Авторизация
 

Да рэнтабельнасці цяжкі крок зрабілі ў СУП "Цітова"

 Ці можа быць рэнтабельнай вытворчасць ялавічыны ў нашых умовах? Па выніках мінулага года ў краіне толькі 30 сельгаспрадпрыемстваў, трэць іх – на Брэстчыне, атрымалі прыбытак ад вырошчвання і рэалізацыі мяса буйной рагатай жывёлы. А гэта ўсяго 2,7 % гаспадарак. 

Як ідуць справы ў мясной жывёлагадоўлі на Міёршчыне? За дзевяць месяцаў сёлета вытворчасць БРЖ скарацілася да леташняга аб’ёму на 4,5 %, валавая прывага стала меншай на 5 %, хаця пры гэтым рэалізацыя статка вырасла на 5 %. Прыбаўку па асноўных паказчыках забяспечылі «Цітова», «Дрыгучы» і «Міёрскі», блізкія да гэтага былі «Туркова», «Папшулі», «Павяцце», «Чэрасы», райаграсэрвіс. Няпростая сітуацыя ў «Язне» і «Мерыцы», цяжка перажываюць узбуйненне «Пад’ельцы» і «Узмёнскі край».


Стабільна працуе ў мясной жывёлагадоўлі СУП «Цітова», дзе самыя высокія сярэднясутачныя прывагі БРЖ – 700 грамаў з пачатку года. Як атрымліваецца дабіцца такога выніку, калі дзённая прыбаўка па раёне 490 г, наколькі рэнтабельная мясная жывёлагадоўля ў самым тэхналагічным сельгаспрадпрыемстве? Расказвае намеснік дырэктара Даната Шчалкун.


– Мясны канвеер у нас разбіты на некалькі этапаў. На старце даглядчыца Наталля Разумчык прымае ў прафілакторый цялят з-пад кароў, у першыя гадзіны пасля нараджэння абавязкова поіць малодзівам. Калі ацялілася здаровая карова, сысунок атрымлівае малодзіва маці. У іншым выпадку – запасы з халадзільніка, для гэтага купілі спецыяльны апарат-размарожвальнік. Праз два – тры дні пераводзім нованароджанага на пастэрызаванае малако, пачынаем даваць камбікорм КР-1. Ветспецыялісты праводзяць прышчэпкі, апрацоўкі, вітамінізацыю. Гэты маладняк утрымліваецца ў доміках. Праца з ім самая адказная і цяжкая, бо ўсё даводзіцца рабіць уручную. Пры гэтым Наталля Андрэеўна даглядае 68 галоў пры норме 33 і забяспечыла з пачатку года сярэднясутачную прывагу ў 679 грамаў.


Потым двухмесячны маладняк паступае ў дашчанік на бяспрывязнае ўтрыманне да Наталлі Шаблоўскай і Алёны Талапіла. Ён атрымлівае ЗЦМ двойчы на дні па два літры, па два кілаграмы камбікорму КР-2 ці КР-3 у залежнасці ад узросту. Вучыцца есці сена, для яго падбіраем самае лепшае. І тут вялікая група ў 260 – 270 галоў, таксама ўдвая большая за норму. Прывага на вырошчванні па выніках за дзевяць месяцаў года – 885 грамаў. Для гэтага маладняку забяспечваем асаблівыя ўмовы ўтрымання: сочым, каб пастаянна было суха і чыста, заўсёды хапала корму. Купляем вітамінна-мінеральную дабаўку. Клапоцімся пра чысціню кармавога стала. Двойчы на тыдні трактарам выдаляем саламяны подсціл, толькі новы даводзіцца растрасаць даглядчыцам уручную.


У шасцімесячным узросце аддзяляем бычкоў, іх накіроўваем на дарошчванне на ферму «Залонецкія». Там пакуль утрымліваюцца бяспрывязна на вуліцы, але пад дахам. 112 галоў кормім сумесямі, што рыхтуе «Гаспадар», а гэта сянаж, сена, салома і камбікорм КР-3 па 2 кг на галаву. Сёлетнія прывагі ў даглядчыка Алега Францава 727 грамаў за суткі.


Кормнікаў, што дасягнулі вагі 400 і больш кілаграмаў, адпраўляем на мясакамбінат. Рэалізацыйная цана – 1 829 рублёў за тону пры сабекошце 3 074 рублі. Рэнтабельнасць ялавічыны складае мінус 56 %.


Шасцімесячных цялушачак на ферме «Цвеціна» бярэ пад сваю апеку Зоя Мяцеліца. Іх рацыён амаль такі ж, як у кормнікаў, толькі для тых, хто хутка набірае вагу, абмяжоўваем выдачу камбікорму, каб не атлусцелі, таму канцэнтраты даводзіцца раздаваць уручную і двойчы на дні.


