Дзясяты месяц узначальвае Міёрскі раён электрычных сетак Леанід ГРЫГАРОВІЧ. Час дастатковы, каб не толькі пазнаёміцца з новымі абавязкамі і падначаленымі, але і праявіць кіраўнічы падыход да справы. У чым яны выказаліся, паімкнуўся высветліць наш карэспандэнт.
Леанід Антонавіч, з дзейнасцю Шаркаўшчынскага РЭС Вы былі добра знаёмыя, чым ад іх адрозніваюцца электрасеткі Міёршчыны?
– Яны больш складаныя з-за прыроднага рэльефу: на Міёршчыне нямала пагоркаў, балот, лясоў. Другі момант – наяўнасць даволі буйных прадпрыемстваў, адзін узводзімы металапракатны завод чаго варты! Цяпер калектыў Міёрскага РЭС абслугоўвае восем падстанцый 35-110/10 кВ, адзін размеркавальны трансфарматарны пункт 10 кВ, 63 закрытыя трансфарматарныя падстанцыі, 436 комплексных і 136 мачтавых трансфарматарных падстанцый. Яны аб’яднаны 1 019 кіламетрамі паветраных ліній і 16-цю км кабельных напружаннем 10 кВ, непасрэдна да спажыўцоў вядуць 1 003 км паветраных ліній і 16 км кабеляў у 0,4 кВ. Што да задач энергетыкаў, то яны паўсюль аднолькавыя – надзейнае электразабеспячэнне спажыўцоў.
Хто гэтым займаецца на Міёршчыне?
– Усе тэхнічныя пытанні па арганізацыі работ у электрасетках вырашае галоўны інжынер Анатоль Ільічоў, які таксама не так даўно на гэтай пасадзе. Яшчэ адказвае за падрыхтоўку новага персаналу і падтрыманне кваліфікацыі работнікаў. Яму дапамагаюць спецыялісты вытворча-тэхнічнай групы пад кіраўніцтвам Сяргея Матэленка. Пастаянна кіруюць тэхналагічным рэжымам электрасетак раёна, клапоцяцца пра іх надзейнасць дыспетчары і электраманцёры аператыўна-выязной брыгады «з гаспадаркі» начальніка РДС Віктара Малахоўскага. Яны не толькі прафесійнае свята, але і ўсе астатнія пастаянна сустракаюць на рабочым месцы.
Высокай якасцю правядзення работ вылучаецца рамонтна-эксплуатацыйная брыгада майстра Юрыя Скамарохава. Прадукцыйнасць і працавітасць характэрны для такіх жа брыгад майстроў Васіля Дзяменцьева і Юрыя Максяева. Абслугоўванне значнай зоны забяспечвае майстар Дзісненскага апорна-эксплуатацыйнага пункта Мікалай Шаўлюга, яго намаганні станоўча і з удзячнасцю ацэньвае насельніцтва.
Умелыя кіраўнікі – маладыя майстры РЭС Дзмітрый Кукуць, Дзмітрый Андрэеў, Артур Гражэўскі. Яны поспехам прадэманструюць сваё прафесійнае майстэрства і на аглядах-конкурсах у філіяле «Глыбоцкія ЭС». Умела спраўляюцца са сваімі задачамі вадзіцелі і трактарысты майстра па эксплуатацыі і рамонце машын і механізмаў Міхаіла Грэцкага.
Для Вас прафесійнае свята ў якасці начальніка Міёрскага РЭС першае, а чым яно асаблівае для калектыву?
– Святкаваць будзем у абноўленым пасля капітальнага рамонту адміністрацыйным будынку. Сучасны выгляд набыў фасад. На ўваходзе ўстаноўлены прыбор аўтаматычнай фіксацыі часу прыходу на работу і заканчэння працоўнага дня, алкатэстар. Стэнды з патрэбнай работнікам і наведвальнікам інфармацыяй пачынаюцца з ганка, размешчаны ў вестыбюлі і калідорах. На іх аб’явы, графікі дзяжурстваў, дакументы па ахове працы і пажарнай бяспецы, паведамленні БРСМ і прафарганізацыі, звесткі пра паслугі для спажыўцоў у рамках «аднаго акна».
