Полацкі міжрайкамітэт спыніў супрацьпраўную дзейнасць у адной з сельгасарганізацый Глыбоцкага раёна.
Праверкай устаноўлена, што ў 2017 – 2019-ым вытворчасць малака ў арганізацыі штогод скарачалася ў выніку зніжэння колькасці кароў і выкарыстання кармоў нізкай якасці. Пры гэтым надоі павялічваліся. Як аказалася, справа ў прыпісках.
Галоўны заатэхнік і загадчыкі ферм у 2017 годзе прыпісалі звыш 300 тон прадукцыі, у 2018 – больш за 105. У дакументах указалі, што малаком выпойвалі цялят.
Зверх зацверджаных норм у 2017 – 2019 гадах неабгрунтавана спісалі на выпойванне цялят звыш 988 тон малака на суму больш за 389 тысяч рублёў. Дырэктар сельгасарганізацыі не быў у курсе, работнікаў не кантраляваў.
Больш за тое, за прыпісанае малако незаконна выплачаны заробак аператарам машыннага даення ў агульнай суме звыш 4 тысяч рублёў і пералічаны лішнія ўзносы ў дзяржаўны пазабюджэтны фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ў суме больш за 1,5 тысячы рублёў. Учыненая шкода арганізацыі склала каля 6 тысяч рублёў.
Матэрыялы праверкі разгледзелі на пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці. Выплачана ўчыненая шкода ў суме 3 тысяч рублёў. Прыняты меры па недапушчэнні падобных парушэнняў. Пытанне застаецца на кантролі.
Фота для ілюстрацыі.