ПАСТАНОВАЙ райкама прафсаюза работнікаў АПК «Аб задачах прафсаюзных арганізацый па ўдзеле ў падрыхтоўцы і правядзенні ўборкі ўраджаю ў 2019 годзе» запатрабавана аказаць максімальнае садзеянне сацыяльным партнёрам у арганізацыі комплексу работ.
Прафкамы сумесна з кіраўніцтвам і спецыялістамі сельгаспрадпрыемстваў распрацавалі ўмовы матэрыяльнага і маральнага стымулявання работнікаў, занятых на ўборачнай. Штодзённа падводзяць вынікі работы і заахвочваюць пераможцаў спаборніцтва, асвятляюць і прапагандуюць перадавы вопыт у СМІ.
Абавязак старшынь прафкамаў – кантраляваць выкананне патрабаванняў па ахове працы, своечасова інструктаваць па тэхніцы бяспекі, забеспечваць работнікаў сродкамі індывідуальнай абароны, медаптэчкамі і гарачым харчаваннем. Перад кіраўнікамі і спецыялістамі неабходна ставіць пытанні допуску да эксплуатацыі толькі спраўных машын і механізмаў, арганізацыі спецыяльных месц для кароткатэрміновага адпачынку і прыёму ежы ў палявых умовах. Да кантролю за іх вырашэннем далучаць грамадскіх інспектараў па ахове працы.
У райгазеце заснавана «Дошка гонару» для перадавікоў жніва. Прадугледжана, што пераможцы сярод сельгаспрадпрыемстваў вызначаюцца па ўбранай плошчы ў працэнтах і атрыманай ураджайнасці. Для экіпажаў камбайнаў, у тым ліку маладзёжных, галоўныя паказчыкі – убраная плошча і намалот; вадзіцеляў транспартных сродкаў, асобна для маладых, на перавозцы зерня –аб’ём дастаўленага з поля збожжа; работнікаў зернесушыльных агрэгатаў – аб’ём перапрацаванага зерня.
Дыпломы і падарункі прадугледжаны для экіпажаў камбайнаў, якія першымі намалоцяць па 1000 тон зерня пры адсутнасці вытворчага траўматызму і парушэнняў працоўнай дысцыпліны.
Фота для ілюстрацыі.
Леанід ХАХЕЛЬ,
старшыня райкама прафсаюза
работнікаў АПК.