У банкаўскай сферы міярчанка Людміла КАЗЮРОНАК занята больш за 15 гадоў. Сваю работу перш-наперш любіць за зносіны з людзьмі. Дапамагае кліентам зарыентавацца ў шырокім коле банкаўскіх прапаноў і скарыстацца больш зручнымі для іх варыянтамі.
Спецыяліст па продажах рознічных банкаўскіх прадуктаў. Так называецца пасада, на якой Людміла Казюронак занята ў міёрскім цэнтры банкаўскіх паслуг ААТ «ААБ «Беларусбанк». На практыцы яе дзейнасць падразумявае афармленне картак, укладаў, страховак, крэдытаў; кансультацыі кліентаў, колькасць якіх штодня налічвае па некалькі дзясяткаў.
– Толькі з наяўнымі сродкамі не працую, – удакладняе Людміла Уладзіміраўна. – Рабочае месца – адкрытае. Калі няма кліентаў, падыходжу да тых, хто стаіць у чарзе ў касу, і цікаўлюся мэтай візіту. Магчыма, іх пытанне можна вырашыць у мяне. Дапамагаю наведвальнікам правесці аперацыі праз інфакіёск.
Банкаўскі работнік заўважае, што разам са спецыяльнымі ведамі і навыкамі на рабочым месцы вельмі дарэчы камунікабельнасць, уменне выклікаць давер кліента і будаваць з ім канструктыўны дыялог. Канешне, прыемна мець справу з пазітыўна настроенымі наведвальнікамі. Між тым часам даводзіцца кагосьці супакойваць, вырашаць канфліктныя пытанні. Напрыклад, банкамат «з’еў» картку, расстроены ўладальнік спяшаецца, не ведае, што рабіць, шукае вінаватых.
– У любой сітуацыі захоўваю спакой і ветліва сустракаю кліентаў. Вітаюся, называю сваё імя і пытаюся, як звяртацца да субяседніка, – гаворыць спецыяліст. – Пагутарыш з чалавекам, растлумачыш усё, глядзіш – і настрой у яго змяніўся. Кіруюся правілам, што кожны павінен заставацца задаволеным абслугоўваннем.
Як бы ні складваўся рабочы дзень, Людміла Казюронак камфортна адчувае сябе ў прафесіі, якую выбірала свядома. Скончыла Пінскі банкаўскі каледж, вышэйшую адукацыю атрымала ў віцебскім філіяле Міжнароднага інстытута працоўных і сацыяльных адносін. Пачынала працаваць у міёрскім аддзяленні Белаграпрамбанка, апошнія сем гадоў занята ў Беларусбанку.
Ад рабочых спраў адпачывае ў коле сям’і, за хатнімі клопатамі. У прасторным доме заўсёды справа знойдзецца. Радуюць кветкі на падваконніку, летам красуюць яны ў двары. Добраўпарадкаваннем тэрыторыі займаюцца разам з мужам Аляксандрам. Рады, што вярнуўся са сталіцы ў родны гарадок сын Уладзіслаў з жонкай Ірынай і пяцігадовым унукам Жэнем. Пакуль жывуць з бацькамі, будуюць уласную кватэру. Штовечар бабуля з унукам чытаюць разам казкі.
– Нам абодвум гэта цікава, – усміхаецца Людміла Уладзіміраўна. – Увогуле люблю кнігі. Апошнім часам дзіцячыя ў цэнтры ўвагі. Класіка падабаецца, асабліва творы Рэмарка, хоць яны і складаныя па тэматыцы.
Акрамя пераезду сына мінулы год парадаваў яшчэ адной прыемнай падзеяй – летам выйшла замуж дачка Наталля.
Ладзіліся ў Людмілы Уладзіміраўны справы на рабоце. Ды і як па-іншаму, калі занята любімай справай і заўсёды падтрымлівае і дапамагае згуртаваны дружны калектыў. Штогод у першую нядзелю студзеня атрымлівае віншаванні з прафесійным святам ад родных, калег і сяброў. Прыемна ўсведамляць, што работа важная для людзей.
Кацярына РЫНКЕВІЧ
Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.