоўваць у рацыёнах здробненую яравую салому.

 

Пачынаюцца расцёлы, растуць надоі, каб атрымаць дадатковае малако, важна забяспечыць на фермах трохразовае даенне.

Дырэктар райплемстанцыі  А. Б. Клубань паставіў задачы па ўзнаўленню статка, падкрэсліўшы, што ў стойлавы перыяд абавязкова трэба выганяць кароў у пастаўнікі — гэта спрыяе аздараўленню жывёлы і хутчэйшаму пакрыццю.

 

Дырэктар ІСКУП “УКС Міёрскага раёна” В. Ф. Падаляка і начальнік архітэктурна-планіровачнага бюро Т. Ю. Нікалаёнак далі рэкамендацыі наконт будаўніцтва жылых дамоў гаспадарчым спосабам і рэканструкцыі жывёлагадоўчых ферм.

 

У ліку першачарговых задач завяршэнне ачысткі насення ўсіх культур, навядзенне парадку на зернескладах, закуп насення канюшыны і цімафееўкі, якога не хапае для залужэння і перазалужэння пашаў і сенакосаў. Трэба прыступіць да рамонту тэхнікі.

Задачы акрэслены, а паспяховасць іх выканання залежыць ад кожнага вясковага работніка.

Эліза БЛАЖЭВІЧ.

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.