Вызначальнай якасцю свайго характару старшыня суда Міёрскага раёна Ірына ЯСКЕВІЧ лічыць упартасць. Гэтая рыса дапамагае спраўляцца з мноствам штодзённых службовых абавязкаў, граматна арганізоўваць работу, дасканала разбірацца ў дэталях учыненага злачынства ці правапарушэння. Настойлівасць у дасягненні пастаўленых мэт калісьці прывяла на юрыдычны факультэт.
Знайсці паўгадзіны для інтэрв’ю Ірыне Яскевіч няпроста. Рабочыя будні строга распісаны і часта выходзяць за вызначаныя часавыя рамкі. Чарговую працоўную раніцу пачала ў зале суда, куды прывезлі на абвяшчэнне прыгавора злачынцу.
– Учыніў крадзеж маёмасці, пакараны абмежаваннем волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, – расказвае Ірына Вячаславаўна, вярнуўшыся ў рабочы кабінет.
Доўгая чорная мантыя надае яе вобліку строгасці. Падчас гутаркі суразмоўніца адкрыта і шчыра ўсміхаецца. З грамадскім стэрэатыпам пра раўнадушша і чэрствасць суддзяў яна цалкам не згодна.
Прафесія суддзі вабіла Ірыну Яскевіч з дзяцінства. Годны прыклад быў перад вачыма – 32 гады судзейскага стажу ў таты. З іх больш за 20 узначальваў суд Верхнядзвінскага раёна. Там у 2003 годзе рабіла першыя крокі ў прафесію Ірына – выпускніца юрыдычнага факультэта Полацкага дзяржуніверсітэта.
У родным Верхнядзвінску Ірына Вячаславаўна стварыла сям’ю. З водпуску па доглядзе дзіцяці выйшла на працу ў натарыяльную кантору. Чарговая прыступка прафесійнага росту – пасада суддзі ў судзе горада Наваполацка, дзе адпрацавала пяць гадоў. Затым вярнулася дадому і сем гадоў была суддзёй суда Верхнядзвінскага раёна. З 26 кастрычніка 2020-га ўзначальвае суд на Міёршчыне.
– Умела арыентавацца ў заканадаўчай базе, – акрэслівае галоўнае прафесійнае правіла. – Усе кодэксы не вывучыш, але трэба ведаць, дзе адшукаць інфармацыю па тым ці іншым пытанні.
Важная якасць для суддзі – праніклівасць, уменне за знешнім воблікам чалавека ўбачыць яго ўнутраную сутнасць. Як заўважае суразмоўніца, гэта прыходзіць з вопытам.
Перад судом трымаюць адказ зладзеі, якіх прывабіла чужое дабро; бацькі, якія замест дзяцей аддалі перавагу алкаголю і ўладкаванню асабістага жыцця; падлеткі, што неўсвядомлена ступілі на крывую сцяжынку; сваякі, што не могуць знайсці паразумення ў справе падзелу маёмасці… Нібы парадам прахо- дзяць перад вачыма Ірыны Вячаславаўны праяўленні ценевага боку нашага жыцця. Задача суддзі – выбраць аптымальны для абодвух бакоў спосаб уладкавання спрэчкі, знайсці найлепшы варыянт вырашэння канфлікту паміж чалавекам і законам, вызначыць справядлівае пакаранне.
Кацярына РЫНКЕВІЧ.
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.
Поўную версію чытайце ў раённай газеце.