Авторизация
 

Вынікі праваахоўнай працы прааналізавалі на пасяджэнні Міёрскага райвыканкама

 Эканамічнай бяспецы, паляпшэнню жыцця і дабрабыту людзей садзейнічае правапарадак. Таму адна з галоўных задач грамадства – яго ўмацоўваць. Стабілізаваць ці звесці да мінімуму негатыўныя праяўленні па сіле праваахоўным органам.

 

У дапамогу – суб’екты прафілактыкі. Разам праводзяць вялікую работу, якая ўключае дзейнасць каардынацыйных саветаў, разнастайных камісій, у тым ліку па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам, абследаванне сацыяльна-бытавых умоў грамадзян, нядобранадзейных сем’яў, а таксама шматлікія акцыі, рэйды, растлумачальныя мерапрыемствы, канкрэтныя абавязкі кожнай службы раёна. Вынікі сумесных намаганняў прааналізавалі на пасяджэнні райвыканкама. У яго рабоце прынялі ўдзел пракурор Міёрскага раёна Андрэй Вецюгоў, намеснік начальніка абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Сяргей Маркевіч.

 

Актывізаваліся зладзеі

З-за росту злачыннасці ў 2020-м намеснік начальніка РАУС Святаслаў Паніч назваў аператыўную абстаноўку ў раёне складанай, але падкантрольнай праваахоўным органам. Дзякуючы прынятым мерам не зафіксавана вымагальніцтваў, не ўчыняліся цяжкія цялесныя пашкоджанні, не абкрадалі гандлёвыя ўстановы дзяржаўнай уласнасці. Менш было забойстваў, разбояў. Усяго зарэгістравана 199 злачынстваў, што на 13 % больш, чым у 2019-м. Пераважаюць па лініі крымінальнага вышуку – 124 (+29). Ад усіх учыненых у раёне супрацьпраўных дзеянняў 70 % складаюць крадзяжы. Іх паболела з 66 да 87, у тым ліку ў жыллі з 21 да 49. Выйсці на след зладзеяў часам не так проста. Неўстаноўленымі засталіся падазроныя па 48 злачынствах, з якіх 38 крадзяжоў. Адсюль невысокі паказчык раскрывальнасці па лініі крымінальнага вышуку, які склаў 61 %.

 
У цэлым назіраўся рост кіберзлачынстваў, махлярстваў, хуліганстваў, супрацьпраўных дзеянняў, учыненых непаўналетнімі і пры іх саўдзеле. Аператыўная абстаноўка ўскладнілася ў сельскай мясцовасці, асабліва на тэрыторыі Узмёнскага, Міёрскага, Язненскага і Завуццеўскага сельсаветаў.

 
Учынена пяць супрацьпраўных дзеянняў, у ліку якіх крадзяжы і згон транспарта ў моладзевым асяродку. У той жа час актуальная негатыўная тэндэнцыя злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці ў адносінах да непаўналетніх. Летась выкрыты адзін такі факт, апошнія пяць гадоў яны рэгіструюцца пастаянна. Носяць латэнтны характар, таму галоўная задача цяпер – не дапусціць новых выпадкаў.

 

Дзе тонка, там і рвецца

Летась у раёне ўчынена 17 злачынстваў, звязаных з пасягальніцтвам на дзяржаўную маёмасць. Як у гаспадарках захоўваюць сельгастэхніку, падпарадкоўваюцца працоўнай і вытворчай дысцыпліне падчас вясенніх палявых работ і ўборкі ўраджаю, кантралявалі праваахоўнікі. Складзена 69 прадпісанняў з рэкамендацыямі выправіць прычыны і ўмовы, якія садзейнічаюць правапарушэнням. Аднак адрэагавалі не ўсе. Прыйшлося скласці 12 адміністрацыйных пратаколаў, найбольш у адносінах да кіраўнікоў ААТ «Любінова», «Дрыгучы» і «Мікалаёўскі». Парадак тут навялі. Аднак часта яшчэ муліць вока безгаспадарлівасць у боксах і на тэрыторыі некаторых іншых мехдвароў. Не ўсюды ёсць вартавая ахова. За неналежнае захоўванне металалому складзены чатыры адміністрацыйныя пратаколы.

 
Праз дзіркі ў агароджы, нават праз цэнтральныя вароты ў выхадны дзень лёгка пранікаць на тэрыторыю мехмайстэрні ААТ «Дрыгучы». Вось і «забралі» зламыснікі са спісанага збожжаўборачнага камбайна радыятар коштам звыш 1,2 тысячы рублёў. Рэзанансным стаў крадзеж пестыцыдаў, зерневых і бабовых культур са складскога памяшкання ААТ «Узмёнскі край» на агульную суму каля 13 тысяч рублёў. Гэта злачынства ў катэгорыі цяжкага. На працягу месяца двое пранікалі на тэрыторыю склада праз праём паміж зямлёй і ніжняй часткай варот і забіралі нажытае непасільнай працай.

 
Крадзяжу электрарухавікоў з кормацэха МТФ «Субачава» і пункта ачысткі зерня зернесушыльнага комплексу СУП «Цітова» садзейнічалі свабодны доступ і адсутнасць вартавой аховы. Пры такой халатнасці лёгка вывезці лом металаў. Зноў жа ў выніку прынятых мер парадак запанаваў далёка не паўсюль. Таму патрабаванне да кіраўнікоў навесці парадак, арганізаваць улік і кантроль металалому, а таксама запчастак са спісанай тэхнікі.

