Газіфікацыя Міёршчыны працягваецца. Для таго, каб прыроднае “блакітнае паліва” трапіла ва Узмёны, нават рака Дзвіна не перашкода. Пад ёй з другога берага, ад Юсцініянава, ужо зроблены адзін “пракол” для газавай трубы, будзе і другі, рэзервовы.
Хаця аперацыя гэта няпростая, у рэчышчы нямала валуноў і камення, іншых перашкод. Агульная працягласць новага трубаправода 1,5 кіламетра, з іх 450 метраў пад ракой. Разлічваю, што сёлета ўзмёнцы парадуюцца новай зручнасці.
Такая ж перспектыва ў дзісенцаў. Паступілі сродкі дзяржаўнай падтрымкі для гарадскіх кааператываў, якія створаны яшчэ ў 2014 годзе. Для аднаго з іх, што аб’ядноўвае жыхароў вуліц Юбілейнай, Суворава, Кутузава, Кірава, Паўліка Марозава і Піянерскай, ужо вядзецца праектаванне. Заказчыкам выступае “Браслаўгаз”, работы сёлета выканае фірма “Белгазбуд”. Затым настане чарга другога кааператыва, які ахоплівае вуліцы Полацкая, Чкалава, Чапаева, Дзісенская.
Непасрэдна ў Міёрах клопат газазабеспячэнцаў звязаны з хуткім пускам металапракатнага завода, які стане самым вялікім спажыўцом “блакітнага” паліва. Таксама трэба пракласці трубапровад да дома на вуліцы Лермантава, здача якога ў эксплуатацыю запланавана на сёлетні снежань.
У планах газіфікацыі на Міёршчыне яшчэ 12 аб’ектаў. Вельмі разлічваю, што прыродны газ “дойдзе” да Павяцця, Блажкаў, Станулева. Хаця пэўныя карэктывы ў нашы намеры ўжо ўносіць перспектыва большага спажывання электрычнасці на бытавыя патрэбы ў сувязі з пускам Астравецкай АЭС. У насельніцтва з’явілася альтэрнатыва: для аддаленага спажыўца электралінію падвесці больш танна, чым пракласці трубу.
Фота для ілюстрацыі.
Канстанцін МАТЭЛЕНАК.