За ёлкой не в лес

За елкай не ў лес

 

За ёлкой не в лес Да навагодніх святаў Дзісенскі лясгас плануе нарыхтаваць для продажу 2500 ёлачак і пачаць іх рэалізацыю з 22 снежня.

Ірына Мікалаеўна КАЧАН, інжынер па пабочнаму карыстанню:

— Дрэўцы насельніцтву будуць прадаваць са складоў Дзісенскае, Язненскае, Міёрскае, Узмёнскае, Перабродскае і Новапагосцкае лясніцтвы. Арганізуем і выязны гандаль. Адпаведным рашэннем райвыканкама зацверджаны кропкі рэалізацыі: у Дзісне—ля філіяла швейнага прадпрыемства “Віцябчанка” і ў Міёрах — ля плошчы Загінуўшых барацьбітоў (вул Кастрычніцкая). У райцэнтр па графіку будуць дастаўляць ёлкі Узмёнскае, Перабродскае і Міёрскае лясніцтвы, а ў горад над Заходняй Дзвіной — Дзісенскае і Язненскае.

 

Штогод мы прадаём “навагодніх прыгажунь” і на рынку ў Наваполацку, дзе, дарэчы, ёсць попыт і на навагоднія букеты з хваёвых галінак.

Найбольшы аб’ём нарыхтовак дрэўцаў даведзены Міёрскаму лясніцтву — 340, столькі ж было рэалізавана тут іх і летась. А ўвогуле прадбачыць колькі будзе пакупнікоў, складана. Напрыклад, летась Язненскаму лясніцтву давялі план рэалізаваць 260 ялінак, а прадалі — 368.

 

Ада Васільеўна ШЫМАН, эканаміст:

— Несумненна, кожнага, хто не ўяўляе Калядаў і Новага года без галоўных навагодніх атрыбутаў, цікавяць цэны на ёлачкі. А каштаваць яны будуць у залежнасці ад вышыні:

да 1 метра — 18000 руб. (са складоў лясніцтваў) і 22000 руб. (у рознічным гандлі);

ад1 да 2 м — 24000 руб. (30000);

ад 2 да 3 м — 36000 руб. (50000).

Самыя танныя — навагоднія букеты з хваёвых галінак, якія можна будзе набыць за 5000 рублёў.

 

Вялікую “пераднавагоднюю спакусу” маюць сельскія жыхары, якія жывуць паблізу лесу. Сёння работнікі лясгасаў і інспектары службы аховы прыроды пераканаўча просяць усіх грамадзян не спадзявацца на “фартуну”, бо за самавольна ссечанае дрэўца давядзецца заплаціць на шмат больш, чым яна каштуе на рынку.

 

І. М. КАЧАН:

— За незаконную высечку дрэўцаў (ёлкі,сасны) у лесе 1-ай групы прадугледжаны  адміністрацыйны штраф на фізічную асобу — ад 5 да 50 базавых велічынь (адна БВ 35000 рублёў), на індывідуальных прадпрымальнікаў — ад 20 да 200 БВ, на юрыдычную асобу — ад 50 да 300. За гэтыя ж дзеянні, учыненыя ў астатніх лясах дзяржлясфонду давядзецца заплаціць фізічным асобам да 30 БВ, а ІП — ад 10 да 150, юрыдычным асобам — ад 50 да 300.

Эліза БЛАЖЭВІЧ.

 

Юрыдычныя асобы, што вядуць лясную гаспадарку, могуць ажыццяўляць нарыхтоўку елак на спецыяльна створаных плантацыях, пры правядзенні высечак догляду ў лясах, у парадку расчысткі трас, прасек, палос адводу, ліній электраперадач, а таксама на лесасеках галоўнага карыстання і суцэльных санітарных высечак, калі на іх падрост не належыць захаванню.

Пры перавозцы навагодніх дрэў неабходна мець пры сабе суправаджальныя дакументы, пацвярджаючыя пакупку.

В. БУДА,

намеснік начальніка

Браслаўскай РІ  АЖ і РС.

 

 

0 комментариев

Добавить комментарий

Информация
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.