 

Карупцыя – на сяле

Два выпадкі атрымання хабару, адзін – перавышэння ўлады, чатыры крадзяжы і адно махлярства. Усяго восем карупцыйных злачынстваў выявілі летась, што на 20 менш, чым у 2019-м. Усе зафіксаваны ў аграпрамысловым комплексе. Заплямілі гонар былыя дырэктары сельгаспрадпрыемстваў.

 

Смага выпіць

Не страчвае актуальнасці праблема п’янства. Свабодны продаж, нізкая цана алкаголю не дазваляюць карэнным чынам змяніць паводзіны асобных катэгорый грамадзян. На ўліку ў наркалагічным кабінеце 428 залежных пацыентаў, 42 з якіх узяты пад кантроль летась упершыню. Пралячылі 72. Ад атручвання спіртнымі напоямі памерлі шэсць (+1 да 2019-га), у тым ліку пяць – працаздольнага ўзросту. Спадарожны дыягназ «алкагольнае ап’яненне» меў адзін з тых, хто наклаў на сябе рукі.

 
Рычагом уздзеяння на асоб са шкоднай звычкай стала накіраванне ў лячэбна-працоўны прафілакторый. Летась там пазбаўляліся шкоднай звычкі 22 чалавекі, сем з іх раней судзімыя, гэта 31 % ад накіраваных. Пралячыліся чатыры абавязаныя асобы. За распіццё спіртнога і з’яўленне ў грамадскім месцы нецвярозымі прыцягнулі да адказнасці амаль 500 грамадзян, затрымалі 75 п’яных вадзіцеляў. Адабрана каля 112 літраў фальсіфікаванай алкагольнай прадукцыі. У РАУС ад грамадзян паступілі тры паведамленні пра факты парушэння антыалкагольнага заканадаўства, ад суб’ектаў прафілактыкі ніводнага, хаця кропкі продажу спіртнога дзейнічаюць шмат дзе.

 
Суд разгледзеў 29 пратаколаў па факце незаконнага абароту алкагольнай прадукцыі, адабрана амаль 20 літраў спіртаўтрымлівальнай вадкасці, звыш 90 літраў самагону і брагі, 11 самагонных апаратаў.

 

Наркотыкам у нас не месца

У раёне застаецца падкантрольнай сітуацыя ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў. Аднак у краіне ўзровень наркапагрозы захоўваецца. Як сведчаць дадзеныя дзяржаўнай статыстыкі, летась адабралі звыш 160 кілаграмаў наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, 22 асобы на Віцебшчыне атруціліся імі. Сітуацыя азначае, што нельга губляць пільнасці.

 
Работа суб’ектаў прафілактыкі Міёршчыны выбудоўваецца на падставе патрабаванняў Дэкрэта № 6 «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў», а таксама распрацаванага комплекснага плана раённых мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку, у тым ліку ў моладзевым асяродку. Пакуль на ўліку ў псіхіятра-нарколага няма асоб, якія спажывалі наркотыкі, псіхатропныя рэчывы, іх аналагі.

 

Дарога не прабачае памылак

Летась вырасла колькасць загінулых і параненых у дарожна-транспартных здарэннях. У 12 такіх выпадках адзін чалавек загінуў, 12 атрымалі раненні. Адной з прычын трагедый стала непадпарадкаванне хуткаснаму рэжыму ў пэўных умовах дарожнага руху і парушэнне правіл пешаходамі.

 
Па-ранейшаму выязджаюць на лінію няспраўныя транспартныя сродкі, без тэхагляду. На абстаноўку дарожнага руху ўплывае і неналежны стан дарог. Не выкаранена ваджэнне ў стане алкагольнага ап’янення, летась затрымалі васьмярых. За гэта да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі 31 службовую асобу, у тым ліку шэсць – за допуск кіраваць няспраўным транспартам, 10 – за парушэнне ўтрымання дарог і вуліц.

 

Вока бачыць далёка

Забяспечваць грамадскі парадак дапамагаюць камеры відэаназірання. У дзяжурнай часці аддзела ўнутраных спраў устаноўлены тэлевізійны экран. У рэжыме анлайн на ім транслююцца сюжэты з усіх відэакамер райцэнтра. Дзяжурныя адсочваюць сітуацыю, дзякуючы гэтаму своечасова прадухілілі наступствы патасоўкі паблізу кафэ «Чайка». Стаіць задача забяспечыць камерамі відэаназірання Дзісну. Мехмайстэрні гаспадарак таксама маюць у іх патрэбу. Гэта дапаможа прадухіліць крадзяжы і своечасова выявіць зламыснікаў.

 
У заключным слове старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў звярнуў увагу на больш цеснае ўзаемадзеянне суб’ектаў прафілактыкі па папярэджанні злачыннасці. Асаблівага кантролю патрабуюць асобы, якія маюць судзімасць, у сферы сямейна-бытавых адносін. Неабходна ўзмоцнена супрацьстаяць крадзяжам, распаўсюджанню п’янства, асабліва на сяле.

 

Наталія СТАНКЕВІЧ

Фота для ілюстрацыі.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Посетители, находящиеся в группе Гости, не могут оставлять комментарии к данной публикации.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 30 января 2022
Антон, Виктор, Георгий, Иван, Павел, Савелий, Антонина

Именины 29 января 2022
Иван, Максим, Петр, Неонила

Госці краін

free counters
Партнеры сайта