Авторизация
 

Натарыус Ала КАЗАК - пра працу, закон і парадак

 Вызначальнымі рысамі свайго характару Ала КАЗАК лічыць імкненне да справядлівасці і любоў да парадку. Першая якасць стала арыенцірам у выбары прафесіі і дапамагае сцвярджацца ў абранай справе, другая спадарожнічае і дома, і на рабоце. На стале натарыуса – кожная рэч на сваім месцы.

 

Трэці год Ала Казак працуе натарыусам у натарыяльнай канторы Міёрскага раёна. Дапамагае людзям вырашаць важныя юрыдычныя пытанні: кансультуе, вывучае кожную сітуацыю, афармляе здзелкі, дагаворы, пагадненні.

 
– Большая частка зваротаў звязана з пытаннямі спадчыны. Сустракаюцца складаныя выпадкі. Напрыклад, спадчыннік жадае аформіць права на жыллё, што належала яго сваякам, якіх даўно няма ў жывых. Цяпер вяду спадчынную справу з 12 удзельнікамі, – расказвае Ала Уладзіміраўна. – Падабаецца рашаць складаныя задачкі. Яны актывізуюць мозг. У прафесійных цяжкасцях бачу магчымасць самаразвіцця, удасканалення ведаў і навыкаў. Адчуваю маральнае задавальненне, калі ўдаецца вырашыць няпростыя пытанні.

 
У юрыдычную сферу Алу Уладзіміраўну прывяло жаданне справядлівасці. Скончыўшы школу, паступіла ў Віцебскі прафесійна-тэхнічны каледж. На першай ступені навучання атрымала спецыяльнасць сакратара-машыніста, на другой – юрыста. Першым працоўным месцам была школа ў родным гарадку Обаль, што ў Шумілінскім раёне. Уладкавалася сакратаром у прытулак, які дзейнічаў на базе ўстановы адукацыі. Праз год заняла аналагічную пасаду ў прыёмнай дырэктара і на палову стаўкі была занята лабарантам. Завочна працягвала вучобу на юрыдычным факультэце Полацкага дзяржуніверсітэта.

 
– Работа ў школе замацавала навыкі сакратара-машыніста, якія і цяпер вельмі дарэчы. Друкую хутка, добра валодаю метадам сляпога набору, – расказвае субяседніца. – Падчас вучобы ва ўніверсітэце праходзіла практыку ў Галоўным упраўленні юстыцыі Віцебскага аблвыканкама, пасля мне прапанавалі пасаду загадчыка архіва натарыяльнай канторы Першамайскага раёна г. Віцебска № 1. У 2008 годзе прыступіла да абавязкаў. Архіўнымі справамі займалася два гады, затым перавялі на пасаду кансультанта. Вырашала пытанні спадчыны. Атрымала значны вопыт у гэтым накірунку. Працаваць у Міёры ў ліпені 2018-га прыехала з добрым багажом прафесійных ведаў, уменняў і навыкаў.

 

Ставячы подпіс і пячатку на дакументы, натарыус усведамляе, што бярэ на сябе вялікую адказнасць. Нездарма нашы дзеянні нале-
жаць абавязковаму страхаванню. Без дагавора страхавання грамадзянскай адказнасці мы не маем права ажыццяўляць сваю дзейнасць», – адзначае Ала Уладзіміраўна.
 
Ала Уладзіміраўна падкрэслівае, што галоўная задача натарыуса – дапамагчы фізічным ці юрыдычным асобам разабрацца ў прававых аспектах натарыяльных дзеянняў, растлумачыць іх наступствы, граматна аформіць дакументы. Пад натарыяльнымі дзеяннямі маюцца на ўвазе зацвярджэнне здзелкі (у тым ліку завяшчання), пагаднення, даверанасці; выдача пасведчання аб праве на спадчыну, сведчанне сапраўднасці копій дакументаў і выпісак з іх, пацвярджэнне факта знаходжання грамадзяніна ў пэўным месцы і іншыя.

 
Абавязкова завяраць завяшчанне. Без подпісу натарыуса яно не будзе мець юрыдычнай сілы. Таксама патрабуюць абавязковага натарыяльнага пацвярджэння шлюбныя дагаворы, пагадненні аб выплаце аліментаў, дагаворы пажыццёвага ўтрымання.
На практыцы Ала Казак, акрамя вырашэння спадчынных пытанняў, завярае даверанасці, пагадненні, дагаворы куплі-продажу. Менавіта з такіх нагод звычайна звяртаюцца наведвальнікі.

 
– Практыкуем прыём па папярэднім запісе. З улікам эпідсітуацыі стараемся максімальна вырашаць пытанні па тэлефоне ці анлайн, – заўважае натарыус. – Колькасць наведвальнікаў кожны дзень розная. Бывае і па восем чалавек. Гэта шмат, калі прыняць да ўвагі, што на аднаго патрэбна мінімум паўгадзіны, а то і больш. Усё залежыць ад натарыяльнага дзеяння, за якім звяртаюцца.

 
За час працы ў Міёрах толькі аднойчы афармляла дагавор пазыкі. Заўважае, што такі дакумент патрэбны, калі пазычаеш буйную грашовую суму (кошт дагавора каля 150 рублёў, таму пры невялікіх пазычаных сумах ён наўрад ці сябе апраўдвае). Пры незвароце грошай у тэрмін на дагаворы ставіцца выканаўчы надпіс і, мінуючы суд, можна звяртацца ў органы прымусовага выканання.

 
Афармленне натарыяльных дзеянняў і пастаянныя зносіны з людзьмі разам са спецыяльнымі ведамі патрабуюць значных энергетычных затрат. Ала Уладзіміраўна аднаўляе сілы за чытаннем класічных дэтэктываў, з нядаўняга часу ходзіць на заняткі ёгай. Такі спосаб псіхалагічнай разгрузкі вельмі спадабаўся. У выхадныя наведвае маці ў Обалі ці чакае ў госці сына-студэнта Кірыла. Ён вучыцца на трэцім курсе фінансава-эканамічнага факультэта ПДУ, будзе спецыялістам у сферы лагістыкі.

 
Яшчэ адзін варыянт адпачынку – заняцца ўборкай. Парадак для Алы Уладзіміраўны – аснова асноў. І дома, і на рабоце ўсё трымае ў чысціні, раскладае па сваіх месцах.
– Калі на рабочым стале будзе хаос, я не змагу сканцэнтравацца на справах. Маё правіла: парадак на стале – парадак у галаве, – адзначае натарыус. – Увогуле на сваім працоўным месцы адчуваю сябе камфортна і ўпэўнена, люблю тое, чым займаюся.

 

Кацярына РЫНКЕВІЧ

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 14 апреля 2021
Ефим, Иван, Макар, Сергей, Мария

Именины 13 апреля 2021
Вениамин, Иван, Иннокентий, Иосиф, Анна

Госці краін

free counters
Партнеры сайта