У будынку створаны ўсе ўмовы для камфортнай працы: у гардэробе для кожнага электраманцёра, вадзіцеля і слесара прадугледжана свая шафа на два аддзяленні; побач душавая з пастаянным гарачым водазабеспячэннем ад электраводанагравальніка; паблізу памяшканне для сушкі адзення і абутку з дзвюма электрасушыльнымі шафамі. Пакой для прыёму ежы абсталяваны кухоннай мэбляй і бытавой тэхнікай.
Пашыраны да 20 месц навучальны клас. Аснашчаны трэнажорам для аказання першай медыцынскай дапамогі, стэндамі з узорамі абаронных сродкаў, кабеляў, камутацыйных апаратаў, счапной арматуры ВЛ, плакатамі і літаратурай. Увогуле, ёсць усё неабходнае для навучання бяспечным метадам работы.
Для майстроў і электраманцёраў падрыхтаваны прасторныя кабінеты, абноўленая актавая зала ўмяшчае ўвесь калектыў. Для захоўвання дакументаў прадугледжаны архіў. У будынку заменены інжынерныя сеткі: электраправодка і лакальная камп’ютарная праводка, водаправод, ацяпленне. Прыточна-выцяжная вентыляцыя ў зімовы час аўтаматычна падае ў памяшканні падагрэтае паветра. Абноўлены памяшканні для майстэрні рамонтных месц для аўтатрактарнай тэхнікі, што знаходзяцца непасрэдна ў адміністрацыйным будынку.
На гэтым добраўпарадкаванне закончана?
– Рыхтуецца дакументацыя для капітальнага рамонту вытворчых памяшканняў. Работы будуць праводзіцца адначасова з асноўнай дзейнасцю па аператыўным абслугоўванні электрасетак, іх тэхнічным абслугоўванні, правядзенні планавых рамонтаў.
Што мяняецца для электрасетак і спажыўцоў у сувязі з чакаемым уводам у эксплуатацыю Беларускай АЭС?
– Змены ўжо пачаліся і ў раёне найперш звязаны з будаўніцтвам металапракатнага завода. Патрэбы ММПЗ у электраэнергіі забяспечвае спецыяльная падстанцыя, да прадпрыемства некалькі гадоў таму падведзена высакавольтавая лінія. Рэканструявана размеркавальнае абсталяванне 110 кВ падстанцыі 110/35/10 Міёры, наперадзе перабудова абсталявання 35 і 10 кВ. Наша арганізацыя аказвае паслугі насельніцтву па выкарыстанні электраэнергіі для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння.
Дадатковую магутнасць падстанцыі і паветраныя лініі раёна ў 10 кВ вытрымаюць, аднак іншая справа з паветранымі лініямі 0,4 кВ. Наперадзе раён электрасетак чакае абнаўленне значнай часткі з цяперашніх тысячы кіламетраў паветраных ліній нізкага напружання. Каб справіцца з новымі задачамі, шчыра жадаю ўсім работнікам Міёрскага РЭС найперш паспяховай безаварыйнай і бяспечнай работы, невычэрпнай энергіі, моцнага здароўя і дабрабыту ў сем’ях.
Прафесійнае свята мы адзначаем ра-зам з нашымі ветэранамі – тымі, хто ствараў энергетычны фундамент раёна і праз усё жыццё пранёс ганаровае і адказнае званне – энергетык. Цяпер гэтыя людзі перадаюць свае веды і ўнікальны вопыт моладзі. Мы не забываем пра іх і ў звычайныя дні, сёння – яшчэ адна нагода для ўшанавання нашых калег.
Леанід МАТЭЛЕНАК
Фотаматэрыял Казіміра БЛАЖЭВІЧА.