Авторизация
 

На базе Павяцкай школы прайшла прафарыентацыйная аграсубота для вучняў профільных аграрных класаў

 «Развіццё аграбізнесу на сяле. Перадавы вопыт». Так гучала тэма чарговай прафарыентацыйнай аграсуботы для вучняў профільных аграрных класаў раёна, што прайшла на базе Павяцкай школы. Старшакласнікам расказалі пра перспектывы развіцця сельскай гаспадаркі, нагадалі пра запатрабаваныя сельскагаспадарчыя спецыяльнасці і ўстановы, дзе іх можна атрымаць, азнаёмілі з вопытам паспяховага вядзення ўласнай справы ў сельскай мясцовасці.

 

Веды і навыкі атрымайце

Моладзь імкнецца ў горад. Да новых гарызонтаў і магчымасцей. Жыццё на сяле ёй здаецца сумным, аднастайным, пазбаўленым зручнасцей і перспектыў для самарэалізацыі. Паглядзець на сітуацыю пад іншым вуглом прапанавалі госці сустрэчы. У сельскай гаспадаркі ёсць заўтрашні дзень, запэўніў школьнікаў намеснік старшыні райвыканкама Валерый Драба. З яго слоў, мы стаім на парозе глабальных тэхналагічных змен. У недалёкім будучым у раёне сфарміруюць тры буйныя жывёлагадоўчыя комплексы. Даенне кароў стане справай робатаў, кіраваць якімі можна на адлегласці. Рабочых рук у сельскай гаспадарцы паменее, а патрэба ў дасведчаных і граматных спецыялістах будзе высокай.

– Проста так нічога не атрымаецца. Каб рэалізаваць сябе, трэба вучыцца, атрымліваць спецыяльныя веды і навыкі, – падкрэсліў Валерый Анатольевіч.

 

Дагаворы заключайце

Пра падтрымку выпускнікоў школ, якія паступаюць ва ўстановы сельскагаспадарчага профілю, расказала начальнік упраўлення арганізацыйна-прававой і кадравай работы Полацкага аграпрамысловага аб’яднання ААТ «Полацкі малочны камбінат» Людміла Новікава. Згодна з Указам № 70 «Аб развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці», прынятым 25 лютага 2020 года, значная ўвага надаецца падрыхтоўцы маладых кадраў і замацаванні іх на сяле. Полацкае аграпрамысловае аб’яднанне заключае мэтавыя дагаворы з навучальнымі ўстановамі і выпускнікамі школ, што дае перавагі пры паступленні і падчас навучання, гарантуе працоўнае месца пасля заканчэння вучобы. У дагаворы вызначаецца гаспадарка, дзе навучэнец будзе праходзіць практыку і атрымае першае месца працы.

 

Сельгаспрадпрыемствы, што ўваходзяць у Полацкае аграпрамысловае аб’яднанне, размяшчаюцца ў шасці раёнах, у тым ліку і ў Міёрскім. Цяпер у іх найбольш запатрабаваныя ветурачы, ветфельчары, аграномы, заатэхнікі, зоаінжынеры, тэхнікі-механікі, тэхнікі-электрыкі, трактарысты-машыністы. Паступаючы на адпаведную спецыяльнасць і заключыўшы мэтавы дагавор, навучэнец атрымлівае надбаўку да стыпендыі. Па словах Людмілы Іванаўны, для студэнтаў вну яна складае пяць базавых велічынь, у сярэдніх спецыяльных установах – чатыры, у прафтэхліцэях – адну. Пасля вучобы маладому спецыялісту не давядзецца вырашаць жыллёвае пытанне. У гаспадарцы для яго зарэзервуюць жыллё або будуць выплачваць стопрацэнтную кампенсацыю за здымнае.

 
Сваю справу пачынайце

Спецыяльныя веды і вопыт работы ў сельскай гаспадарцы могуць стаць добрым фундаментам для развіцця ўласнай справы. Як прыклад – сялянская (фермерская) гаспадарка «Дэмскі сад». Яе кіраўнік Уладзімір Кашкур мае агранамічную адукацыю, у мінулым – старшыня калгаса, цяпер – паспяховы прадпрымальнік. Яшчэ адзін накірунак бізнесу на сяле – аграэкатурызм. Як адзначыў гаспадар аграсядзібы «Жураўліная Ельня» Андрэй Літвінаў, гараджан вабіць беларуская вёска. Частыя госці на яго сядзібе – мінчане. У перыяд пандэміі каронавіруса, калі выехаць за мяжу няпроста, уікэнд на ўлонні роднай прыроды – прыемная альтэрнатыва.

 
– Беларусы, якія шмат павандравалі па свеце, цяпер спазнаюць сваю краіну. Для іх дзіва – звычайная сялянская хатка, печ і прыгатаваная ў ёй ежа. Для некаторых адпачынак у вёсцы – настальгія па дзяцінстве на сяле ў дзядулі і бабулі, – расказвае гаспадар аграсядзібы. – Гараджан, якіх прымаю ў сябе, вабіць балота Ельня. Вяртаюцца адтуль з мноствам уражанняў. Вядома, трэба аказваць турыстам гасцінны прыём, а не проста здаваць, так бы мовіць, дом у арэнду.

 

І яйкамі шчаслівых курэй частуйцеся

Пра перавагі сельскага жыцця гаварылі менеджар праекта «Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён» Алег Сівагракаў і яго сябар Мікалай Матрунчык – прыхільнік арганічнага земляробства і ўладальнік асабістай падсобнай гаспадаркі «Экафонія» у прысталіччы.
– Па адукацыі я філосаф. А кожны філосаф імкнецца знайсці формулу шчасця. Я сваю адшукаў у працы на зямлі, – заўважыў Мікалай Аляксандравіч. – Жыву ў вёсцы за 30 кіламетраў ад Мінска. Рэалізоўваю жыхарам сталіцы натуральную прадукцыю са сваёй гаспадаркі. У тым ліку каўбасы, якія сам раблю. Аднойчы знаёмыя кажуць: «Прывязі яйкі шчаслівых курэй!» – «Гэта якіх?» – «Тых, што па волі свабодна ходзяць і ў зямлі капаюцца». 

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фотаматэрыял аўтара.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 18 мая 2022
Адриан, Ирина, Яков

Именины 17 мая 2022
Иван, Исаакий, Кирилл, Климент, Леонтий, Никита, Николай, Мария, Пелагея

Госці краін

free counters
Партнеры сайта