Цялушак, якія набіраюць вагу ў 340 – 350 кілаграмаў ва ўзросце 14 – 16 месяцаў, накіроўваем на ферму «Залонецкія». Там іх пакрывае асемянатар Аляксандр Ізаітка. Да рэктальнага даследавання гэты статак даглядаюць Кацярына і Іван Казлоўскія, Сяргей Сіняўскі.


Цельных пяршачак, цяпер іх 180, утрымліваем у арачніку фермы «Субачава», дзе працуюць даглядчыкамі Мікалай Саковіч, Уладзімір Нікіцін і Анатоль Сямчонак. Пры іх дапамозе фарміруецца група для цялення і раздою. У ёй звычайна 54 галавы. Іх гаспадыняй на тры месяцы становіцца Людміла Маслоўская. Вопытны спецыяліст, адказны работнік. Ад яе старання ў многім залежаць цяленне і атрыманне здаровага прыплоду, прывыканне жывёлы да распарадку і даільнага абсталявання, а затым – рост надояў, здароўе маладой каровы, нават яе будучыня. На раздоі штораз адбіраем па 40 самых высокапрадуктыўных пяршачак для фарміравання гурта на комплекс з даільнай залай.


Так, гэта ўжо не мясны канвеер, аднак не менш важны і прыбытковы ўчастак жывёлагадоўлі.
Спецыялісты Інстытута сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі лічаць, што больш высокі ўзровень акупнасці ялавічыны забяспечваецца пры сярэднясутачных прывагах у 700 – 800 грамаў. Такія ў СУП «Цітова» маюць ці рэальна атрымаць. Пры тым па нарматывах патрабуецца, каб на тону прывагі затрачвалася 8,5 – 8,7 тоны кормаадзінак. У «Цітове» гэты паказчык 10,4 (па малацэ – 0,8). Што неабходна, каб у мясной жывёлагадоўлі калі не забяспечыць прыбытак, то хаця б наблізіцца да рэнтабельнасці?


– Адказ няпросты, бо складаемых шмат. Аднак на першым месцы кармы. Калі па колькасці іх нібы дастаткова, хаця з улікам свінакомплексу патрэбна значна больш зернефуражу, то якасць не задавальняе. Хаця і тут зрухі ёсць: рулоны сена і сенажу пачынаем загортваць у плёнку, сянаж і сілас ужо не закладваем у бурты. Сёлета пабудавалі новую траншэю, у ёй на 25 кастрычніка нарыхтавалі больш за 2 200 тон зялёнай кукурузнай масы. Аднак і пры гэтым па-сапраўднаму высакаякаснага сена, сенажу і сіласу недастаткова.


Купляем канцэнтраты, з-за недахопу свайго зерня яны дарагія. Вытрымліваецца рэцэптура на Міёрскім камбікормавым заводзе, камбікорм іншых вытворцаў можа мець менш патрэбнага пратэіну. Таму хацелася б самім рыхтаваць канцкармы, звычайна ў такім выпадку яны атрымліваюцца больш таннымі.


У выдатках значная ўдзельная вага тэхнікі, яе набыццё, рамонт і абслугоўванне, электраэнергіі, аплаты працы. Трэба ўдасканальваць кармавую базу з арыентацыяй на ўласны бялок, весці падрыхтоўку і перападрыхтоўку кадраў, укараняць сучасныя тэхналогіі.
Пералік можна і трэба працягваць, калі арыентавацца ў першую чаргу на мясной жывёлагадоўлі. Мы ж лічым больш перспектыўным малочны напрамак. Таму раней бычкоў нейкі час перадавалі на адкорм на комплекс у «Чэрасы», паступова згортваем вытворчасць свініны. У цяперашніх свінарніках хопіць месца для дойнага пагалоўя з міні-даільнай залай, бяспрывязнага ўтрымання маладняку БРЖ пры значна меншым спажыванні электраэнергіі, скарачэнні іншых выдаткаў і адначасовым павелічэнні вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі.

Фота для ілюстрацыі.

Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.

рейтинг: 
Пакінуць каментар
иконка
Каментаваць артыкулы на нашым сайце магчыма толькі ў плыні 360 дзён з дня публікацыі.
Мы ў сацыяльных сетках
Курс валют у Міёрах
Святы
Праздники БеларусиБлижайшие праздники Беларуси

Православные праздникиБлижайшие православные праздники

Католические праздникиБлижайшие католические праздники

Именины 10 мая 2021
Георгий, Иван, Иларион, Николай, Павел, Петр, Сергей, Степан, Анастасия, Мария, Семен

Именины 9 мая 2021
Василий, Иван, Николай, Петр, Степан, Глафира

Госці краін

free counters
Партнеры сайта