Аднаўленне двухпавярховага будынка былых рамбыттэхнікі і прадпрыемства па перапрацоўцы рыбы “Меркурый” на вуліцы Школьнай у райцэнтры пачалося летась. Наш карэспандэнт некалькі разоў безвынікова спрабаваў даведацца пра яго перспектывы. Нарэшце на фасадзе з’явілася вывеска “Востраў чысціні і смаку”. Дыскаунтэр. Прадукты. Тавары для дома”.
Экскурсію 27 чэрвеня пасля 18 гадзін правёў прадстаўнік уласніка Дзяніс Тараканаў. За апошні час у будынку адбыліся істотныя перамены. Унутраныя работы нават вечарам ішлі поўным ходам, аднак асноўная аддзелка завершана.
– Гэта будзе гандлёвы цэнтр “Міёры-Сіці”, – тлумачыць экскурсавод. – Яго афіцыйнае адкрыццё запланавана на другую палову ліпеня. На першым паверсе на асноўнай плошчы размесціцца “Еўраопт” з гандлёвай залай каля 380 квадратных метраў. Падобныя ўстановы гэтага гандлёвага аператара адчыняюцца ў Беларусі нярэдка, магчыма, наша будзе 800-ай. Міярчане атрымаюць магчымасць карыстацца дысконтнымі карткамі, удзельнічаць у розных акцыях і розыгрышах прызоў. Тут жа хопіць месца для “Вострава чысціні і смаку”, дзе спалучаецца рэалізацыя прадуктаў харчавання з бытавой хіміяй і таварамі для дома. Прадугледжаны плошчы для салона сувязі МТС, дзяржаўнай аптэкі. На выхадзе будуць прапаноўваць каву “на вынас”.
На другім паверсе устаноўлена шмат шкляных перагародак.
– Тут размесцяцца магазіны адной цаны, – тлумачыць гід, – а таксама салоны сувязі Велком/А1 і посуду. Пакупнікі змогуць набыць сувеніры, абутак, “электрыку” і нават тавары для жывёлы. Увогуле, “Міёры-Сіці” гэта сучаснае гандлёвае прадпрыемства з відэаназіраннем, музычным агучваннем і іншым сучасным афармленнем. Працаваць будзе да 23 гадзін штодзень без выхадных.
Словам, міярчане і госці райцэнтра, рыхтуйце кашалькі і банкаўскія карткі.
Фота аўтара.
Гутарыў Леанід МАТЭЛЕНАК.