Защищать права
gazeta 16-12-2011, 12:38 2 301 Эканоміка і праваАбараняць правы
Гарантыяй правоў спажыўца з’яўляецца дакумент аб аплаце тавару. У адпаведнасці з заканадаўствам пры яго рэалізацыі прадавец абавязаны выдаць касавы чэк, калі выкарыстоўваецца касавы суміруючы апарат. Калі разлік адбываецца без выкарыстання тэхнічных сродкаў, выдаецца квітанцыя, якой пацвярджаецца прыём наяўных грашовых сродкаў пры рэалізацыі (а таксама выкананні работ, аказанні паслуг). Форма квітанцыі зацверджана пастанаўленнем Міністэрства гандлю ад 23.08.2011 №34 “Аб мерах па рэалізацыі пастанаўлення Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 ліпеня 2011 г. № 912”.
У вышэйпералічаных дакументах прадавец абавязаны ўказаць наступную інфармацыю: поўнае найменне арганізацыі, уліковы нумар плацельшчыка, найменне тавара, колькасць, цану за адзінку, суму аплаты, дату рэалізацыі.
Прадавец мае права не выдаваць дакумент аб аплаце. Гэта магчыма, калі кошт адзінкі тавара не перавышае тры базавыя велічыні (на 10.03.2011 – 105 000 руб.) і гандаль ажыццяўляецца без касавага суміруючага апарата ў гандлёвых аб’ектах сістэмы спажыўкааперацыі, размешчаных у сельскіх населеных пунктах, дзе не больш за трох прадаўцоў, на гандлёвых месцах на рынках і кірмашах, а таксама пры разносным і развазным гандлі. Аднак, калі спажывец патрабуе дакумент аб аплаце, прадавец павінен і ў гэтых выпадках выдаць квітанцыю.
Акрамя касавага чэка і квітанцыі пацвердзіць факт аплаты тавару прадавец можа дакументам, у якім павінна змяшчацца інфармацыя аб прадаўцу і тавары. Неабходна ўказаць найменне і месца знаходжання прадаўца (юрыдычны адрас). Індывідуальны прадпрымальнік таксама павінен указаць прозвішча, імя, імя па бацьку, дадзеныя пасведчання аб дзяржрэгістрацыі (нумар, дата выдачы, кім выдадзена). Абавязкова ўказваецца найменне тавару, марка або мадэль, або артыкул, або сорт тавару (пры іх наяўнасці), кошт тавару. Пры продажы тавараў на вагу і мерных тавараў указваецца кошт за адзінку вагі, меры, аб’ёму і кошт пакупкі. Пры продажы вырабаў з каштоўных металаў і каштоўных камянёў указваецца проба, вага, цана за грам, від і характарыстыка каштоўнага камня. Таксама дакумент павінен змяшчаць інфармацыю пра ўстаноўлены гарантыйны тэрмін, калі ён не ўказаны ў іншай дакументацыі, прыкладзенай да тавару, пра наяўнасць недахопаў і дату продажу тавару.
У адпаведнасці з артыкулам №20 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абароне правоў спажыўцоў”, у тым выпадку, калі спажыўцу трапіўся тавар неналежнай якасці, а недахопы гэтай рэчы не былі агавораны прадаўцом, апошні не мае права адмовіць у задавальненні абгрунтаваных патрабаванняў спажыўца ў адносінах да набытага тавару нават у тым выпадку, калі адсутнічае дакумент, які пацвярджае факт пакупкі. Дарэчы, даказаць факт набыцця тавару можна з дапамогай спажывецкай тары (упакоўкі), дзе маюцца адзнакі, якія сведчаць, што тавар быў набыты ў адпаведнага прадаўца.
Згодна з артыкулам 28 вышэйназванага Закона патрабаванне спажыўца наконт абмену або звароту якаснага тавару павінна быць задаволена на працягу 14 дзён, калі тавар не выкарыстоўваўся пакупніком, захаваны яго спажывецкія якасці і ёсць пасведчанне набыцця тавару ў адпаведнага прадаўца.
Калі ж звесткі пра наяўнасць недахопаў былі ўказаны ў адпаведным дакуменце, то спажывец у такім выпадку не мае права заяўляць прадаўцу патрабаванні па гэтых недахопах.
Такім чынам, пацвердзіць факт пакупкі тавару можна не толькі з дапамогай касавага чэка або квітанцыі. Аднак, каб не ствараць сабе дадатковых праблем, лепш адразу патрабаваць у прадаўца неабходны дакумент і захоўваць яго “да запатрабавання”.
А. І. БАДАНІН,
намеснік старшыні
райвыканкама.
Похожие статьи
0 комментариев
Добавить комментарий
Комментировать статьи на сайте возможно только в течении 360 дней со дня публикации.